У бізнесе нават дзеці

Зігуля, Н. У бізнесе нават дзеці : [школа «Альфа плюс» у Магілёве] / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2020. — 7 красавіка. — С. 1, 13.

Як у магілёўскіх хлопчыкаў і дзяўчынак фарміруюць асновы крэатыўнага мыслення.

Школа «Альфа+» існуе ў Магілёве ўсяго год, але ў яе ўжо ёсць пастаянныя наведвальнікі. На жаль, папрысутнічаць на ўроку не атрымалася — у сувязі з каранавірусам усе заняткі з дзецьмі вядуцца цяпер у рэжыме анлайн. Магіляўчанка Вольга Дарашэнка — адна з тых, чые дзеці тут займаюцца з моманту адкрыцця. Яна прывяла сюды свайго сына, калі ён быў пяцікласнікам. Кажа, што хлопчык быў заціснуты, не ўмеў знаходзіць агульную мову з аднагодкамі. Цяпер ён стаў больш адкрыты і камунікабельны, навучыўся расстаўляць прыярытэты і сябраваць з аднакласнікамі…

МАТРЫЦА КАР’ЕРЫ

Дырэктар школы Максім ЛАЎРЫНЕНКА сам малады бацька, яго сынам 11 і 4 гады. Ён юрыст па адукацыі, пэўны час працаваў у органах бяспекі, але аднойчы зразумеў, што яго старэйшы сын Ілья расце без бацькоўскага нагляду. Не хацелася, каб так здарылася і з малодшым Раманам. Тым больш што ўсё часцей стала прыходзіць думка — паспрабаваць рэалізаваць сябе ў чымсьці новым, яшчэ нікім не раскручаным.

— Кажуць, што добра там, дзе нас няма, а мне захацелася зрабіць добра там, дзе мы ёсць, — усміхаецца Максім. — Думка пра адукацыю з’явілася пасля таго, як я нічога цікавага не знайшоў для свайго старэйшага сына. Нарэшце выйшаў на тое, што мяне зачапіла, — новасібірскую франшызу «Матрыца кар’еры». Мне яе падказалі ўладальнікі іншых франшыз. У плане адукацыі Расія прасунулася сёння вельмі далёка. Я размаўляў з кіраўнікамі вядучых адукацыйных фондаў Польшчы, Ізраіля. Апошні, дарэчы, у тым, што датычыцца бізнес-адукацыі, стартапаў, сёння наперадзе планеты ўсёй. Але, як сказалі ізраільскія эксперты, іх дзеці цяпер імкнуцца паехаць вучыцца не ў Амерыку і Еўропу, а менавіта ў Расію.

Першы чалавек, які падтрымаў мяне ў гэтых памкненнях, была Аксана Ланская. Па першай адукацыі яна настаўнік, а па другой — юрыст. Пэўны час узначальвала юрыдычную службу ў аблвыканкаме, цяпер займаецца — i вельмі паспяхова — індывідуальнай практыкай. Разам з ёй мы пабывалі ў Новасібірску, паглядзелі, як там праводзяцца заняткі, пагутарылі з трэнерамі, з дзецьмі і іх бацькамі і зразумелі, што гэта нам падыходзіць.

Многія раілі мне адкрываць школу ў Мінску, казалі, што ў Магілёве я не знайду бізнес-трэнераў. Але ж мае дзеці тут, і я не стаў слухаць, што мне кажуць. Некаторых бянтэжыла, што мы менавіта бізнес-школа: навошта майму дзіцяці вучыцца бізнесу, пыталіся дарослыя. Даводзілася тлумачыць, што мы вучым не бізнесу (гэтаму наогул навучыцца нельга), мы вучым працаваць у камандзе, умець дамаўляцца з людзьмі, весці перамовы — усяму таму, што абавязкова спатрэбіцца ў жыцці ўсім. Тыя, хто гэтымі навыкамі валодае, становяцца паспяховымі ў любой галіне.

ГНУТКІЯ НАВЫКІ

Аўдыторыя для заняткаў не падобная на звычайны клас — крэслы стаяць па перыметры. На сцяне вялікі білборд, на якім напісаны знакавыя словы і словазлучэнні — пазітыўнае мысленне, эмацыянальная ўстойлівасць, перамоўныя паядынкі… «Гэта і ёсць тое, чаму мы вучым», — тлумачыць дырэктар.

Заняткі адбываюцца па выхадных днях. Дзеці з першага да чацвёртага класа займаюцца паўтары гадзіны з перапынкам на каву-брэйк (можна сказаць проста «пераменка», але тут вучаць дзяцей аперыраваць адмысловай тэрміналогіяй), з пятага да адзінаццатага — тры гадзіны з перапынкам на каву-брэйк. Прычым гэта не столькі ўрокі, колькі так званая інтэлектуальная гульня — трэнінгі і майстар-класы. У якасці трэнераў — настаўнікі, якія працуюць па сваіх індывідуальных праграмах, бізнесмены, аўтарытэтныя спецыялісты.

Аснова адукацыйнай праграмы — soft skills, гнуткія навыкі. Іншымі словамі — комплекс неспецыялізаваных надпрафесійных дзеянняў, якія гарантуюць паспяховасць у рабоце і высокую прадукцыйнасць.

Максім дэманструе сшыткі, па якіх працуюць дзеці. Для кожнага ўзросту існуе свой набор тэм. Самых малых тут вучаць камунікацыі з аднагодкамі ў школе, адаптацыі, зносінам з бацькамі, з пятага класа ў праграме з’яўляюцца такія паняцці, як тайм-менеджмент, эмацыянальны інтэлект, публічныя выступленні, перамовы, у дзесяцікласнікаў на першы план выходзяць прафарыентацыя, стрэс-менеджмент, кіраванне камандай, а ў адзінаццацікласнікаў у праграме ўсё, што звязана з прадпрымальніцтвам і кіраваннем.

— Гэтым навыкам у нас нідзе не вучаць ні ў школе, ні ў інстытуце, — кажа суразмоўца. — А нашы навучэнцы ўжо ведаюць, што такое сумоўе і як яго прайсці, як знайсці падпрацоўку і атрымліваць свае першыя грошы. Нашы выхаванцы не баяцца выступаць і ведаюць, як весці перамовы. Гэта тыя якасці, якія некаторыя з нас да канца жыцця не могуць у сабе развіць. Людзі баяцца папрасіць павышэння зарплаты, памяняць работу толькі таму, што не ведаюць, як гэта зрабіць. Ніводны чалавек не можа дабіцца поспеху, пакуль не навучыцца весці перамовы, узаемадзейнічаць у калектыве, кіраваць камандай, сваім часам. Нават таленавіты. Ёсць такая кніга — «Геніі і аўтсайдары» Малькальма Гладуэла, дзе ён расказвае, што для поспеху аднаго таленту недастаткова, неабходна вялікая работа над сабой. I трэба ўдзяляць свайму захапленню вялікую колькасць часу. Ніводны артыст, спартсмен не нарадзіўся мегаталенавітым. Гэта людзі, якія з дзяцінства працавалі над сабой і з кожным годам павялічвалі колькасць заняткаў, у той час як іншыя заставаліся на ранейшым узроўні.

— Сёння ўсіх запрашаюць займацца бізнесам, маўляў, гэта лёгка, — разважае Макам. — На хайпе «бяжы-бяжы», як я гэта называю, заклікаюць хутчэй адкрываць сваю справу, абяцаюць, што дапамогуць, што ўсё атрымаецца. А потым у чалавека ўзнікаюць пытанні, як наймаць людзей, размяркоўваць свае абавязкі, працаваць з дакументамі, даваць справаздачу падатковай, наогул працаваць. I ў чалавека з’яўляецца пачуццё, што яго падманулі. Ён нейкі прадукт запусціў, але гэта не бізнес. Бізнесу, паўтаруся, навучыць нельга. Затое як арыентавацца ў нашай складанай сучаснасці — можна. I пачынаць трэба менавіта з гэтага.

— Шмат хто з бацькоў перажывае, думае, што ў яго дзіцяці праблемы, — кажа суразмоўца. — Маўляў, школьныя настаўнікі скардзяцца, што яно, напрыклад, гіперактыўнае. Але трэба ўлічваць, што гэта асаблівасць развіцця. Калі дзіця цюкаць, яно праз пару гадоў стане безыніцыятыўнае і абыякавае. I яго мэта ў жыцці будзе абмяжоўвацца толькі жаданнем хутчэй закончыць школу і паступіць ва ўсё роўна які ўніверсітэт. Наша задача — навучыць такіх дзяцей максімальна валодаць сабой і накіроўваць сваю актыўнасць у станоўчае рэчышча. Або ёсць дзеці, якія добра вучацца, але з аднагодкамі не ўмеюць кантактаваць. I гэта таксама можа абярнуцца ў жыцці вялікімі праблемамі — вядома, калі ўсё пакінуць так, як ёсць. У нас такія дзеці, скажу без лішняй сціпласці, мяняюцца за паўгода. Адным словам, мы вучым, каб дзецям было камфортна ў любой сітуацыі.

— Наша мэта — да 4 класа навучыць дзіця самастойна рабіць урокі і размяркоўваць час, — адзначае дырэктар школы. — Прычым працуем адначасова як з дзецьмі, так і з бацькамі, бо калі мы тут вучым дзяцей аднаму, а дома ідзе зусім іншае, сэнсу няма. Нельга рэзка прымусіць дзіця рабіць урокі самастойна. Існуе цэлая методыка, як гэтага дабіцца. Таму ў нас ёсць яшчэ і школа для бацькоў. I на яе апошнім часам прыходзяць нават тыя, хто толькі збіраецца імі стаць. Я таксама прыходжу туды павучыцца. Быў час, калі я так перагрузіў свайго старэйшага сына рознымі развівальнымі секцыямі і гурткамі, што ён амаль страціў да ўсяго цікавасць. Цяпер я ведаю, якія ў мяне былі памылкі. Школа наша платная, але ў нас ёсць і сацыяльныя праекты. На аснове франшызы мы распрацоўваем сваю анлайн-праграму для дашкольнікаў. Праз месяц запусцім экспрэс-курсы і будзем рыхтаваць дзяцей да школы. Збіраемся ўцягнуць у нашу дзейнасць яшчэ і раёны, бо там не кожны можа дазволіць сабе рэпетытара, ды і не ўсюды яны ёсць. Для шматдзетных мы будзем прапаноўваць паслугі за наш кошт, наогул збіраемся зрабіць шэраг праектаў бясплатнымі.

Нэлі ЗІГУЛЯ,

фота аўтара.

Кампетэнтна

Прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Магі-лёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Дзіна ЛАЗУРКІНА:

— Сёння ўсё большую папулярнасць атрымлівае дадат-ковая адукацыя. Фармат бізнес-школы «Альфа+» з’яўляецца дастаткова інавацыйным для нашай вобласці. На трэнінгах, адаптаваных пад узроставыя асаблівасці развіцця дзяцей, вялікая ўвага ўдзяляецца ўменню вырашаць праблемы і знаходзіць нестандартныя рашэнні. Іншымі словамі, дзеці вучацца быць матываванымі і самастойнымі, развіваюць здольнасці, неабходныя для поспеху ў любой сферы. Нацэленасць на вынік, уменне планаваць, эфектыўна камунікаваць, самарэалізоўвацца — гэта толькі некаторыя кампетэнцыі, якіх часам не хапае нам, дарослым. I добра, што ў нашых дзяцей ёсць магчымасць гэтаму навучыцца ў раннім узросце. Гэта сапраўды стартавая пляцоўка для паспяховага чалавека.