Падчапіла, В. Дзень роднай мовы : [бібліятэка-філіял № 4] / В. Падчапіла // Бібліятэчны свет. — 2020. — № 5. — С. 37—38.
Якія знаёмыя назвы і словы,
Якая цудоўная родная мова!
I ўсё мілагучна для слыху майго:
I звонкае “дзе» і густое “чаго”…
П.Панчанка
З першых дзён свайго жыцця чалавек чуе гаворку блізкіх яму людзей — мамы, таты, бабулі і як бы ўбірае ў сябе інтанацыі іх галасоў. Паступова малое пачынае авалодваць мовай і спазнаваць навакольны свет, таму з самага нараджэння неабходна закласці ў душу дзіцяці гэту спадчыну — родную мову. Не здарма ў народзе кажуць, што без навукі ў жыцці можна абысціся, а без роднай мовы — нельга. I гэта менавіта так.
У цэлым свеце налічваецца ад 3 да 5 тысяч розных моў. Сярод іх так званыя сусветныя мовы — беларуская, руская, англійская, французская, нямецкая, іспанская. Ёсць дзяржаўныя або афіцыйныя мовы. А большасць моў не маюць ніякай афіцыйнай “пасады” — на іх проста размаўляюць.
Няхай сёння беларуская мова моцная, распаўсюджаная, абароненая заканадаўствам, але няма гарантыі, што ўжо заўтра яна не трапіць у cпic тых трох тысяч, гатовых знікнуць. Каб гэтага не адбылося, вялікія намаганні прыкладаюць таксама і бібліятэкі.
Не стала выключэннем бібліятэка-філіял № 4 імя М. Лермантава. 21 лютага ў шумлівыя паўсядзённыя размовы супрацоўнікаў, наведвальнікаў і чытачоў бібліятэкі ўключылася важкае, выверанае стагоддзямі, поўнае мудрасці і стваральнай энергіі Роднае Слова — пачаўся моўны марафон “Паўгадзіны з роднай мовай”.
“Мова — гэта вялікі народны скарб. Яго нельга не шанаваць, як нельга не шанаваць родны народ, родную зямлю. Той, хто не паважае роднай мовы, той не паважае роднага народа», — так гаварыў вядомы беларускі пісьменнік Іван Мележ.
Такімі словамі ў бібліятэцы-філіале № 4 імя М. Лермантава пачаўся моўны практыкум “Як сказаць па-беларуску?”. Прысутныя, а гэта вучні 6 “В” класа ДУА “Сярэдняя школа № 31 г. Магілёва”, дакрануліся да крыніц беларускай мовы, успомнілі беларускія загадкі і прыкметы, жарты і лічылкі, а таксама вершы, казкі, апавяданні беларускамоўных аўтараў, папрактыкаваліся ў перакпадзе слоў, пры-казак і прымавак на беларускую мову. На мерапрыемстве панавалі кемлівасць, гумар, артыстызм. Вучні праявілі сябе сапраўднымі знаўцамі роднай мовы.
У гэты дзень усе наведвальнікі бібліятэкі змаглі пачуць мілагучнасць нашай роднай мовы. На працягу дня ў бібліятэцы гучалі беларускія песні. Таксама наведавальнікі бібліятэкі з задавальненнем прымалі ўдзел у конкурсе эрудытаў беларускай мовы “Пішы без памылак”, пераможцы якога ўзнагароджваліся медалём “Знаўца беларускай мовы”.
Жыхары мікрараёна Юбілейны прымалі ўдзел у экспрэс-апытанні “Маё любімае слова па-беларуску”.
У гэты святочны дзень магілёўцы ад супрацоўнікаў бібліятэкі атрымлівалі памяткі “Размаўляй са мной па-беларуску”, якія нагадвалі, як правільна павітацца або развітацца, выказаць падзяку і г. д.
На працягу дня ў чытальнай зале сектара па рабоце з дзецьмі дэманстравалася відэаэкскурсія “Па краіне беларускай літаратуры”, дзе былі згаданы біяграфічныя і творчыя старонкі жыцця беларускіх пісьменнікаў, а таксама гучалі сучасныя і народныя песні на беларускай мове.
Чалавеку трэба шмат чаго ведаць. Трэба ведаць сваю мову, трэба ведаць свае казкі і казкі іншых народаў, трэба ведаць свае прыказкі і прыказкі іншых народаў, трэба ведаць танцы свае і танцы іншых народаў. Безумоўна, найлепш і найперш трэба ведаць ўсё роднае. Трэба ведаць, любіць, шанаваць і не забываць сваю родную, цудоўную мову.
Супрацоўнікі бібліятэкі ўпэўнены, што гэты дзень дазволіў перажыць моцныя пачуцці, атрымаць задавальненне і яшчэ раз пераканацца, што родная мова — каштоўны скарб, якім мы павінны ганарыцца і шанаваць. Колькі б моў на свеце не існавала, беларуская мова застанецца назаўсёды роднай і кожны будзе любіць і вывучаць сваю родную мову. Хочацца верыць, што моўны марафон, які быў арганізаваны ў бібліятэцы, памножыў пачуццё гонару за сваю Радзіму, за свой народ у душах і дзяцей, і дарослых.
Дзень Роднай мовы прайшоў, а роднае слова тлумачыць і далей нам усе дзівосы свету. I словы Змітрака Бядулі павінны гучаць як лейтматыў у нашым далейшым жыцці:
“Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў / вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе шанаваць будзеш — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова”.