Творцы зверылі гадзіннікі

Стэльмах, А. Творцы зверылі гадзіннікі : [Пленум Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы] / Алена Стэльмах // Літаратура і мастацтва. — 2019. — 11 кастрычніка. — С. 2. 

Знакавай падзеяй у міжкультурным дыялогу Беларусі і Расіі стаў Пленум Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, які прайшоў у Магілёве гэтымі днямі. Галоўная тэма — роля літаратуры ў станаўленні Саюзнай дзяржавы.

Саюз пісьменікаў Саюзнай дзяржавы быў створаны ў снежні 2009 года. Грамадская арганізацыя аб’ядноўвае тысячу творцаў — найлепшыя літаратурныя сілы дзвюх дзяржаў, спрыяе ўзаема-разуменню, умацаванню сяброўскіх сувязяў паміж народамі.

Акурат да сустрэчы ў Магілёве расійскім бокам быў падрыхтаваны спецыяльны выпуск альманаха «Дзень літаратуры», складзены з твораў беларускіх і расійскіх аўтараў. Яшчэ адно пацвярджэнне таго, што сучасныя творцы, працягваючы найлепшыя традыцыі рускай і беларускай нацыянальных літаратур, звяртаюцца да гістарычных вытокаў Беларусі і Расіі, паказваюць іх важнасць ва ўмацаванні Саюзнай дзяржавы. Пісьменнікі прысвячаюць свае творы асэнсаванню тэндэн-цый сучаснага свету з пагрозамі і супярэчнасцямі. Асаблівая трывога — менш чытаюць дзеці і падлеткі. Кніга — неад’емны складнік фарміравання асобы, прыярытэтны напрамак у культурнай і адукацыйнай палітыцы дзяржавы. Гэта падкрэслівалася і ў выступлениях сустаршынь Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца і старшыні Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалая Іванова. Выступоўцы звярталіся і да тэмы, пазначанай чырвоным радком ва ўсёй рабоце пленума, — тэмы Вялікай Айчыннай вайны.

Пытанне, якое не губляе актуальнасці, — патрыятычнае выхаванне моладзі, захаванне гістарычнай памяці, беражлівага стаўлення да спадчыны. Пісьменнікі лічаць сваім святым абавязкам расказачь аб усіх невядомых старонках Вялікай Айчыннай вайны. Слова пісьменніка заклікана несці праўду. Пісьменніцкую грамадскасць абураюць факты, калі падзеі адной з самых крывавых на зямлі войнаў падвяргаюць рэвізіі, фальсіфікуюць, здзяйсняюць спробы абельвання фашызму. У некаторых краінах Еўропы — здзек з помнікаў! I гэта пры тым, што СССР вызваліў ад фашызму Еўропу!

Літаратары Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы маюць намер актывізаваць дзейнасць з тым, каб увекавечыць подзвігі абаронцаў Айчыны, паказаць агульны ўклад у Перамогу, ролю якой прынізіць не мае права ніхто. Любоў да Радзімы, важкасць духоўных каштоўнасцей і маральных якасцей — гэтаму вучаць патрыятычныя творы пісьменнікаў.

Вельмі кранальным момантам для творцаў стала наведванне Буйніцкага поля — свяшчэннага месца салдацкай славы. Усё ўбачанае, адчутае выклікала моцныя эмоцыі і, безумоўна, падштурхне да напісання новых твораў.

Пабывалі ў Бялынічах, дзе ў наступным годзе пройдзе Дзень беларускага пісьменства. Расійскія літаратары засталіся ў захапленні ад Шклова. Далей — змястоўная экскурсія па г. Магілёве, гасцінны прыём і размяшчэнне ў Магілёўскім прафесійным агралесатэхнічным каледжы імя К. П. Арлоўскага. Пазнавальнымі для літаратараў сталі экскурсіі на ААТ «Бабуліна крынка» і ААТ «Магілёўліфтмаш». Пісьменнікі ўбачылі Беларусь з розных бакоў, змаглі пераканацца ў тым, як беражліва мы ставімся да гісторыі, захоўваем памяць, як будуем новую сучасную краіну.

Важная для пісьменніцкай супольнасці Беларусі і Расіі падзея адбылася пры падтрымцы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік Адміністрацыі Наталля Качанава накіравала ўдзельнікам пленума прывітальны адрас, дзе сказана пра ролю і значнасць слова пісьменніка для ўмацавання асноў дзяржавы. Удзел у рабоце пленума ўзялі міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч і намеснік міністра Ігар Бузоўскі, кіраўнік Апарату Грамадскай Палаты Саюзнай дзяржавы Аляксандр Алынэўскі.

За два дні работы пленума пісьменнікі выпрацавалі далейшую стратэгію дзейнасці міжнароднага творчвга саюза.

Алена СТЭЛЬМАХ