Самаходка для Буйніцкага поля

Зігуля, Н. Самаходка для Буйніцкага поля : [новы экспанат на Буйніцкім полі] / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2020. — 11 ліпеня. — С. 3. 

Арсенал баявой тэхнікі на мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле» ў Магілёве папоўніла савецкая супрацьтанкавая самаходная артылерыйская ўстаноўка Су-100. Яе ўрачыстая перадача адбылася падчас мерапрыемства, прысвечанага 79-й гадавіне абароны Магілёва і 75-й — са дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Падобныя ўстаноўкі з’явіліся на ўзбраенні Чырвонай Арміі пасля таго, як праціўнік стаў выкарыстоўваць новы цяжкі танк «Тыгр», лабавая браня якога таўшчынёй 101 міліметр не прабівалася з дыстанцыі 500 метраў бранябойнымі снарадамі. Самаходка заняла сваё пачэснае месца на гераічным полі. Гэты тып тэхнікі выкарыстоўваўся ў баявых дзеяннях па вызваленні краін заходняй Еўропы са студзеня 1945 года.

У гонар абаронцаў і вызваліцеляў Магілёва былі ўскладзены кветкі да падножжа капліцы, адбылася рэканструкцыя баёў 1944-га за вызваленне Буйніч. Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць герояў хвілінай маўчання, быў дадзены трохразовы ружэйны залп.

Са словамі ўдзячнасці за мірнае неба над галавой і стабільнасць у краі не выступіў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід ЗАЯЦ. Ён падзякаваў Прэзідэнту за асабісты ўнёсак у вырашэнне пытання па перадачы гэтага сімвала мужнасці Савецкай арміі. Словы ўдзячнасці за ўдзел у агульнай справе ён таксама адрасаваў Міністэрству абароны і шклоўскім пошукавікам ваенна-патрыятычнага клуба «Пошук», якія аднавілі тэхніку. Удзел у цырымоніі ўзяў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Андрэй КУНЦЭВН, які таксама нагадаў пра неабходнасць берагчы мір і не забываць подзвіг абаронцаў і вызваліцеляў краіны. Ён падкрэсліў той факт, што перадачу тэхнікі Магілёву падтрымаў кіраўнік дзяржавы. «Для Беларусі тэма Вялікай Айчыннай вайны асобая, такіх месцаў у нас шмат, і Буйніцкае поле адно з іх, — канстатаваў ён. — Тут не трэба доўга расказваць пра тое, што адбылося, — дастаткова ўглядзецца ў мемарыяльныя пліты, паглядзець экспанаты, каб прасякнуцца ўзнёслым духам подзвігу савецкага салдата».

Нэлі ЗІГУЛЯ.