Занадта прыгожа. I страшна…

Семчанка, В. Занадта прыгожа. I страшна… : [прэм’ера спектакля «Пра Рамэа i Джульету… Толькi звалi iх Маргарыта i Абульфаз» у Магiлёўскiм абласным драматычным тэатры] / Вольга Семчанка // Культура. — 2016. — 30 красавiка. — С. 8.

26 красавіка на малой сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра адбылася прэм’ера монаспектакля «Пра Рамэа і Джульету… Толькі звалі іх Маргарыта і Абульфаз» паводле кнігі Святланы Алексіевіч «Час second­hand». Чарговы паказ запланаваны на май.

Аўтар пастаноўкі — актрыса тэ­атра Алена Дудзіч. Яна падкрэслівае, што доўгі час выношвала ідэю монаспектакля і выбрала згаданы ўрывак з твору Святланы Алексіевіч з падачы калегі — рэжысёра І акцёра Уладзіміра Пятровіча. Спадарыня Алена прызнаецца, што гісторыя армянскай жанчыны вельмі ўразіла яе, эмацыйна «зачапіла». Актрыса імкнулася надаць твору агульна-чалавечае, гуманістычнае гучанне, каб засцерагчы людзей ад варожасці і агрэсіі. Дарэчы, адразу пасля прэм’еры ў Магілёве яна выправілася ў Арменію, каб са сваёй новай працай прыняць удзел у фестывалі монаспектакляў «Арммона». Са­ма Алена Дудзіч найперш вылучае ў спектаклі любоўную лінію: ‘Тэта гісторыя кахання армянскай Джульеты і азербайджанскага Рамэа, якая нарадзілася падчас страшных падзей у Нагорным Карабаху, прайшла выпрабаванні варожасцю, смерцю і вайной, але засталася жывая. Няма аповесці больш сумнай у гэтым свеце? Дык і прыгажэйшай не адшукацъ!»

Актрыса выконвае ролю саракагадовай армянскай бежанкі Маргарыты, якая патрапіла ў эпіцэнтр канфлікту паміж армянамі і азербайджанцами Гераіня вымушана пакінуць родны, улюбёны Баку, каб пераехаць у чужую, абыякавую да яе лёсу Маскву. Шчырая, адкрытая і неверагодна мужная ды моцная — менавіта такой паўстае гераіня. Яе белая сукенка і такога ж колеру хустка ўспрымаюцца шлюбным уборам і сімвалам чысціні. Здавалася, актрыса не завучаную ролю іграе, а разам з гераіняй то блукае па пакутах, то пражывае хвіліны светлага шчасця. Яе вочы то зіхацяць радасцю, то засцілаюцца горам, калі Маргарыта распавядае пра гвалт і забойствы. Напэўна, у зале не застаецца абыякавых, а мабыць, нехта і прымервае гісторыю да сябе ці сваіх знаёмых. А колькі такіх лёсаў — паламаных войнамі, міжнацыянальнымі канфліктамі.

Жорсткі свет акружае бязвінных ахвяраў часу second-hand. I не кожны прыме споведзь Мар­гарыты, бо гэта «занадта прыгожая i страшная гісторыя, каб паверыць». «Вы мне верыце?» — пытаецца Маргарыта ў гледачоў напрыканцы. «Верым! Усім сэрцам!» — хочацца выгукнуць у адказ… Урэшце, каму як, відаць…

Спектакль «Пра Рамэа і Джу­льету…» — другая спроба Магілёўскага абласнога драмтэатра адаптаваць для сцэны найноўшы твор Святланы Алексіевіч. У рэпертуары ўжо маецца пастаноўка Уладзіміра Пятровіча паводле іншых фрагментаў кнігі.