Дашкольнікі гуляюць у тэніс

Сінькевіч, Г. Дашкольнікі гуляюць у тэніс : [секцыя тэніса адкрылася ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 8 Магілёва] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2020. — 22 кастрычніка. — С. 3. 

Секцыя тэніса адкрылася ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 8 Магілёва.

— У прыярытэце дзейнасці нашай установы — стварэнне адукацыйнай прасторы для раскрыцця патэнцыяльных магчымасцей і самарэалізацыі выхаванцаў. У нас створаны самыя сучасныя ўмовы для знахо­джання, усебаковага развіцця і ўмацавання здароўя дзяцей. Для ўсіх жадаючых наш цэнтр прапануе шырокі спектр платных адукацыйных паслуг: “Гімнастыка розуму”, “Дзіцячы фітнес”, “Свет мастацтва “Палітра”, “Навучанне плаванню”, “Танцавальны калейдаскоп”, “Школа мяча”, “Англійская мова” і “Тэніс”. Адкрываючы секцыю тэніса, мы зыходзілі з запытаў бацькоў і інтарэсаў саміх выхаванцаў, — паведаміла намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Ірына Загорская.

Паводле яе слоў, секцыя тэніса ўзнікла дзякуючы ініцыятыве Магілёўскага абласнога аддзялення РГА “Беларуская тэнісная федэрацыя”. У якасці спонсарскай дапамогі ад федэрацыі дашкольнай установе быў перада­дзены ўвесь неабходны для арганізацыі заняткаў спартыўны інвентар.

— Жадаючых займацца тэнісам было вельмі многа. Зараз для заняткаў ужо сфарміраваны тры падгрупы агульнай колькасцю 30 чалавек. Гэта выхаванцы сярэдніх і старшых груп ва ўзросце ад 4,5 да 6 гадоў. Мы не выключаем, што ў найбліжэйшы час колькасць груп можа быць павялічана, — расказала Ірына Леанідаўна.

Заняткі ў секцыі тэніса праводзіць кіраўнік фізічнага выхавання ДЦРД № 8 Ганна Брыль. Для якаснага правядзення трэніровак педагог прайшла спецыяльнае навучанне і атрымала адпаведны сертыфікат.

— Заняткі праходзяць па спецыяльнай адукацыйнай праграме, разлічанай на дашкольнікаў. Асновы тэніса мы спасцігаем у гульнявой форме. Заняткі доўжацца 30 хвілін. Пачынаем з размінкі, а пасля адпрацоўваем розныя прыёмы. Малышы вучацца правільна трымаць ракетку, працаваць з мячом. Плануем таксама вывучаць тэарэтычныя асновы, правілы гульні.

А яшчэ ў планах правядзенне ўласных міні-турніраў па тэнісе. Навучанне бу­дзе разлічана на два гады. За гэты час нашы выхаванцы змогуць атрымаць першасныя навыкі гульні ў тэніс і, калі ўзнікне жаданне, працягнуць трэніроўкі ўжо ў ДЮСШАР, — адзначыла Ганна Барысаўна.

Як падкрэсліла спецыяліст па сувязях з грамадскасцю і СМІ абласнога аддзялення РГА “Беларуская тэнісная федэрацыя” Таццяна Гладкая, на дадзены момант ДЦРД № 8 Магілёва — адзіная дашкольная ўстанова ў рэгіёне, дзе арганізавана секцыя тэніса. Аднак у перспектыве рэгіянальнае аддзяленне мае намер павяліч­ваць іх колькасць.

— Сваёй асноўнай задачай мы бачым развіццё і папулярызацыю тэніса сярод розных слаёў насельніцтва. Асабліва цудоўна, калі дзеці ўжо з дашкольнага ўзросту захапляюцца тэнісам. Так прывіваецца любоў да гэтага віду спорту. Гэта вельмі важна. Бо чым раней пачынаеш гуляць, тым больш шансаў у далейшым прыйсці да высокіх спартыўных вынікаў. Па сутнасці з такіх секцый для многіх дзяцей можа пачацца іх дарога ў вялікі тэніс, — адзначыла Таццяна Гладкая.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.