Да устойлівага развіцця — праз поспехі кожнага

Сінькевіч, Г. Да устойлівага развіцця — праз поспехі кожнага : [сш № 28 Магілёва] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2019. — 29 кастрычніка. — С. 9.

У Магілёўскай вобласці зацверджана канцэпцыя стратэгіі ўстойлівага развіцця на наступныя гады. Сістэма адукацыі вызначана ў ёй адным з важных напрамкаў. Але як інтэграваць гэты дакумент у функцыянаванне навучальных устаноў? У кожнай навучальнай установе выбіраюць свой шлях. І адметна, што ўсе траекторыі аднолькава паспяховыя. Так, у сярэдняй школе № 28 Магілёва канцэпцыю адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця рэалізоўваюць праз стварэнне сітуацыі поспеху для кожнага вучня, яго асобасны рост і падрыхтоўку да паўнавартаснага ўдзелу ў жыцці грамадства.

— Мы імкнёмся стварыць такія ўмовы для фарміравання асобасных каштоўнасцей, якія заснаваны на адказнасці кожнага за стан навакольнага асяроддзя, за магчымасць будучых пакаленняў жыць у спрыяльных умовах. Як мы рэалізоўваем канцэпцыю ўстойлівага развіцця? Па-першае, гэта самастойная адукацыйная дзейнасць навучэнцаў, а не пасіўнае авалоданне ведамі. Па-другое, цесная сувязь навучання з жыццём. Актыўнае выкарыстанне кампетэнтнаснага падыходу дазваляе кожнаму вучню дакладна ўсвядоміць, дзе і якім чынам атрыманыя веды могуць быць выкарыстаны ім на практыцы. Ад адукацыі на ўсё жыццё мы імкнёмся перайсці да адукацыі праз усё жыццё, — расказала дырэктар школы А.А.Івашнёва.

Паводле яе слоў, сёння 28-я школа — гэта адзіная адукацыйная прастора “педагогі — вучні — бацькі — знешнія парт­нёры”, у якой усе элементы ўзаемазвязаны. Педагогі, выкарыстоўваючы актыўныя метады навучання і выхавання, спрыя­юць трансфармацыі навучэнцаў з пасіўных слухачоў у актыўных удзельнікаў сацыяльных ініцыя­тыў. Прыцягненне вучняў да сацыяльна значнай дзейнасці дазваляе змяніць іх прынцып жыцця з “так хачу” на “так трэба”. Праз навучэнцаў да сумеснай сацыяльна актыўнай дзейнасці далучаюцца бацькі, што павышае іх зацікаўленасць у выніках адукацыйнага працэсу. А знешнія партнёры дапамагаюць педагогам і навучэнцам сваімі актыўнымі дзеяннямі ў лепшы бок мяняць навакольнае асяроддзе.

— Наша школа на працягу 8 гадоў рэалізоўвае інавацыйныя праекты, накіраваныя на стварэнне адукацыйнай практыкі ў інтарэсах устойлівага развіцця. Мы падтрымліваем дзіцячыя сацыяльна значныя ініцыятывы, далучаем вучняў да даследчай дзейнасці. У нас функцыяну­юць таварыствы “Разумнікі і разумніцы”, “Даследчык”, а таксама адзіная ў Магілёўскай вобласці астранамічная пляцоўка. Актыўная работа таксама наладжана з бацькоўскай грамадскасцю і соцыумам. Акцэнт у рабоце робім на захаванне нацыянальных беларускіх традыцый, чаму вельмі спрыяе наш школьны музей, — адзначыла А.А.Івашнёва.

Арганізацыя работы ўстановы ў адпаведнасці з Мэтамі ў­стойлівага развіцця істотна павышае самаацэнку вучняў, іх вучэбную матывацыю. Паспяховасць вучняў праяўляецца ў іх выніковым удзеле ў конкурсным руху. Толькі за мінулы год навучэнцы заваявалі звыш 200 пераможных дыпломаў на розных інтэлектуальных, творчых і спартыўных конкурсах. Дасягнуўшы пэўных вынікаў, адміністрацыя не спыняецца ва ўдасканаленні функцыянавання навучальнай установы. Тут імкнуцца не проста даваць дзецям пэўныя веды, тут дапамагаюць навучэнцам набываць тыя ўменні, якія дазволяць ім у будучыні самастойна прымаць рашэнні, накіраваныя на паляпшэнне якасці жыцця і роднага рэгіёна, і краіны ў цэлым.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлены ўстановай адукацыі.