Сінькевіч, Г. На адной хвалі з вучнямі : [настаўніца англійскай мовы МГОЛ № 1 В. А. Шляхціч] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2019. — 22 жніўня. — С. 5.
Добры настаўнік сёння — гэта не проста прафесіянал, які дае дзецям веды. Сучасны педагог павінен быць неабыякавым да дзіцячых лёсаў, быць для вучняў памочнікам, гатовым, калі трэба, даць слушную жыццёвую параду. Такога меркавання прытрымліваецца ў сваёй дзейнасці настаўніца англійскай мовы Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Вікторыя Анатольеўна Шляхціч.
Вікторыя Анатольеўна ў педагогіцы ўжо больш за дваццаць гадоў. Увесь гэты час яна займаецца любімай справай, справай, да якой ляжыць душа.
— У гэтым мне сапраўды пашанцавала. Хоць я і не імкнулася да настаўніцкай працы, не марыла стаць педагогам. Перад заканчэннем школы выбірала будучую прафесію метадам ад адваротнага. Інжынерам быць не хацела, доктарам — не хацела, тэхнолагам, юрыстам і эканамістам — таксама. У полі зроку застаўся педагагічны інстытут. Прыняўшы рашэнне наконт педагогікі, доўга не магла вызначыцца з профілем. На правільны шлях мяне накіравала мая школьная настаўніца англійскай мовы Тамара Васільеўна Дарашкова. І я ніколькі не шкадую аб тым выбары, — гаворыць В.А.Шляхціч.
Час вучобы ў Магілёўскім філіяле Мінскага дзяржаўнага інстытута замежных моў праляцеў для В.А.Шляхціч незаўважна. Ды і нядзіўна, бо ўжо з першага курса яна стала выкладаць.
— Маё першае працоўнае месца — родная школа № 18 Магілёва. Але ў працоўнай кніжцы няма запісу аб рабоце там. Я была першакурсніцай і ў пачатку восені сустрэлася са сваёй настаўніцай англійскай мовы Святланай Георгіеўнай Кірыленка. Яна папрасіла ўзяць хаця б пару класаў у другую змену. Стаялі 90-я, быў востры недахоп настаўнікаў замежных моў, людзі працавалі ў дзве змены, класы былі перапоўненыя. Мае аргументы, што я методыцы яшчэ не навучаная, што я не ўмею, не ведаю ды і ўвогуле баюся, былі адхілены. Так увесь першы курс я працавала на паўстаўкі. У мяне былі тры шостыя класы. У кожным — больш за сорак вучняў. Да ўрокаў рыхтавалася па начах, было цяжка, але я атрымала бясцэнны вопыт, — успамінае В.А.Шляхціч.
Адной з галоўных мэт стварэння рэгіянальных філіялаў Мінскага дзяржаўнага інстытута замежных моў было імкненне забяспечыць настаўнікамі сельскія школы. Таму асноўную частку адукацыі В.А.Шляхціч атрымлівала завочна, адначасова працуючы ў Буйніцкай сярэдняй школе Магілёўскага раёна. На выпускным курсе інстытута Вікторыя Анатольеўна перайшла на работу ў Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 1 і ўжо больш за два дзесяцігоддзі выкладае англійскую мову навучэнцам гэтай установы.
За гэтыя гады яна выпрацавала свае методыкі эфектыўнага навучання. У іх аснове — інтэрактыўныя метады. Менавіта іх прымяненне дазваляе спалучаць калектыўныя, групавыя і індывідуальныя формы работы, павялічваючы час маўленчай актыўнасці кожнага вучня і павышаючы выніковасць міжвольнага запамінання.
— Таксама мне вельмі падабаецца метад шасці капелюшоў Эдварда дэ Бона. Ідэя метаду заключаецца ў падзеле розных тыпаў мыслення: крытычнага, эмацыянальнага і іншых. Для гэтай работы падыходзяць менавіта капелюшы, бо капялюш апранаецца на галаву, пры гэтым яго лёгка адзець і лёгка зняць. Мяняючы капялюш, удзельнікі мяняюць спосаб мыслення. Выкарыстанне гэтага метаду спрыяе фарміраванню не толькі маўленчай, моўнай, сацыякультурнай кампетэнцый, але і развіццю аналітычнага мыслення, умення слухаць і назіраць, узаемадзейнічаць, — адзначыла В.А.Шляхціч.
У ліцэй прыходзяць матываваныя на вучобу і зацікаўленыя пэўным прадметам навучэнцы. Таму на сваіх занятках Вікторыя Анатольеўна рознымі спосабамі імкнецца не даць згаснуць гэтай цікавасці дзяцей да вывучэння англійскай мовы. Адным дзецям яна паказвае неверагодную асалоду ад разумення тэкстаў у арыгінале без неабходнасці спадзявацца на суб’ектыўнае ўспрыманне і прафесіяналізм перакладчыка, другім прагматычна тлумачыць перспектывы, якія адкрывае свабоднае валоданне замежнай мовай. Вельмі важным для паспяховага навучання яна лічыць кантакт настаўніка з вучнямі. Па магчымасці стараецца сустракацца з дзецьмі ў пазаўрочны час.
— У ходзе такіх сустрэч адкрываюцца новыя нечаканыя грані асобы вучняў, іх таленты і здольнасці, якія не заўсёды ўбачыш падчас урока, — заўважае В.А.Шляхціч.
Асаблівае месца ў педагагічнай дзейнасці Вікторыі Анатольеўны займае работа з адоранымі навучэнцамі. Да кожнага таленавітага вучня яна імкнецца знайсці падыход, з кожным займаецца па індывідуальнай сістэме.
— Мае вучні — пераможцы рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару, заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове. Аднак гэта не азначае, што ёсць нейкі ўніверсальны рэцэпт, гэтакі сакрэт, як каваць пераможцаў. Я не Урфін Джус, а дзеці не драўляныя салдаты. Яны ўсе розныя. Той шлях, што спрацаваў аднойчы, не абавязкова прывядзе да такога ж выніку з іншым навучэнцам. Стыль працы з кожным розны. Аднаму вучню больш камфортна працаваць дыстанцыйна, атрымаць заданні, даслаць на праверку, потым падысці з пытаннямі і ўдакладненнямі, а іншаму надзейней рыхтавацца локаць да локця, калі настаўнік заўсёды побач. Віды работы з кожным навучэнцам таксама розныя: камусьці граматыку адшліфаваць трэба, а хтосьці ў вусным маўленні завісае пасярод выказвання, як няспраўная ракета на арбіце. Так што, кожнаму — па патрэбах. Але ёсць і адзіны падыход. Заўсёды падрыхтоўка да конкурсаў і алімпіяд — гэта камандная праца настаўніка і вучня. І тут вельмі важныя добрыя асобасныя адносіны, інакш перамогі не дасягнуць, — падкрэсліла В.А.Шляхціч.
Падыходы Вікторыі Анатольеўны да раскрыцця юных талентаў прыносяць адпаведны вынік. Акрамя неаднаразовых перамог на заключных этапах рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару, Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове, яе вучні — дыпламанты конкурсаў прамоўніцкага майстэрства, алімпіяд пры беларускіх УВА. Нямала ў В.А.Шляхціч і асабістых працоўных дасягненняў. Яна з’яўляецца выдатнікам адукацыі, не раз узнагароджана ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі і мясцовых выканаўчых улад, а таксама пераможнымі дыпломамі ў конкурсах педагагічнага майстэрства. Але, нягледзячы на ўсе прафесійныя дасягненні, яна па-ранейшаму імкнецца да развіцця. Імкнецца ісці ў нагу з часам, быць на адной хвалі са сваімі вучнямі. Бо, каб матываваць на поспехі дзяцей, педагог павінен умець дасягаць іх сам.
Ганна СІНЬКЕВІЧ