Лабараторыя драматургіі і …

Лабараторыя драматургіі і … : [Першая драматургічная лабараторыя пройдзе ў Магілёве ў рамках «М.@rt.кантакт»] // Культура. — 2020. — 15 лютага. — С. 2.

Неспакойныя людзі жывуць у Магілёве. Праграма ХV Міжнароднага маладзёжнага тэатральнага форуму “М.@rt.кантакт”, што адбудзецца 21 — 27 сакавіка, складзена яшчэ да навагодніх святаў, большасць білетаў разляцелася ў першы дзень продажу — можна, здавалася б, супакоіцца. Ажно не, днямі Магілёўскі абласны драматычны тэатр аб’явіў прыём заявак на Першую драматургічную лабараторыю, што пройдзе ў рамках фестывалю.

Удзельнікі лабараторыі пад кіраўніцтвам знанага драматурга, рэжысёра і акцёра Дзмітрыя Багаслаўскага, чые п’есы шырока ставяцца не толькі ў нас, але і за межамі краіны, створаць п’есу пра Магілёў. Не гістарычную, а сучасную, дакументальную, на аснове разважанняў жыхароў пра найболей актуальныя праблемы. Штосьці падобнае ладзілася на адным з рэспубліканскіх фестываляў нацыянальнай драматургіі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. Толькі тады тэкст складала пераважна сталічная творчая моладзь, згуртаваная Цэнтрам беларускай драматургіі. Цяперашняя ж лабараторыя з’яднае найперш маладых магіляўчан, якія цікавяцца тэатрам, схільныя да творчасці і жадаюць, каб жыццё іх роднага горада станавілася ўсё больш цікавым, напаўнялася крэатывам.

Каб прайсці адбор і стаць удзельнікам лабараторыі, аднаго жадання мала: трэба даслаць свае літаратурныя спробы, а галоўнае — эсэ пра тыя праблемы гараджан, якія варта ўзняць са сцэны. Вынікам жа стане чытка п’есы, падрыхтаваная пад кіраўніцтвам рэжысёра. Прэзентацыя прызначана на завяршэнне форуму, але можа атрымаць працяг.

Па-першае, лабараторыя і названа першай — значыць, з цягам часу будуць і наступныя. Па-другое, любая паспяховая чытка можа стаць стартавай пляцоўкай для далейшай сцэнічнай пастаноўкі. Нарэшце, у чарговы Год малой радзімы стварэнне падобных дакументальных тэкстаў і іх далейшае тэатральнае ўвасабленне набываюць дадатковую актуальнасць. А таму гэта ідэя магла б распаўсюдзіцца і на іншыя рэгіёны.