Ставіць мэты і дасягае іх

Сінькевіч, Г. Ставіць мэты і дасягае іх : [дырэктар Магілёўскага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў А. В. Шайтараў] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2020. — 27 лютага. — С. 13.

Цікавы чалавек, самадастатковая асоба. Выдатны кіраўнік, які змог аб’яднаць калектыў у каманду аднадумцаў. Цудоўны педагог, трэнер, які выхоўвае любоў да спорту нават у не самых здольных і дысцыплінаваных дзяцей. Так коратка можна расказаць пра дырэктара Магілёўскага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Аляксандра Віктаравіча ШАЙТАРАВА.

Cа спортам, і педагогікай жыццё Аляксандра Віктаравіча звязана ўжо звыш 40 гадоў. А пачалося ўсё з юнацкага захаплення, якое ў далейшым перарасло ў прафесійную дзейнасць.

— Мяне з дзяцінства вабілі розныя віды спорту. У 15 гадоў я сур’ёзна захапіўся грэка-рымскай барацьбой. Паспяхова выступаў на спартыўных турнірах рознага ўзроўню, з лёгкасцю здаў нарматыў на званне майстра спорту. Аднак па пэўных прычынах з прафесійнага спорту прыйшлося сысці. Свайго жыцця без спорту я ўжо не ўяўляў, таму і прыняў рашэнне стаць трэнерам, — паведаміў А.В.Шайтараў.

Аляксандр Віктаравіч прывык не проста ставіць мэты, а дасягаць іх. Скончыў фізічнае аддзяленне тагачаснага Магілёўскага педагагічнага вучылішча, пасля — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры.

— Сваю трэнерскую дзейнасць пачынаў на сённяшнім ААТ “Магатэкс”. Але праз некалькі гадоў работы зразумеў: гэта не зусім тое, чым хацелася б займацца. З’явілася імкненне працаваць з дзецьмі, прывіваць ім любоў да спо­рту, вучыць асновам бараць­бы, весці да спартыўных вышынь, — расказаў Аляксандр Віктаравіч.

Сваё імкненне ён рэалізаваў у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе № 3 Магілёва. Менавіта там прайшло яго прафесійнае станаўленне. Там ён дасягнуў і першых працоўных поспехаў.

— Толькі на асабістым энтузіязме я адкрыў спецыялізаваны клас па грэка-рымскай барацьбе. Праз некалькі гадоў выразна выбудаванага вучэбна-трэніровачнага працэсу прыйшлі першыя вынікі. Выхаванцы радавалі перамогамі на рэспубліканскіх і агульнасаюзных першынствах, — адзначыў А.В.Шайтараў.

За тыя дасягненні Аляксандр Віктаравіч атрымаў пасаду старшага трэнера вобласці ў сваім відзе спорту. Але пасля распаду СССР ён на некаторы час сышоў з прафесіі.

— Аднак я хутка ўсвядоміў, што без спорту, без трэнерска-выкладчыцкай работы не магу. Зноў вярнуўся ў прафесію, а неўзабаве прыняў прапанову ўзначаліць абласны цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў.

Сёння гэта паспяховая ўстанова, дзякуючы дзейнасці якой у рэгіёне мэтанакіравана вядзецца падрыхтоўка спартыўнага рэзерву. Але тады, амаль дваццаць гадоў назад, функцыянаванне цэнтра наўрад ці можна было назваць эфектыўным. Не было спартыўных баз, не была выбудавана сістэма работы па далучэнні дзяцей да заняткаў фізкультурай і спортам.

Змяніць сітуацыю змагла ініцыятыўнасць і энтузіязм кіраўніка. Дзякуючы асабістай зацікаўленасці А.В.Шайтарава, на баланс цэнтра фізвыхавання быў перададзены шэраг будынкаў на тэрыторыі горада, якія пуставалі. Паступова яны ператварыліся ў сучасныя спартыўныя базы, якія дазваляюць на высокім узроўні праводзіць вучэбна-трэніровачныя зборы і арганізоўваць розныя спартыўныя старты.

— Дзякуючы вялікай, карпатлівай, самаадданай працы ўсяго калектыву, сёння ў структуры цэнтра ёсць спецыялізаваныя залы барацьбы ў Магілёве і Бабруйску, фізкультурна-аздараўленчыя базы “Школьнік”, “Патрыёт” і “Сіманава” ў Магілёве. Мы таксама зрабілі капітальны рамонт залы па фехтаванні, велабазы, адміністрацыйнага будынка нашай установы, — адзначыў А.В.Шайтараў.

Акрамя стварэння спартыўных баз, забеспячэння іх спартыўным інвентаром, за гады кіравання цэнтрам Аляксандру Віктаравічу ўдалося выбудаваць работу ўсіх трэнераў вобласці ў выразную сістэму.

— Зараз наш цэнтр — гэта шматпрофільная ўстанова, якая каардынуе работу ўсіх устаноў адукацыі рэгіёна ў падрыхтоўцы спартыўнага рэзерву. Узаема­дзеянне з усімі трэнерамі пабудавана на даверлівых адносінах. У пачатку кожнага навучальнага года мы разам вызначаем каляндарны план дзейнасці, дэталёва акрэсліваем прыярытэты сваёй працы на найбліжэй­шую перспектыву. У маі сустракаемся зноў, каб падвесці вынікі. Звычайна ўсе абавязацельствы, якія мы даём адно аднаму, выконваюцца, — адзначыў А.В.Шайтараў.

Абласны цэнтр фізвыхавання праводзіць маштабную спартыўна-масавую работу. Спецыялісты ўстановы рэгулярна арганізоўваюць круглагадовыя спартакіяды сярод навучальных устаноў рознага профілю, разнастайныя занальныя, раённыя, абласныя спаборніцтвы.

— Такая арганізацыя работы дазваляе нам прагледзець усіх здольных дзяцей, каб у далейшым прыцягнуць іх да заняткаў пэўным відам спорту, а пасля перадаць на найвышэйшае звяно падрыхтоўкі — у вучылішчы алімпійскага рэзерву або спартыўныя клубы, — падкрэсліў Аляксандр Віктаравіч.

Такі падыход дазва­ляе дасягаць істотных вынікаў у працы. Апошнія 8 гадоў Магілёўская вобласць упэўнена займае лідзіруючыя пазіцыі ў комплексным заліку на рэспубліканскіх спартакіядах і іншых спаборніцтвах. У дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах рэгіёна былі падрыхтаваны сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы сярод юніёраў па фехтаванні Арцём Новікаў, чэмпіёнка Еўропы сярод дзяўчат да 16 гадоў па шахматах Вольга Бадэлька, чэмпіёнка Еўропы сярод юніёраў па шашках Вера Хвашчынская, чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў па біятлоне Дынара Алімбекава.

Адметна, што, нягледзячы на карпатлівую працу кіраўніка, А.В.Шайтараў да сённяшняга часу не пакінуў трэнерска-выкладчыцкую дзейнасць. Практычна штодня ён прыхо­дзіць у спартыўную залу, дзе займаецца падрыхтоўкай будучых чэмпіёнаў па грэка-рымскай барацьбе.

Сустракаючыся са сваімі выхаванцамі, Аляксандр Віктаравіч вучыць іх не толькі спартыўным тактыкам і май­стэрству барацьбы. Ён ву­чыць юнакоў быць мэтанакіраванымі, моцнымі, упартымі. Для гэтага да кожнага вучня шукае свой падыход, стараецца ста ць для іх не проста трэнерам, а старэйшым таварышам, блізкім сябрам.

— Праца трэнера вельмі складаная. Трэба быць не толькі прафесіяналам у сваім ві­дзе спорту. Вельмі важна знайсці падыход да кожнага вучня, усяліць у яго ўпэўненасць у сваіх сілах, матыва­ваць на поспех. Ад гэтага залежыць вельмі многае, у тым ліку і перамогі, — перакананы А.В.Шайтараў.

І сапраўды, майстэрства, псіхалагічная падтрымка Аляксандра Віктаравіча вельмі дапамагаюць яго выхаванцам у дасягненні спартыўных вышынь на рэспубліканскім і міжнародным узроўні. А.В.Шайтараў з’яўляецца трэнерам Казбека Кілава — сярэбранага і бронзавага прызёра чэмпіянатаў Еўропы сярод юніёраў, сярод моладзі, сярод мужчын, чэмпіёна свету сярод юніёраў. Значных спартыўных поспехаў таксама дасягнулі яго вучні Рустэм Эмір-Амзаеў, Яўген Бачко, Станіслаў Чыграй, Уладзіслаў Манкевіч, Мікіта Казакоў.

Плённая праца Аляксандра Віктаравіча не застаецца незаўважанай. Ён неаднаразова быў адзначаны ганаровымі граматамі мясцовых выканаўчых улад, Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму, Нацыянальнага алімпійскага камітэта, узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”.

Працоўная біяграфія А.В.Шай­тарава насычана яркімі фактамі, значнымі дасягненнямі. Нягле­дзячы на вялікі стаж, у яго планах — працаваць, разам з калектывам аднадумцаў працягваць удасканальваць фізкультурна-спартыўную работу з дзецьмі і моладдзю Магілёўшчыны.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.