Да духоўнага выхавання — разам

Сінькевіч, Г. Да духоўнага выхавання — разам : [абласныя Свята-Георгіеўскія агульнаадукацыйныя чытанні] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2019. — 24 снежня. — С. 17.

У Магілёве прайшлі абласныя Свята-Георгіеўскія агульнаадукацыйныя чытанні.

Мерапрыемства ўжо традыцыйна праводзяць Магілёўскае епархіяльнае ўпраўленне сумесна з галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама і рэгіянальным інстытутам развіцця адукацыі. Мэтай з’яўляецца кансалідацыя намаганняў рэлігійных і адукацыйных устаноў у справе духоўна-маральнага выхавання дзяцей і моладзі.

У рамках мерапрыемства прайшлі разнастайныя тэматычныя пасяджэнні, семінары, круглыя сталы “Сучасная адукацыя і традыцыйныя праваслаўныя каштоўнасці”, “Нядзельная школа: вопыт працы і перспектывы развіцця”, “Кніга і чытанне як духоўная спадчына праваслаўя ў культуры і гісторыі беларускага народа”. Была арганізавана таксама маладзёжная канферэнцыя “Духоўнасць. Моладзь. Ініцыятыва” і ўрачыстаць з нагоды ўзнагароджання пераможцаў рэгіянальнага этапу Міжнароднага конкурсу дзіцячай творчасці “Прыгажосць Божага свету”.

Асноўнымі слухачамі чытанняў сталі педагагічныя работнікі з розных раёнаў вобласці. Тэмы падчас шматлікіх мерапрыемстваў былі закрануты самыя надзённыя. Удзельнікі падрабязна абмеркавалі ролю бібліятэк, краязнаўчых гурткоў у фарміраванні духоўнасці, патрыятызму моладзі, даведаліся шмат малавядомых фактаў з гісторыі жыцця святых.

Духоўна-маральнае выхаванне моладзі займае важнае месца ў рэгіянальнай адукацыйнай палітыцы. У Магілёўскай вобласці супрацоўніцтва паміж праваслаўнай епархіяй і сферай адукацыі ажыццяўляецца дастаткова плённа. Гэта спрыяе як гарманічнаму ўзаемадзеянню свецкай і духоўнай культур, так і духоўна-маральнаму, патрыятычнаму выхаванню моладзі.