Бунцэвіч, Н. Адрас любві — Беларусь : [кампазітар У. Браілоўскі] / Надзея Бунцэвіч // Культура. — 2019. — 7 снежня. — С. 3.
Карэнны масквіч, ён скончыў тамтэйшую кансерваторыю і паехаў па размеркаванні ў Кіргізію, дзе жыў і працаваў усе 1970-я. А ў 1980-м патрапіў у Магілёў, апантаны жаданнем ператварыць гэты горад у яшчэ адну музычную сталіцу Беларусі. Геаграфія яго жыццёвых вандровак знайшла адлюстраванне і ў творчасці, і, адпаведна, у цяперашняй вечарыне, якая так і называлася — “Музычнае падарожжа”. Сярод твораў розных жанраў былі дзве сусветныя прэм’еры, прычым буйной формы. Пра ўсё гэта і многае іншае расказала вядучая — лектар-музыказнаўца Вольга Брылон.
Сімфонія “Успаміны пра Кіргізію”, якая складаецца з чатырох частак, вабіла не толькі магутным гучаннем аркестра, яркімі каларыстычнымі замалёўкамі, дакладнасцю драматургіі, але і адметнымі музычнымі сувязямі розных нацыянальных культур. Яшчэ адной прэм’ерай канцэрт распачаўся: прагучала Сюіта “У яўрэйскім мястэчку” для струннага аркестра, фартэпіяна і ўдарных. Кожная з яе сямі частак адпавядала пэўнаму дню тыдня, пачынаючы з нядзелі. Таму фіналам стаў святочны “Шабат”. Пакладзены ў аснову сюіты старадаўні яўрэйскі фальклор набыў сапраўдны сімфанічны разгорт і, у некаторых частках, трагедыйнае ўвасабленне.
Другая частка канцэрта, які ішоў без перапрынку, утрымлівала эстрадна-сімфанічныя кампазіцыі, музыку да спектакляў. У песнях і рамансах, пераважна лірыка-патрыятычных, саліравалі знаныя оперныя зоркі Ніна Шарубіна, Уладзімір Пятроў, а таксама артыстка Магілёўскай філармоніі, лаўрэат міжнародных конкурсаў Наталля Цямрук. Накцюрн “В Нескучном саду” з яго эстрадна-сімфанічным ухілам (сола фартэпіяна — Аляксандр Данілаў, якому падуладны ўсе стылёвыя кірункі) стаўся рамантычным успамінам пра Маскву — горад дзяцінства і вучобы кампазітара. Завяршылася вечарына “Іспанскай сюітай” з пяці частак, створанай з музыкі да спектаклю “Дон Хіль Зялёныя штаны”.
Публіка нанова адкрыла для сябе імя Уладзіміра Браілоўскага — як выдатнага кампазітара-прафесіянала з моцнай школай, добрым веданнем аркестра. Як майстра разнастайных тэмбравых спалучэнняў, інструментальных падгалоскаў, а галоўнае — яркіх музычных вобразаў. Усе былі перакананы: такая музыка павінна гучаць часцей! Невыпадкова музыканты рыхтуюць запіс гэтых твораў, прыдатных і для выхаду ў эфір, і для прыватнага выкарыстання.
Падзяліцца |