Тураўская восень

Зiгуля, Н. Тураўская восень : на радзіме Віктара Турава праходзіць кінатыдзень, прысвечаны яго памяці / Нэллi Зiгуля // Звязда. — 2015. — 27 кастрычнiка. — С. 2.

У Магілёве Віктара Турава любяць, ім ганарацца. У горадзе ёсць вуліца, якая носіць яго імя, а на кінатэатры «Радзіма» ўсталявана памятная шыльда ў яго гонар. Сёлета 15-ты раз у горадзе на Дняпры праводзіцца тэлетыдзень «Тураўская восень», які па традыцыі стартаваў на плошчы Зорак у дзень нараджэння кінамастака. На сустрэчу з прыхільнікамі яго творчасці прыехалі старшыня Саюза кінематаграфістаў Беларусі Віктар Васільеў, рэжысёр і аператар Дзмітрый Зайцаў, вучань Віктара Турава — Аляксандр Анісімаў.

На працягу апошняга тыдня кастрычніка ў кінатэатрах «Радзіма» і «Чырвоная зорка» будзе паказаны дакументальны фільм пра яго творчасць, пройдуць 12 стужак славутага рэжысёра. Сярод іх і яго рэжысёрскі дэбют — фільм «Праз могілкі», які рашэннем ЮНЕСКА ўнесены ў спіс 100 найлепшых фільмаў свету пра Вялікую Айчыннаю вайну. Азнаёміцца з асноўнымі вехамі жыцця і творчасці Віктара Турава дапаможа фотавыстава, якая на працягу тэлетыдня будзе працаваць у фае кінатэатра «Радзіма».

Усе 26 фільмаў, якія Віктар Тураў зняў за сваё кароткае жыццё, складаюць залаты фонд беларускага кіно. Многія з іх адзначаны ўзнагародамі прэстыжных кінафестываляў, а яго імя ўключана у спіс 50 найлепшых рэжысёраў за ўсю гісторыю кінематографа.