Да сяброўства — праз алімпіяду

Сінькевіч, Г. Да сяброўства — праз алімпіяду : [заключны этап алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць»] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2019. — 29 кастрычніка. — С. 3. 

Горад на Дняпры аб’яднаў разам звыш 190 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі дзвюх краін, якія прайшлі рэгіянальныя адборы. Удзел у заключным этапе алімпіяды прымаюць 32 каманды. Гэта юныя інтэлекту-алы, якія прадстаўляюць 23 расійскія рэгіёны, а таксама навучэнцы з усіх абласцей Беларусі, Мінска (у тым ліку Ліцэя БДУ).

Учора адбылося ўрачыстае адкрыццё алімпіяды. Прывітальнае слова яе ўдзельнікам накіраваў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка.

“Алімпіяда школьнікаў Саюзнай дзяржавы — унікальнае спаборніцтва для тых, хто любіць рускую мову і літаратуру, шануе традыцыі і гісторыю нашых народаў, разумее важнасць і каштоўнасць духоўнай роднасці і брацкай дружбы, якія не адно стагоддзе звязваюць нашы славянскія народы. Удзел у гэтых інтэлектуальных спаборніцтвах — не толькі вялікі гонар, але і вялікая адказнасць для кож-нага навучэнца, які прадстаўляе сваю школу, сваю краіну. Упэўнены, што імкненне рэалізаваць сябе ў інтэлектуальнай і творчай дзейнасці, навуковых даследаваннях дазволіць вам быць запатрабаванымі грамадствам, а ваш поспех будзе спрыяць павышэнню канкурэнтаздольнасці айчыннай адукацыі. Выказваю словы падзякі настаўнікам юных талентаў за самаадданую працу, веру ў сваіх выхаванцаў, падтрымку ў грамадзянскім станаўленні асобы. Ад усёй душы жадаю ўсім удзельнікам праявіць сябе, прадэманстраваць свае здольнасці, выступіць годна і набыць новых сяброў. I няхай правядзенне такіх сумесных мерапрыемстваў спрыяе далейшаму ўмацаванню дружбы, узаемаразумення паміж нашымі народамі, фарміраванню агульнай культурней прасторы”.

З прывітальнымі словамі да школьнікаў дзвюх краін звярталіся таксама іншыя шматлікія ганаровыя гocцi. Добрым зачынам на наступныя спаборніцтвы стала цудоўная канцэртная праграма.

Алімпіяда школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” праводзіцца з 2004 года. Арганізатары інтэлектуальных спаборніцтваў — Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі. Сёння алімпіяда — адзін з самых маштабных і значных маладзёжных праектаў Саюзнай дзяржавы. Яна накіравана на ўмацаванне сяброўскіх сувязей беларускай і расійскай моладзі, вывучэнне гістарычнай і культурнай спадчыны Расіі і Беларусі, распаўсюджванне ведаў аб рускай мове, аб месцы рускай культуры і літаратуры ў сусветнай прасторы.

Сёлета алімпіяда праводзіцца чатырнаццаты раз. Упершыню ўдзельнікаў сустракае Магілёў. У праграму правядзення заключнага этапу ўключаны два абавязковыя туры: напісанне сачынення і выкананне комплекснай работы па рускай мове і літаратуры. Для ўдзельнікаў прадугледжаны таксама творчыя конкурсы рытарычнага майстэрства, выразнага чытання і лінгвістычная віктарына. Акрамя таго, для іх запланавана культурна-экскурсійная праграма.