Галоўнае — матывацыя

Сінькевіч, Г. Галоўнае — матывацыя : [настаўнік фізкультуры ліцэя БРУ А. В. Бязлепкін] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2020. — 7 красавіка. — С. 6.

Кожны педагог імкнецца да таго, каб на яго ўроках панавала гармонія, марыць сумясціць інтэлектуальнае і фізічнае развіццё дзяцей. Праўда, спецыфіка прадметаў далёка не заўсёды дазваляе рэалізаваць гэта ў поўнай меры, таму і ўзнікаюць некаторыя стэрэатыпы: калі выдатнік, то, як правіла, кволы “батанік”, калі мускулісты спартсмен, то, хутчэй за ўсё, двоечнік. Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Андрэй Віктаравіч Бязлепкін на ўласным вопыце даказаў: на яго занятках можна ў роўнай ступені ўмацаваць не толькі цела, але і розум. Выкладаючы ва ўстанове, дзе вучацца ў асноўным менавіта выдатнікі-інтэлектуалы, ён змог дабіцца таго, каб гэтым дзецям сталі цікавыя фізкультура і спорт.

У педагогіку Андрэй Віктаравіч ішоў свядома. Аднак першапачаткова думаў выбраць крыху іншы профіль. У дзяцінстве, акрамя спорту, яго захапленнем было чытанне, літаратура.

— Я не раз задумваўся над тым, каб стаць настаўнікам-філолагам. Аднак пасля заканчэння школы яшчэ раз ацаніў свае здольнасці і прыярытэты. Выбраў усё ж факультэт фізічнага выхавання МДУ імя А.А.Куляшова, — расказаў А.В.Бязлепкін.

Яго студэнцтва было напоўнена яркімі і запамінальнымі падзеямі. Андрэй Віктаравіч актыўна ўдзель­нічаў ва ўніверсітэцкіх мерапрыемствах, гуляў у КВЗ, неаднаразова ездзіў у якасці педагога-арганізатара ў аздараўленчы летнік “Артэк”.

— Гэты лагер стаў для мяне выдатнай практычнай школай. Нават не так, я назваў бы “Артэк” своеасаблівай педагагічнай арміяй, — усміхаючыся, успа­мінае А.В.Бязлепкін.

На чацвёртым курсе ўніверсітэта Андрэю Віктаравічу захацелася паспрабаваць свае педагагічныя сілы ў школе і ён акунуўся ў працоўныя будні. На няпоўную загрузку пайшоў працаваць у сярэднюю школу № 23 Магілёва.

— Калі пачаў рэальную выкладчыцкую дзейнасць, канчаткова пераканаўся ў тым, што зрабіў правільны прафесійны выбар. Я атрымліваў задавальненне ад працы. У школе адчуваў сябе, як дома, — адзначыў Андрэй Віктаравіч.

У 23-й школе прайшло яго педагагічнае станаўленне. Чулы калектыў і кіраўніцтва падтрымлівалі маладога педагога ва ўсіх пачынаннях, заахвочвалі яго энтузіязм.

— Спачатку выкладаў невялікую колькасць гадзін. А пасля таго як дастаткова адтачыў прафесійныя навыкі і веды, перайшоў на поўную загрузку. Так і настаўнічаў у 23-й школе да заканчэння ўніверсітэта. Пасля атрымаў павестку ў армію. Служыць ішоў з задавальненнем, бо быў перакананы: гэта павінен зрабіць кожны мужчына, — адзначыў А.В.Бязлепкін.

— Служба ў войску стала для мяне яшчэ адной важнай жыццёвай школай. Былі пэўныя перспектывы і прапановы, але сваё прызванне я ўжо даўно бачыў толькі ў педагогіцы. Таму, адслужыўшы, без роздумаў вярнуўся ў 23-ю магілёўскую школу, якая стала ўжо роднай, — расказаў А.В.Бязлепкін.

У пачатку 2000-х у Магілёве пры Беларуска-Расійскім універсітэце адкрыўся агульнаадукацыйны ліцэй. Андрэю Віктаравічу паступіла прапанова весці ў ім урокі фізкультуры. Так ён апынуўся ў ліку педагогаў, якія стаялі каля вытокаў фарміравання ў рэгіёне паспяховай сёння ўстановы адукацыі. Але пасля лёс склаўся так, што ён на доўгі час перабраўся ва Украіну.

— Паехаў услед за жонкай, якая родам з Кіева. У краіне-суседцы доўгі час выкладаў у сістэме прыватнай адукацыі. Атрымаў вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю і званне старшага настаўніка Украіны. Але палітычная сітуацыя там прымусіла мяне вярнуцца ў спакойную Беларусь, на сваю малую радзіму — у Магілёў. Так амаль чатыры гады назад я зноў пачаў выкладаць у Ліцэі БРУ, — падзяліўся Андрэй Віктаравіч.

За амаль 20 гадоў педагагічнай дзейнасці А.В.Бязлепкін выпрацаваў свой стыль навучання. Ён прытрымліваецца думкі, што галоўнае на ўроках фізкультуры — гэта матывацыя.

— Каб матываваць дзяцей да заняткаў фізкультурай, трэба прымяняць разнастайныя сродкі і прыёмы, з усіх бакоў акру­жыць вучня вялікай колькасцю матывацыйных фактараў. Нейкага адзінага ўніверсальнага метаду не існуе. Асноўнае, вядома, любоў і ўвага. У гэтым маюць патрэбу ўсе дзеці. Яшчэ адзін значны фактар — рабіць урокі цікавымі. І тут вельмі важны прафесіяналізм педагога. Адна справа — даць дзецям інвентар і гэтым абмежавацца. І зусім іншая — старанна прадумаць кожны элемент урока, уключыць у работу ўсіх дзяцей з улікам іх індывідуальных асаблівасцей. Трэба, каб вучні не выконвалі патрабаванні педагога механічна, проста таму, што так трэба, а ўсведамлялі фізіялагічны сэнс кожнага практыкавання, разумелі, для чаго яно неабходна і дзе спатрэбіцца. Так дзеці будуць імкнуцца да ўдасканалення сваёй фізічнай формы, — падкрэсліў А.В.Бязлепкін.

Гэты неардынарны педагог перакананы: на ўроках фізкультуры можна развівацца не толькі фізічна, але і інтэлектуальна. Для гэтага ён выкарыстоўвае на занятках міжпрадметныя сувязі. Асабліва любіць уключаць у ход урока заданні, звязаныя з рускай літаратурай, такім чынам паказваючы навучэнцам сувязь спорту і мастацкага слова.

На яго думку, не апошнюю ролю ў павышэнні матывацыі на ўроках фізкультуры варта адводзіць прыкладу з боку настаўніка. А яшчэ — гульнявому метаду, бо першапачаткова ўсе дзеці вельмі любяць гэты прадмет, але ў падлеткавым узросце часам губляюць да яго цікавасць.

— Часта гэта адбываецца з-за таго, што навучэнцаў толькі прымушаюць рабіць тое, што патрабуецца. Але праз прымус цікавасці да спорту не выклічаш. Хутчэй наадварот. А вось ператварыўшы неабходныя на ўроку дзеянні ў гульню, у задавальненне, можна дасягнуць паспяховага навучання, — упэўнены Андрэй Віктаравіч.

І сапраўды, яго вучні, якія ў большасці сваёй — выдатнікі, яшчэ і нядрэнныя спартсмены. Яны з азартам удзельнічаюць у розных спаборніцтвах, спартыўных турнірах і даволі часта ў іх перамагаюць. Навучэнцы Андрэя Вiктаравiча — чэмпіёны горада па футболе сярод агульнаадукацыйных навучальных устаноў, прызёры гарадскога этапу зімовага і летняга мнагаборства “Абаронца Айчыны”, актыўныя ўдзельнікі Мінскага паўмарафону і магілёўскага Мебелайн-марафону.

Праводзячы значную работу па далучэнні дзяцей да фізкультуры і спорту, А.В.Бязлепкін ніколі не забывае пра здароўезберажэнне. Ён стараецца будаваць урокі з дыферэнцыяцыяй нагрузкі, улічваючы ўзрост, узровень фізічнай падрыхтоўкі і асаблівасці здароўя кожнага вучня. А яшчэ ён да кожнага імкнецца знайсці свой падыход, што навучэнцам асабліва даспадобы.

— Наш настаўнік вельмі цікавы. А яшчэ ўважлівы. Заўсёды пацікавіцца здароўем, каб не нанесці траўмы падчас урока. На яго занятках мы даведваемся шмат новага, вучымся падтрымліваць добрую фізічную форму. Напрыклад, ён навучыў нас незвычайнай размінцы з элементамі розных відаў спорту, якая ідэальная для любых спаборніцтваў, — падзяліўся навучэнец 9 класа Міхаіл Красноў.

— Гэта неверагодна творчы педагог. Ён з тых настаўнікаў, што не прывыклі стаяць на месцы. Умее знайсці падыход да кожнага вучня, захапіць дзяцей. Да таго ж ён шырока выкарыстоўвае на ўроках інавацыйныя адукацыйныя тэхналогіі, што спрыяе павышэнню паспяховасці навучання, — так гаворыць пра Андрэя Бязлепкіна дырэктар ліцэя Георгій Емяльянавіч Голікаў.

Андрэй Віктаравіч імкнецца не проста шукаць эфектыўныя метады навучання, але і актыўна дзеліцца сваімі напрацоўкамі з калегамі. Для гэтага ён прыняў удзел у сёлетнім конкурсе “Настаўнік года”. Паўдзельнічаць у галоўным прафесійным спаборніцтве педагогаў ён вырашыў і для таго, каб рэалізаваць даўняе імкненне. А выйшла так, што стаў абсалютным пераможцам. Акрамя перамогі ў сваёй намінацыі, ён атрымаў ганаровае званне “Настаўнік года — 2020” Магілёўскай вобласці.

Андрэй Віктаравіч лічыць, што ў працы настаўніка не павінна быць мяжы дасканаласці. Асабіста ён у далейшым плануе прывесці сваіх вучняў да поспехаў не толькі на спаборніцтвах, але і ў алімпіядным руху. Яго выхаванцы ўжо неаднаразова станавіліся прызёрамі гарадскога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізкультуры. Аднак А.В.Бязлепкін упэўнены: у яго вучняў дастаткова патэнцыялу для большых дасягненняў. Ды і ў яго самога ёсць на гэта рэсурсы. Андрэй Віктаравіч уваходзіў у склад журы на заключным этапе І Рэспубліканскай алімпіяды па фізкультуры.

Педагог ставіць перад сабой і больш глабальныя мэты. Ён імкнецца да максімальнай папулярызацыі спартыўна-масавага руху ў Магілёўскай вобласці. Дзеля гэтага пастаянна сустракаецца з навучэнцамі ў пазаўрочны час. Разам з дзецьмі трэніруецца, арганізоўвае і праводзіць спартыўныя мерапрыемствы для шырокай аўдыторыі. Традыцыяй у ліцэі стаў адкрыты конкурс “Агляд строю і песні”, на якім юнакі дэманструюць не толькі сваю фізічную падрыхтоўку, але і гатоўнасць да службы ў войску.

— Здаровыя дзеці сёння — здаровая нацыя заўтра, таму фізкультуру неабходна несці ў масы. Але гэта задача не толькі настаўнікаў, але і бацькоў, наогул усяго грамадства. Каб далучыць дзяцей да фізкультуры і здаровага ладу жыцця, трэба не толькі часцей праводзіць масавыя спартыўныя мерапрыемствы, але і развіваць адпаведную інфраструктуру, якая дасць моладзі больш магчымасцей для заняткаў спортам, — пераконвае “Настаўнік года” Магілёўшчыны.

…Урокі А.В.Бязлепкіна ліцэісты заўсёды пакідаюць з радасцю ў вачах. Для Андрэя Віктаравіча гэта галоўны паказчык. Паказчык таго, што ў ліцэі ён на сваім месцы. Паказчык, які трымае яго ў прафесіі. Вельмі натхняюць настаўніка і поспехі вучняў. Гэта тая матывацыя, якая падахвочвае яго станавіцца лепшым і імкнуцца да большага.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.