Па дадатковыя веды — у завочную школу

Сідаровіч, В. Па дадатковыя веды — у завочную школу : [Магілёўскі абласны цэнтр творчасці] / Вольга Сідаровіч // Настаўніцкая газета. — 2020. — 16 мая. — С. 10.

Ужо больш за 30 гадоў у аддзеле адукацыйнай дзейнасці абласнога цэнтра творчасці ў Магілёве дзейнічае ўнікальная ў сваім родзе школа.

Яна незвычайная. Тут не чуваць званкоў, і назва ў яе нестандартная — абласная завочная многапрадметная школа. Аднак гэта самая сапраўдная школа са сваімі педагогамі, вучнямі, адзнакамі і вучэбнай праграмай.

А пачыналася ўсё з ініцыятывы Барыса Дзмітрыевіча Чабатарэўскага, распрацоўшчыка канцэпцыі ма­тэматычнай адукацыі ў Беларусі, аўтара падручнікаў па матэматыцы для 5—11 класаў. Пры яго ўдзеле ў тады яшчэ Магілёўскім палацы піянераў быў створаны філіял завочнай школы МДУ імя М.Ламаносава. Тады было вырашана пачаць дзейнасць школы з аднаго кірунку — “Юны матэматык”. Завочная школа стала хутка набіраць папулярнасць сярод навучэнцаў і школьных настаўнікаў. І неўзабаве было прынята рашэнне адкрыць новы напрамак — “Юны філолаг”.

З часам пачалося супрацоўніцтва Палаца піянераў з цяперашнім Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам імя А.А.Куляшова. Кіраўнікамі прадметных напрамкаў станавіліся выкладчыкі ВНУ. Сталі адкрывацца напрамкі па беларус­кай мове, фізіцы, біялогіі. Час ішоў. Хлопчыкаў і дзяўчынак, якія жадалі займацца ў завочнай школе, станавілася ўсё больш. Калі першапачаткова ўстанова стваралася для сельскіх дзяцей Магілёўскай вобласці, то паступова яе вучнямі станавіліся прадстаўнікі гарадскіх школ і нават школьнікі з Віцебскай вобласці.

На сённяшні дзень у завочнай многапрадметнай школе можна вывучаць практычна ўсе вучэбныя прадметы. Навучанне ажыццяўляецца па дзевяці напрамках: “Юны ма­тэматык”, “Юны філолаг” — па напрамках “Англійская мова”, “Русский язык”, “Беларуская мова”, “Юны фізік”, “Юны біёлаг”, “Юны хімік”, “Юны гісторык” — па напрамках “Гісторыя Беларусі”, “Грамадазнаўства”.

У залежнасці ад напрамку ў школу прымаюцца навучэнцы з 5 па 11 клас. Пачаць навучанне можна з любога класа, не здаючы ўступных экзаменаў. Форма навучання завочная. Займацца можна індывідуальна або ў групе “Калектыўны вучань”. Калектыўная форма навучання прадастаўляецца групе навучэнцаў ад 3 да 15 чалавек. Магчыма адначасовае навучанне па некалькіх напрамках. Залічэнне ў школу праводзіцца на падставе асабістай заявы вучня або па заяве настаўнікаў-прадметнікаў, калі навучанне будзе праводзіцца ў групе “Калектыўны вучань”.

Навучанне ў нас арганізоўваецца наступным чынам. Дзеці атрымліваюць кантрольныя заданні (5—7 работ на працягу навучальнага года) і ва ўстаноўлены тэрмін высылаюць іх у абласны цэнтр творчасці. Правераныя заданні адсылаюцца на працягу 2—3 тыдняў. У завочнай школе ацэнка работы 10-бальная, што дазваляе захаваць пераемнасць: школа — АЗМШ — УВА. Калі работа не залічана, навучэнец павінен унесці неабходныя выпраўленні з улікам усіх заўваг і выслаць яе на паўторную праверку.

Аднак навучанне ў завочнай школе не абмяжоўваецца толькі выкананнем кантрольных заданняў. Для старшых школьнікаў, пачынаючы з 8 класа, па кожным напрамку праводзяцца вучэбныя зборы. Яны ажы­ццяўляюцца штоквартал у тых раёнах, з якімі заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве. На сённяшні дзень гэта Чавускі і Слаўгарадскі. Для навучэнцаў 5—7 класаў штогод право­дзяцца алімпіяды. Акрамя таго, усім наведвальнікам завочнай школы прапануюць удзел у анлайн-кансультацыях па напрамку, які вывучаецца.

Варта адзначыць, што ўсю інфармацыю аб навучанні нашы вучні ў кароткай форме атрымліваюць у лісце з кожнай кантрольнай работай. Падрабязную інфармацыю аб завочнай школе прапануе афіцыйны сайт абласнога цэнтра творчасці (www.oct.by), дзе ў нас ёсць свая старонка (http://oct.by/extramural-school). Падлеткі, якія вучацца ў школе, і іх настаўнікі могуць знайсці на сайце ўсе кантрольныя заданні па кожным напрамку. Таксама педагогі завочнай школы перыядычна выкладваюць новы тэарэтычны матэрыял для асабліва дапытлівых вучняў.

У бягучым навучальным годзе ў завочнай многапрадметнай школе займаецца 1448 навучэнцаў з усіх раёнаў Магілёўскай вобласці. Многія дзеці вучацца адразу па 2—3 напрамках. Ужо традыцыйна ў лідарах школьнікі Чавускага раёна. Шмат актыўных хлопцаў і дзяўчат са школ Бабруйскага, Быхаўскага, Крычаўскага раёнаў. Вялікай папулярнасцю ў вучняў ЗМШ карыстаюцца вучэбныя зборы. Асаблівую цікавасць на зборах выклікае наведванне факультэтаў МДУ імя А.А.Куляшова і аграбіястанцыі “Любуж”. Нашы педагогі, а іх у нас 14, імкнуцца ператварыць усе заняткі ў завочнай школе ў цікавы, займальны і захапляльны працэс.

Сёння завочнае навучанне — гэта не навіна. Але ў той жа час як ніколі актуальная форма работы з навучэнцамі.

Вольга СІДАРОВІЧ,
метадыст ЗМШ аддзела адукацыйнай дзейнасці абласнога цэнтра творчасці.