Зігуля, Н. Каб суседства было бяспечным : [Омск Карбон Магілёў] / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2019. — 22 мая. — С. 9.
Магілёў яшчэ з савецкага часу пазіцыянаваўся як горад вялікай хіміі. І ў першую чаргу гэта было звязана з тым, што тут быў пабудаваны гігант хімічнай прамысловасці «Магілёўхімвалакно». Сёння прадпрыемства значна паменшылася ў памерах, некаторыя яго пляцоўкі наогул закрыліся, але былая прамзона ператварылася ў пляцоўку СЭЗ «Магілёў», дзе на цяперашні час дзейнічае некалькі хімічных прадпрыемстваў. Іх прысутнасць адчуваюць жыхары не толькі бліжэйшых вёсак, але нават ускраін горада. Прадпрыемствы вінавацяць не без падставы. Летась абласная пракуратура распачала крымінальную справу ў адносінах да шэрагу прадпрыемстваў СЭЗ «Магілёў» і ЖКГ Магілёўскага раёна, якіх абвінаваціла ў скідах сцёкавых вод у мясцовую рэчку Дзягцярку. Парушэнне было ліквідаванае, але горкі прысмак застаўся. А хутка на чацвёртай пляцоўцы СЭЗ запрацуе яшчэ адно прадпрыемства — «Омск Карбон Магілёў». І жыхары бліжэйшых да яго населеных пунктаў хвалююцца, наколькі бяспечным будзе гэтае суседства.
ЗАЎВАГІ ПРЫМАЮЦЦА
Летась у лістападзе на стадыі пробнага запуску «Омск Карбон Магілёў» ужо паспеў трапіць у спіс патэнцыйна небяспечных — жыхары аграгарадка Вейна паскардзіліся, што ў гэты дзень іх пасёлак накрыла сажай. Між тым прадпрыемства ўжо гатова распачаць работу на поўную магутнасць. Завод пабудаваны, у яго укладзены вялікія інвестыцыі, якія падмацавалі эканоміку вобласці. Ён збіраецца выпускаць экспартна-арыентаваную прадукцыю, на якую ёсць попыт і ў Беларусі, і за яе межамі. Але перш за ўсё трэба зрабіць, каб ад яго дзейнасці не пацярпела экалогія Магілёва. Пра гэта і ішла размова на адным з апошніх грамадскіх абмеркаванняў, дзе разглядалася ацэнка ўздзеяння прадпрыемства на навакольнае асяроддзе (АУНА). Без яе зацвярджэння прадпрыемства не мае права распачаць сваю дзейнасць. Але перад тым як трапіць на дзяржэкспертызу ў Рэс-публіканскі цэнтр пры Мінпрыродзе, дакумент павінен прайсці грамадскае абмеркаванне.
Дзе і калі яно адбудзецца, можна было даведацца з сайта Магілёўскага райвыканкама.
У будынку дома культуры аграгарадка Вейна сабраліся ўсе зацікаўленыя. Населены пункт знаходзіцца ўсяго за некалькі кіламетраў ад прадпрыемства, а менавіта чацвёртай пляцоўкі СЭЗ «Магілёў». Людзі вельмі заклапочаны такім суседствам, некаторыя жыхары прыйшлі нават з дзіцячымі каляскамі.
— Мы пераехалі сюды жыць паўтара года таму, і я вельмі хвалююся за будучыню сваіх дзяцей, — падзялілася адна з жыхарак. — Асабліва пасля таго, як убачыла тую сажу пасля пробнага запуску завода. У мяне ў зале было адчынена акно, і, калі я прыйшла з работы, цюль быў чорнага колеру. І я не змагла яго адмыць. Болей такога не здаралася, але пахі ад іншых прадпрыемстваў адчуваюцца дагэтуль. Сёння, напрыклад, быў пах гарэлых шын і смалы.
Калі завод зробіць якасныя ачышчальныя збудаванні і паставіць фільтры, якія адпавядаюць сусветным стандартам, ніхто супраць яго не будзе, — кажуць жыхары аграгарадка. Але пакуль сумняваюцца, што гэта спраўдзіцца.
ШТО РОБІЦЦА ДЛЯ ЭКАЛОГІІ
Ад прадпрыемства на грамадскае абмеркаванне прыйшлі тэхнічны дырэктар, юрыст і эколаг. У «прэзідыум» таксама ўвайшлі дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Анатоль Хішчанка, намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Мікалай Шапялевіч, прадстаўнікі праектнай арганізацыі, раённай інспекцыі і абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, адміністрацыі СЭЗ «Магілёў».
Спачатку слова бярэ тэхнічны дырэктар ІТАА «Омск Карбон Магілёў» Сяргей ЛУТАВІНАЎ, які запэўнівае, што прадпрыемства на 99,9 % бяспечнае.
— Нашы тэхналогіі адпавядаюць усім сусветным стандартам у галіне навакольнага асяроддзя, — адзначыў ён. — У прыватнасці, закуплена ўстаноўка герметычнага зліву, якая выключае верагоднасць праліву небяспечных для экалогіі прадуктаў. Мы выкарыстоўваем фільтравальную тканіну, якая дазваляе амаль цалкам улоўліваць дробныя часціцы. Вядомы расійскі вытворца кацельнага абсталявання спецыяльна зрабіў пад нашы разлікі катлы-ўтылізатары, каб утылізацыя была максімальна эфектыўная. Устаноўлена сістэма аўтаматычнага кантролю, якая бесперапынна будзе весці маніторынг выкідаў. Збіраемся павялічыць нашы трубы ў два разы — да 140 метраў. Гэта для таго, каб павялічваць зону рассейвання і звесці да мінімуму тое, што можа аказацца на зямлі.
Потым эколаг прадпрыемства па палічках раскладвае, як будзе працаваць завод, якія найбольш небяспечныя для здароўя рэчывы пры гэтым утвараюцца, як яны будуць нейтралізавацца. Паводле яго слоў, асноўныя забруджвальнікі — дыяксід серы (амаль 58 %), аксід азоту (32 %), аксіды вугляроду (7 %).
Афіцыйныя асобы сцвярджаюць, што за дзейнасцю як прамзоны СЭЗ «Магілёў», так і кожнага яго прадпрыемства паасобку вядзецца строгі кантроль.
— Створана рабочая група, у якую ўвайшлі прадстаўнікі Мінпрыроды, Магілёўскага аблвыканкама, наша-га Камітэта для маніторынгу ў раёне пляцоўкі СЭЗ «Магілёў», — паведаміў намеснік старшыні абласнога камі-тэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Канстан-цін ЦЕПЛЯКОЎ. — Інфармацыя пра экалагічны стан на 4-й пляцоўцы СЭЗ размяшчаецца ў нас на сайце, будзем перадаваць яе і ў сельскі савет. За станам атмасфернага паветра ў на-селеным пункце і на мяжы санітарна-ахоўнай зоны СЭЗ «Магілёў» сочаць лабараторыя Магілёўаблгідрамета і санслужба. Высновы на падставе аналізу выкідаў гэтых прадпрыем-стваў робіць рэспубліканскі Цэнтр аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Наладжа-ны кантроль і за сцёкавымі водамі, якія ідуць па канале ў раку Дзягцярка. Акрамя таго, Магілёўаблгідрамету ў хуткім часе будзе перададзена сістэма з васьмі аналізатараў, якія аснашчаны датчыкамі кантролю забруджваючых рэчываў. Гэтыя аналізатары будуць перадаваць інфармацыю ў рэжыме рэальнага часу.
Намеснік старшыні Магілёў-скага райвыканкама Мікалай ШАПЯЛЕВІЧ, у сваю чаргу, запэўнівае, што з боку кантралюючых органаў Магілёва і Магілёўскай вобласці будзе наладжаны пастаянны кантроль, і ўдакладняе, што зараз прадпрыемства «Омск Карбон Магілёў» актыўна працуе над тым, каб максімальна ўдасканаліць сваю сістэму ачысткі.
ПАТРЭБНА ЛАБАРАТОРЫЯ ІПАДАТАК ЗА «ШКОДНАСЦЬ»
Насельніцтва ўхваляе ўсе гэтыя крокі, але лічыць, што іх недастаткова.
— Я вывучыў усе 300 старонак АУНА і знайшоў інфармацыю, што пры ветраным надвор’і выкіды могуць дасягаць двухкіламетровай зоны ва ўсходнім кірунку, — кажа жыхар Магілёва Дзмітрый. — Гэта якраз тое самае месца, дзе мы зараз з вамі сядзім. Аграгарадок знаходзіцца, лічы, у зоне максімальна магчымага шкоднага ўздзеяння.
Спецыяліст ад прадпрыемства папраўляе, што не «зона максімальна магчымага шкоднага ўздзеяння», а «зона максімальнага ўздзеяння». Маўляў, гэта прынцыпова. І ўдакладняе, што шкоднае ўздзеянне на арганізм чалавека адбываецца пры павелічэнні канцэнтрацыі шкоднага рэчыва да найбольшай дапушчальнай (НДК), а тут усяго 0,1—0,2 ад гэтай велічыні.
Людзей хвалюе таксама, ці ўлічвалася пры распрацоўцы АУНА магчымае шкоднае ўздзеянне на экалогію суседніх прадпрыемстваў. Бо сярод рэчываў, якія ўтвараюцца падчас іх дзейнасці, ёсць такія, якія, узаемадзейнічаючы, могуць узмацняць негатыўны эфект. Той жа тэхнічны вуглярод, напрыклад, назапашвае на сваёй паверхні іншыя хімэлементы (з’яўляецца сарбентам) і становіцца яшчэ больш агрэсіўным. Былі пытанні і пра лесаахоўную паласу, якая ў свой час была знішчана, так што зараз практычна не засталося бар’еру паміж бліжэйшымі населенымі пунк-тамі і прамзонай.
— Неабходна стварыць жорсткую сістэму штодзённага кантролю за выкідамі ў атмасферу і ваду, — лічыць магілёўскі актывіст Леанід ПЛАТОНЕНКА. — Станцыя аўтаматычнага маніторынгу — гэта добра, але яна не вырашыць у комплексе пытанне з усімі гэтымі прадпрыемствамі. Яна зможа кантраляваць спектр нейкіх рэчываў, але не ўсіх. Гэта можа зрабіць толькі лабараторыя, і яна павінна быць. Інвестарам, якія размясцілі свае прадпрыемствы на гэтай тэрыторыі, краіна дала вельмі вялікія льготы і прэферэнцыі. Чаму б не разгледзець магчымасць, каб яны паклапаціліся пра нашу бяспеку і выплачвалі своеасаблівы «экалагічны» падатак? На гэтыя грошы можна было б стварыць лабараторыю і зрабіць узорна-паказальную ў экалагічным плане пляцоўку. Карысць была б не толькі для Магілёва, але і для ўсёй краіны. Але ўсё гэта спачатку трэба адрэгуляваць на заканадаўчым узроўні.
НА КАНТРОЛІ Ў ПРАКУРОРА
Пра тое, што прамзона СЭЗ «Ма-гілёў» павінна знаходзіцца пад пастаянным кантролем, кажа і Андрэй КАРАЧЭНКА, старшы памочнік пракурора Магілёўскай вобласці па наглядзе за выкананнем прыродаахоўнага закона.
— Сёлета былі два звароты ад жыхароў Магілёва і Магілёўскай вобласці па факце выкіду шкодных рэчываў прадпрыемствам «Омск Карбон Магілёў», — канстатуе спецыяліст. — Хоць перавышэнняў кан-цэнтрацыі шкодных рэчываў на мяжы аб’яднанай санітарна-ахоўнай зоны і жылой забудовы мясцовыя органы санітарнага нагляду не выявілі, Рэспубліканскі цэнтр аналітычнага кантролю ўстанавіў перавышэнне шкодных выкідаў непасрэдна на крыніцы ў 40 разоў. Згодна з дзейным прыродаахоўным заканадаўствам, для ўстанаўлення факта прычынення шкоды навакольнаму асяроддзю пробы трэба ўзяць два разы ў межах інтэрвалу 30 дзён. Пасля гэтага робіцца разлік і супастаўляецца з нарматывамі. Але ў гэтым выпадку другога разу проста не было, бо пусканаладачныя работы завяршыліся. У выніку юрыдычна факт перавышэння не быў устаноўлены і падстаў для кампенсацыі шкоды не мелася. Мы праінфармавалі Генпракуратуру і прапанавалі магчымыя варыянты ўдасканалення заканадаўства шляхам перагляду нормаў. Адзін з іх — калі няма магчымасці правесці паўторныя пробы, браць за аснову нуль. Акрамя гэтага, мы прапанавалі арганізаваць на мяжы прамысловай пляцоўкі стацыянарны аўтаматызаваны пост для кругласутачнага кантролю за як мага болей шырокім спектрам рэчываў, якія ўваходзяць у склад выкідаў. Дарэчы, прадстаўнік «Омск Карбон Магілёва» вусна выказаў гатоўнасць долевага ўдзелу ў арганізацыі такога поста. Пракуратура рэкамендуе выпрацаваць методыку нармавання пахаў у населеных пунктах. Мы адчуваем староннія пахі, якія ідуць ад прамзоны СЭЗ «Магілёў», але ніводная з лабараторый не фіксуе іх. У іншых краінах такі нарматыў ёсць. Сітуацыя на ўчастку № 4 СЭЗ «Магілёў» агаліла праблему. І мы будзем і далей кантраляваць абстаноўку на гэтай пляцоўцы.
Нэлі ЗІГУЛЯ