Сэрцам роднага слова краніся

Падліпская, Т. Сэрцам роднага слова краніся : [абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі сумесна з Магілёўскай абласной бібліятэкай правялі літаратурны марафон да Дня роднай мовы] / Таццяна Падліпская // Днепровская неделя. — 2020. — 26 февраля. — С. 5. 

Удзельнікі літаратурнага марафона, які быў прысвечаны Дню роднай мовы,   так душэўна, мілагучна дэкламавалі свае любімыя лірычныя творы, што ні адзінаго слухача  не пакінулі абыякавым!
Абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі сумесна з абласной бібліятэкай правяло літаратурны марафон «Сэрцам роднага слова краніся». На свята прыйшлі людзі рознага ўзросту і прафесій:  паэты, дэпутаты, прадстаўнікі навуковай інтэлігенцыі, ветэраны, моладзь. Кожны жадаючы змог прачытаць свой любімы верш на беларускай мове.
Удзел у літаратурным марафоне прыняла і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз журналістаў»  Святлана Шутава. Яна павіншавала ўсіх са святам і прачытала верш Алеся Пісьмянкова «Продкі».
Святлана Шутава адзначыла, што рада бачыць сярод прысутных шмат моладзі, і вельмі добра, што беларускай мовай цікавяцца замежныя студэнты,  некаторыя з іх прысутнічаюць у гэтай зале.
— Дарэчы, і ў цяперашнім складзе парламента, дзе я з нядаўняга часу працую, ёсць нямала дэпутатаў, якія ў паўсядзённым жыцці карыстаюцца роднай мовай, — падзялілася сваімі  назіраннямі Святлана Аляксандраўна. — У мяне шмат любімых паэтаў. Калі была галоўным рэдактарам інфармацыйнага агенцтва «Магілёўскія ведамасці» і мы сумесна з пісьменнікамі выдавалі альманах «Магілёўшчына літаратурная», то пазнаёмілася са многімі маладымі таленавітымі аўтарамі. Ды і сярод журналістаў  багата людзей, якіх прырода надзяліла паэтычным дарам.
Прысутныя пачулі вершы ў выкананні  паэтаў-землякоў  Алеся Казекі, Валянціны Габрусевай, Жанны Усцінавай, Віктара Арцем’ева, Уладзіміра Ясева, Марыны Сліўко, Алёны Беланожка, Алены Кісель і інш. У літаратурным марафоне ўдзельнічалі члены літаратурнага аб’яднання «Ветэран» Магілёўскага гарадскога савета ветэранаў, удзельнікі тэатральнай студыі Магілёўскай дзіцячай школы мастацтваў №1 і інш.
— Многія пісьменнікі Магілёўшчыны пішуць свае творы на роднай мове, — падкрэсліў  старшыня  абласнога аддзялення  ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». —    Такі літаратурны марафон мы ладзім трэці год. Цікавасць да яго расце, колькасць удзельнікаў  значна павялічваецца.   Дарэчы, падобныя літаратурныя марафоны  праходзяць у нашай вобласці на працягу года і прымеркаваны  да значных падзей.

Таццяна Падліпская.