Яго ўзнагарода — іх поспехі

Сінькевіч, Г. Яго ўзнагарода — іх поспехі : [педагог дадатковай адукацыі С. В. Пухальскі] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2020. — 20 лютага. — С. 14.

Не ў многіх дзіцячае захапленне перарастае ў прафесію. А вось у педагога дадатковай адукацыі аб’яднання па інтарэсах “Вовінам в’ет во даа” Абласнога цэнтра творчасці Сяргея Віктаравіча Пухальскага жыццё склалася менавіта так.

У свае дзіцячыя гады Сяргей Віктаравіч быў вельмі актыўным. У школе захапіўся адзінаборствамі, стаў наведваць спартыўную секцыю па навучанні каратэ.

— Заняткі захапілі мяне цалкам. Менавіта тады, напэўна, і зразумеў, што хацеў бы займацца гэтым спортам на працягу жыцця. Гэта стала для мяне своеасаблівай марай, — успамінае С.В.Пухальскі.

Усходнія адзінаборствы сапраўды захапілі Сяргея Віктаравіча сур’ёзна і надоўга. Але яго шлях да трэнерскай работы і дадатковай адукацыі быў даволі доўгім і звілістым.

— У падлеткавым узросце я на некаторы час развітаўся з заняткамі і трэніроўкамі. Шукаў сябе, вызначаўся з прафесіяй. Але спорт “не адпускаў”, таму, калі ў выніку стаў студэнтам будаўнічага каледжа — зноў прыйшоў у секцыю, ужо ў Абласным цэнтры творчасці. Тады гурток па в’ет во даа тут толькі зараджаўся. Заняткі вёў цудоўны трэнер Сяргей Аляксандравіч Счыслянок. Ён вельмі матываваў мяне на спартыўнае развіццё, — паведаміў С.В.Пухальскі.

Лёс павярнуўся так, што ў двухтысячных Сяргею Віктаравічу прапанавалі стаць трэнерам у дзіцячай секцыі АЦТ па навучанні в’ет во даа. Адзінабор­ствы трывала і грунтоўна вярнуліся ў яго жыццё. Ён атрымаў адпаведную вышэйшую адукацыю і стаў педагогам. Работа ў сферы дадатковай адукацыі дазволіла С.В.Пухальскаму не проста займацца любімым відам спорту, а і вучыць а­дзінаборствам дзяцей. Так захапленне дзяцінства стала для яго прафесійнай дзейнасцю, якая штодня прыносіць задавальненне.

Зараз яго аб’яднанне па інтарэсах “Вовінам в’ет во даа” наведваюць каля сямідзесяці дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў. Усе яны таксама захоплены ўсходнімі адзінаборствамі, як і іх педагог.

— Калі вучні прыходзяць на трэніроўку першы раз, у іх блішчаць вочы. У далейшым я стараюся не даць згаснуць гэтай захопленасці. Вядома, на занятках шмат увагі ўдзяляю фізічнай падрыхтоўцы. Аднак галоўнае, чаму вучу, — гэта не ўменне нанесці моцны ўдар, а фарміраванне ўнутранай матывацыі станавіцца лепшым ва ўсіх праяўленнях чалавечых якасцей, — расказаў педагог.

Свае заняткі С.В.Пухальскі будуе, улічваючы ўзроставыя і індывідуальныя асаблівасці вучняў, выкарыстоўваючы як традыцыйныя практыкаванні, так і інавацыйныя распрацоўкі навучання адзінаборствам. У гурток да Сяргея Віктаравіча навучэнцы прыходзяц­ь два-тры разы на тыдзень. Спачатку яны размінаюцца, пасля адпрацоўваюць тэхнічныя баявыя прыёмы па тэме. Хоць час заняткаў у іх фіксаваны, многія дзеці часта затрымліваюцца ў спартыўнай зале. Гэта і нядзіўна, бо Сяргей Віктаравіч у літаральным сэнсе аддае часцінку свайго сэрца вучням. Ён не проста вучыць баявому мастацтву, а стараецца стаць для кожнага з дзяцей старэйшым таварышам.

— Сяброўскія ўзаемаадносіны — адзін з асноўных аспектаў паспяховага навучання. Таму я заўсёды шукаю індывідуальны падыход да кожнага вучня, — падкрэсліў С.В.Пухальскі.

Такі падыход цалкам апраўдвае сябе. Наведваючы гурток “Вовінам в’ет во даа”, дзеці мяняюцца. Яны становяцца больш дысцыплінаванымі, адказнымі.

— Сяргей Віктаравіч — класны настаўнік! Ён вельмі добры, заўсёды падтрымлівае нас, калі нешта не атрымліваецца. Ён выдатны спартсмен, многа чаго ведае, таму на занятках у яго заўсёды цікава. Мы вучым розныя баявыя комплексы, адпрацоўваем ударныя тэхнікі, прыёмы. А яшчэ Сяргей Віктаравіч вучыць нас быць сапраўднымі мужчынамі: стрыманымі, але гатовымі абараніць сябе і сваіх родных, — падзяліліся навучэнцы гуртка Данііл Дзёмінаў, Арцём Тупікоў і Аляксандр Арцёмаў.

На сённяшні дзень С.В.Пухальскі мае другі дан па Вовінам в’ет во даа і вя­дзе сваіх вучняў да спартыўных дасягненняў. Многія навучэнцы Сяргея Віктаравіча маюць другі і першы дарослы разрад па в’ет во даа. Юнакі перыядычна становяцца прызёрамі рэспублікан­скіх і міжнародных спаборніцтваў па гэтым ві­дзе адзінаборстваў. Спартыўныя поспехі і дасягненні падапечных — лепшая ўзнагарода для іх трэнера. Але важным ён лічыць і іншае.

— Усе мае выпускнікі маральна ў­стойлівыя, фізічна моцныя, добрасумленныя грамадзяне. Многія з іх вырашылі звязаць сваё жыццё са спортам. Для мяне вельмі важна, каб дзеці пасля заканчэння навучання станавіліся годнымі людзьмі з правільнымі жыццёвымі каштоўнасцямі і маральнымі якасцямі, — адзначыў С.В.Пухальскі.

За плячыма Сяргея Віктаравіча 16 гадоў плённай педагагічнай працы. Ён з’яўляецца педагогам вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, нацыянальным суддзёй па сваім відзе спорту. Але, нягледзячы на гэта, С.В.Пухальскі ніколі не спыняецца ў прафесійным росце: пастаянна павышае ўзровень майстэрства, вывучае метадычныя навінкі, абменьваецца вопытам з калегамі, праводзіць і ўдзельнічае ў міжнародных семінарах — адным словам, штодня працягвае прафесійны рух наперад. А бачачы поспехі сённяшніх вучняў, радуючыся дасягненням выпускнікоў, пераконваецца, што робіць гэта недарма.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.