Гучны голас магілёўскіх пісьменнікаў

Падліпская, Т. Гучны голас магілёўскіх пісьменнікаў / Таццяна Падліпская // Магілёўскія ведамасці. — 2019. — 26 февраля. — С. 16. 

Шмат розных мерапрыемстваў, прымеркаваных да Міжнароднага дня роднай мовы, прайшло ў Магілёўскай вобласці. Як адзначыў старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Алесь Казека, на працягу тыдня праходзілі творчыя вечарыны, сустрэчы пісьменнікаў з моладдзю, паседжанні ў бібліятэках, школах… Дзень роднай мовы — асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта.

Так, абласная бібліятэка сумесна з Магілёўскім аддзяленнем ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» для чытачоў правяла літаратурны марафон «Песня роднай зямлі». На свяце прысутнічалі людзі самага рознага ўзросту і прафесій. Асабліва шмат было моладзі. У мерапрыемстве прыняла ўдзел намеснік начальніка ўпраўлення па рабоце са СМІ і моладзевай палітыцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Таццяна Меньшыкава. Таццяна Фёдараўна адзначыла каларытнасць і яскравасць беларускай мовы, заклікала часцей яе выкарыстоўваць, а таксама ўручыла Ганаровую грамату пісьменніцы Вользе Малянковай-Куляшовай.

Сёлета значна павялічылася колькасць пісьменнікаў, якія былі задзейнічаны на святах, прымеркаваных да Дня роднай мовы. Прынялі ўдзел у Тыдні роднай мовы Мікола Мінчанка з Клімавіч, Наталля Ніканчук (Горацкі раён), Мікола Салаўцоў (Чавускі раён), Мікола Леўчанка (Быхаўскі раён), Апяксандр Балдоўскі (Крычаўскі раён) і жыхары Магілёва — Марына Сліўко, Віктар Арцем’еў, Вольга Малянкова-Куляшова, Уладзімір Ясеў, Валянціна Габрусева, Алёна Беланожка, Вольга Бялова і інш., — расказвае старшыня Магілёўскага абласнога, аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Казека. — Яны не толькі чыталі свае вершы, а і вялі гутарку з дзецьмі пра Радзіму, любоў да роднага краю, пра неабходнасць вывучэння беларускай мовы… Упэўнены, што такія мерапрыемствы не праходзяць дарэмна: яны ўзбагачаюць вучняў, заклікаюць іх часцей карыстацца родным словам у паўсядзённым жыцці, актывізуюць грамадзянскую пазіцыю, — запэўнівае Алесь Мікалаевіч. — Радуе, што зараз усё гучней гучыць голас магілёўскіх пісьменнікаў як у горадзе і вобласці, так і па ўсёй нашай роднай Беларусі і за яе межамі. Адна з нашых галоўных задач на сёння — адшукваць і браць пад сваё крыло маладыя таленты, рыхтаваць годную змену. Пісьменнікі Магілёўшчыны прымаюць актыўны ўдзел у гучных міжнародных, рэспубліканскіх і абласных мерапрыемствах, праслаўляючы родны край у яскравых імпрэзах і літаратурных марафон’ах. I значную дапамогу нам у гэтым накірунку аказвае аблвыканкам. Упэўнены, што на вуліцах горада часцей будзе гучаць мілагучная беларуская мова.

Таццяна ПАДЛІПСКАЯ.