Арцем’еў, В. Мужны воін, глыбінны сейбіт, светлы чалавек : [да 100-годдзя А. Пысіна] / Віктар Арцем’еў // Зямля і людзі. — 2020. — 8 ліпеня. — С. 11.
Вечнай памяці Аляксея Васільевіча Пысіна і да 100-годдзя з дня нараджэння прысвячаецца…
У гэтым годзе нашаму земляку, паэту Аляксею Пысіну, спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння. З гэтай нагоды беларускі пісьменнік Віктар Арцем’еў, які быў з ім у шчырым сяброўстве, выдаў эсэ, прысвечае светлай памяці майстра прыгожага беларускага пісьменства. Змест яго складае аповед пра жыццё і творчасць творцы, а ў якасці аргументаў прыведзены поўныя тэксты дванаццаці вершаў-шэдэўраў паэта. Сёння мы друкуем успаміны Віктара Іванавіча, зробленыя, без ўсялякага сумнення, таленавіта і глыбінна, ў скарочаным выглядзе.
А.В. Пысін — таленавіты і ўнікальны і тонкі лірык, а пра вайну яго творчасць фенаменальная: ён сказаў сваё слова франтавіка мацней за ўсіх беларускіх паэтаў, яно на ўзроўні Янкі Купалы, Аляксандра Твардоўскага, Канстанціна Сіманава. Хаця ўлады і не паспелі яго ўзнагародзіць званнем, ды ўсё роўна ён з намі, ён народны душою.
Вытокі яго ўнікальнай паэзіі з зямлі Краснапольскай, з Магілёўскага краю. Па прызнанні паэта, вёска Высокі Барок стала для яго “Вялікім народным універсітэтам з факультэтамі роднай мовы, народнай песні і народнага жыцця”.
Відаць, тады і нараджаўся паэт. Пісьменнік Віктар Карамазаў гэтую думку пацвердзіў і дапоўніў: “Яго жыццёвы якар урос у старажытнае курганне Прыдняпроўшчыны, сплёўшыся з карэннямі дубоў, якія стаяць на Дняпры, Сожы, Проні, Бесядзі, Палужцы, што бяжыць праз Высокі Барок (…). Ён узышоў на вышыню агульначалавечай культуры, стаў выдатным паэтам, але і гэтая вышыня на высакаборскім полі, дзе красуе і наліваецца жыта: “Мне ў жыта хочацца ўвайсці, / Мне вечнасцю здаецца жыта”.
Паэт не прамяняў Магілёў на Мінск. Да родных краявідаў, да палужскіх крыніц, да землякоў-магіляўчан і сялянскага фальклору паэт прырос сэрцам і душою, быў навечна прывязаны сялянскім вузлом, які, як трапна сказаў у вершы “Вузел”, нікому не ўдасца развязаць і нават рассекчы нельга, “не закрануўшы сэрца”.
Паэт, які салдатам прайшоў чатыры пякельныя франты Вялікай Айчыннай, зімой 1943 года быў у акопах на Проні, летам 1944 года вызваляў ад нямецкіх захопнікаў Горацкі раён, Віцебскую вобласць, а ў 1945 годзе — Прыбалтыку, які быў двойчы цяжка паранены, на свае вочы бачыў пачварны твар крывавай бойні, але амаль дзесяць гадоў пасля вайны паэт не паказваў яго чытачу, вершаў пра вайну не пісаў. І толькі пазней, праз шмат гадоў, паэт стварыў дзясяткі, хутчэй нават сотні вершаў-шэдэўраў.
Аляксей Пысін — выдатны майстар вершаў-успамінаў і элегічных балад, асабліва партрэтных: “Артылерыст Сірацінін”, “Балада пра сувязіста”, “Балада пра начлег”, “Вышыня капітана Гальпіна”, “Валуеў”, “Балада пра каску”, “Балада Буйніцкага поля” і яшчэ, і яшчэ. Тут роўных Пысіну няма.
Даследчык творчасці Пысіна вучоная Т.П. Хоміч у манаграфіі “Мастацкія канцэпцыі чалавека і свету ў лірыцы Аляксея Пысіна” (Мінск, 2009) зрабіла выснову: “Яго творы можна параўнаць з лепшымі ўзорамі ўласна-ваенных 1940-х гг. (А. Куляшова, П. Панчанкі, М. Танка, П. Броўкі, М. Сурначова) і разам з тым відавочна, што балады А. Пысіна — гэта ўсё ж больш глыбокі, асэнсаваны з дыстанцыі часу погляд на трагедыю вайны. Пісьменнік па-мастацку спалучае эпічна-дэталізаваную канкрэтыку з філасофска-аналітычнай абагульненасцю і праніклівасцю мыслення лірычнага героя”.
Літаратурны крытык Рыгор Бярозкін прыйшоў да высновы, што паэзія Пысіна “мае дзве сілавыя трасы”, якія ідуць ад зямлі: “адна бярэ вытокі ў бярозках на родным полі, другая — у акопах і траншэях мінулай вайны. І яны такія моцныя, што з-пад іх улады паэт не змог выйсці ні ў творчасці, ні ў жыцці”.
Паэзія Пысіна праўдзівая, як жыццё народа, яна залацінкамі зіхаціць у скарбе нацыянальнай мовы і культуры. Так сталася таму, што прырода ўвайшла ў свет пысінскай паэзіі ў прамой сувязі з духоўным жыццём чалавека. І яго вершы выпраменьваюць святло і цеплыню. Прырода ў паэта заўсёды адухоўленая, жывая. Яна грозная, але праўдзівая. І ў ёй заўсёды прыгажосць.
Багата радкоў пысінскіх твораў кранаюць чытача дакладнасцю, прыгажосцю, мудрасцю, незвычайнай ёмістасцю і вобразнасцю.
А. Пысін у сваіх творах уславіў чалавечнасць, дабрыню, веру ў непераможнасць дабра, любоў і павагу да маці і ўвогуле да жанчыны, да сваёй зямлі і Радзімы, да роднай матчынай мовы, любоў да чалавека і да ўсяго жывога на зямлі.
Тонкасцю, складанасцю і глыбінёй пачуццяў вызначаюцца вершы паэта аб каханні.
Увогуле, ад пысінскіх радкоў заўсёды струменіць подых дабраты, спагады, любові і святла. Эпітэты яго вершаў у большасці сваёй лагодныя: белы, светлы, блакітны, зялёны, чырвоны — усе колеры жывой прыроды, з якой паэт жыў у поўнай згодзе.
У сваіх творах паэт не павучае чытача, а шчыра дзеліцца з ім сакрэтамі майстэрства і з поўным даверам вядзе гамонку на роўных: ён вучыць чытача і сам вучыцца ад яго. І яму вучні і студэнты верылі. І сёння вераць. Сваімі паэтычнымі радкамі ён і сёння нясе маладым спрадвечную мудрасць народа, асвятляючы ім шлях, ён вядзе маладых у жыццё. Чытайце вершы, паэмы і казкі паэта: у іх вы знойдзеце багата парад-запаветаў, як ісці ў жыццё, як ісці па жыцці.
З 1974 года да апошняга дня жыцця А.В. Пысін узначальваў Магілёўскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў БССР.
Ён стварыў творчую школу беларускага прыгожага пісьменства: рэгулярна праводзіў для пачаткоўцаў у Магілёве і раёнах вобласці семінары, творчыя справаздачы, літаратурныя вечарыны. Лепшыя творы маладых аўтараў друкаваліся на літаратурнай старонцы газет “Магілёўская праўда” і “Літаратура і мастацтва”, у часопісе “Маладосць”. Да паэта за парадай звярталіся маладыя пісьменнікі нават з Гомеля і Віцебска. Сваім настаўнікам паэта лічылі Змітрок Марозаў, Мікола Леўчанка, Мікола Падабед, Апанас Палітыка, Марыя Панкова, Тамара Жэбіна, Віктар Ракаў, Анатоль Сербантовіч, Святлана Басуматрава, Аляксандр Мельнікаў, Алег Салтук і іншыя. Яны ў свой час выказалі свайму шчодраму настаўніку шчырую, ад сэрца ўдзячнасць радкамі прозы і паэзіі.
Святлана Басуматрава, напрыклад, прысвяціла тры выдатных лірычных вершы, а ва ўспамінах ёсць такія радкі: “Чалавек высакароднай душы, ён жыў шчодрым клопатам аб маладой змене. У адносінах яго да творчай моладзі была і бацькоўская трывога, і мудрасць настаўніка, і павага да маладзейшага таварыша па пяру. Ён умеў вучыць, не павучаючы, раіць, не навязваючы свайго погляду. Пысін як роўны роўнаму падаваў далонь маладому літаратару, а не ляпаў яго, як гэта часта робяць іншыя “класікі”, паблажліва па плячу”. Марыя Панкова ўсё гэта пацвярджае і вельмі ўжо здзіўляецца: “А куды сёння ўсё тое падзелася?” Сапраўды, багаты творчы вопыт працы Пысіна з маладымі сёння не запатрабаваны ні ў Магілёве, ні ў Мінску.
А.В. Пысін меў медаль “За адвагу”, ордэн “Дружбы народаў”, званні лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы і Заслужанага работніка культуры БССР. Выдаў больш як дваццаць кніг паэзіі. Яго творы выдаваліся на многіх замежных мовах. Яго імя ёсць у Вялікай Савецкай энцыклапедыі.
У Краснаполлі і Магілёве ёсць вуліцы імя Пысіна, на доме, у якім жыў, і ў Палужскай школе ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі, а яшчэ ў Палужы — літаратурны музей, у Магілёўскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна штогод ладзяцца Пысінскія чытанні.
І ўсё ж паэту як не дадалі пры жыцці, так і сёння не дастае той павагі і ўшанавання, якія ён заслужыў. Не ўбачылі свет абяцаныя савецкай уладай зборнік успамінаў і кніга яго прозы. А за ўсе наступныя гады ў Рэспубліцы Беларусь не выдадзена аніводнай яго мастацкай кнігі. І няма яму такой пашаны і павагі ў Магілёве, як Канстанціну Сіманаву, а ў Мінску — як Васілю Быкаву, Аркадзю Куляшову, Івану Чыгрынаву, увогуле народным пісьменнікам Беларусі, хаця Аляксей Пысін таксама паэт-класік. Спадзяюся, што настане час і гэтая памылка будзе выпраўлена.
Аляксей Пысін — Майстар прыгожага беларускага пісьменства. Ён слаўны сын Беларусі і паэт, народны душою. Яго паэзія ўслаўляе вечныя агульначалавечыя каштоўнасці. Слова і слава Пысіна жылі, жывуць сёння, будуць жыць стагоддзі, пакуль жыве беларускі народ і яго родная мова. Яны упэўнена ідуць у будучыню. Вечная слава і вечная памяць Аляксею Пысіну!
Віктар Арцем’еў
Здымак з архіва аўтара