Сінькевіч, Г. Працуюць эфектыўна і дынамічна : [установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі Магілёўскай вобласці] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2020. — 24 сакавіка. — С. 4.
Установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Магілёўшчыны ў поўнай меры забяспечваюць усе галіны эканомікі рэгіёна кваліфікаванымі рабочымі кадрамі. Ды і ў цэлым эфектыўна функцыянуюць і дынамічна развіваюцца.
— У Магілёўскай вобласці сёння дзейнічаюць 10 устаноў сярэдняй спецыяльнай і 16 устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія знаходзяцца ў ведамасным падпарадкаванні галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама. Кожная з іх — істотная крыніца фарміравання кадравага патэнцыялу галін рэгіянальнай эканомікі і сацыяльнай сферы. Толькі летась з устаноў ПТА і ССА былі выпушчаны 3,65 тысячы кваліфікаваных рабочых, падрыхтаваны звыш 2 тысяч спецыялістаў сярэдняга звяна. Важна, што амаль 100% выпускнікоў атрымалі гарантаванае першае працоўнае месца, — расказаў начальнік Цэнтра прафесійна-тэхнічнай адукацыі МДАІРА В.Г.Талсціхін.
Паводле яго слоў, галоўным арыенцірам у дзейнасці навучальных устаноў з’яўляецца аналіз дынамікі структуры занятасці і рынку працы. Створаны алгарытм прагназавання патрэб у працоўных рэсурсах, які грунтуецца на перспектывах сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. У кожным раёне выбудавана свая сістэма прафарыентацыйнай работы з выпускнікамі школ. Механізм прагназавання таксама ажыццяўляецца праз узаемадзеянне ўстаноў ПТА і ССА з арганізацыямі, якія выступаюць заказчыкамі кадраў. З улікам патрэб прадпрыемстваў штогод абнаўляецца пералік спецыяльнасцей для навучання. У мінулым годзе па адукацыйных праграмах прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў рэгіёне адкрыта падрыхтоўка па чатырох новых кваліфікацыях, па сярэдняй спецыяльнай — па дзвюх.
— Мы імкнёмся да трохбаковага супрацоўніцтва паміж установамі прафесійнай адукацыі, арганізацыямі — заказчыкамі кадраў і школамі. Пакуль не ва ўсіх агульнаадукацыйных установах правільна кіруюць працэсамі прафесійнага самавызначэння выпускнікоў. Адным з эфектыўных напрамкаў гэтай работы з’яўляецца арганізацыя прафесійнай падрыхтоўкі ў рамках працоўнага навучання для вучняў 10—11-х класаў. Прафарыентацыя ў такім ключы дапамагае моладзі правільна вызначыцца з будучай прафесіяй. Таму гэтую дзейнасць неабходна эфектыўна развіваць. Зараз заняткі па працоўным навучанні наведваюць каля 3,9 тысячы старшакласнікаў школ, з іх на базе ўстаноў ПТА і ССА вучацца больш за 2 тысячы падлеткаў, — паведаміў В.Г.Талсціхін.
Падрыхтоўка кадраў вядзецца на даволі высокім узроўні. Пастаянна ўдасканальваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў ПТА і ССА. Характэрна, што часта абнаўленне вучэбных кабінетаў і майстэрняў ажыццяўляецца за кошт уласных сродкаў, якія ўстановы зарабляюць шляхам пазабюджэтнай дзейнасці.
— Значна павышае эфектыўнасць функцыянавання стварэнне сеткі каледжаў як шматузроўневых устаноў інтэграванага тыпу. Дзякуючы ўзбуйненню, павышаецца практычнасць выкарыстання матэрыяльна-тэхнічнай базы, больш правільна выкарыстоўваецца кадравы рэсурс аб’яднаных устаноў. Плюсы ёсць і для навучэнцаў. Для іх адкрываюцца магчымасці бесперапыннай адукацыі. Атрымаўшы рабочую прафесію, яны могуць працягнуць навучанне на ўзроўні ССА. Усё гэта адбіваецца на якасці падрыхтоўкі. Прыклады — Магілёўскі дзяржаўны політэхнічны каледж, Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны каледж. У свой час да гэтых устаноў былі далучаны профільныя прафесійныя ліцэі. Праз некалькі гадоў наглядна відаць, што аб’яднанне мае толькі станоўчы эфект. Палепшыліся эканамічныя паказчыкі дзейнасці. Педагогі і майстры вытворчага навучання — пастаянныя прызёры конкурсаў прафесійнага майстэрства. Высокія дасягненні дэманструюць і навучэнцы. Яны бліскуча праяўляюць сябе на розных этапах чэмпіянату WorldSkills, — адзначыў В.Г.Талсціхін.
Вялікая ўвага ва ўстановах ПТА і ССА ўдзяляецца не толькі прафесійнай падрыхтоўцы вучняў, але і іх гарманічнаму інтэлектуальнаму, культурнаму, духоўна-маральнаму развiццю. Ва ўсіх навучальных установах дзейнічаюць разнастайныя аб’яднанні, клубы па інтарэсах, спартыўныя секцыі, валанцёрскія і краязнаўчыя атрады. Дзякуючы такому падыходу, кожны малады чалавек можа развіць здольнасці, знайсці занятак па душы, мае магчымасць рэалізаваць свае ідэі і ініцыятывы.
Станоўчыя тэндэнцыі прасочваюцца сёння па многіх напрамках дзейнасці ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Ёсць, вядома, і пэўныя недахопы ў рабоце. Так, у некаторых установах у мінулым годзе не выканалі планы набору навучэнцаў. Ёсць і іншыя некрытычныя недапрацоўкі. Выпраўляць іх плануецца сумеснымі аб’яднанымі намаганнямі. Галоўнае ў планах на перспектыву — удасканаленне ўзаемадзеяння ўстаноў ПТА і ССА з агульнаадукацыйнымі ўстановамі і арганізацыямі, забеспячэнне патрэбы эканомікі ў кваліфікаваных кадрах, павышэнне прывабнасці рабочых прафесій для моладзі. У прыярытэце застаецца таксама павышэнне якасці адукацыі і арыентаванасць на індывідуальнае развіццё кожнага навучэнца.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва аўтара.