Кудрэйка, Н. «Анімаёўка» ўручыла ўзнагароды : [XXIII Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка»] / Надзея Кудрэйка // Культура. — 2020. — 31 кастрычніка. — С. 2.
Сёлета ў конкурсы анімацыйных фільмаў і дзіцячай анімацыйнай творчасці было заяўлена 283 стужкі з 45 краін свету. На конкурс дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці было прадстаўлена 350 работ з Беларусі, Расіі і Казахстана.
Адметна, што галоўны прыз “Анімаёўкі” за “лепшы анімацыйны фільм фестывалю” другі год запар уручаецца кітайскім творцам: сёлета за фільм “Басаногі Буда”, а летась перамагла стужка “Душы патопленых дзяўчынак” рэжысёра Рунцэ Цао. “Лепшым анімацыйным фільмам для дарослых” прызналі работу рэжысёраў Давіда Штумпфа і Міхаіла Міхалі “Непрыемнасці здараюцца” сумеснай вытворчасці Чэхіі, Францыі і Славакіі. “Лепшым эксперыментальным анімацыйным фільмам” стала іспанская карціна “Лурсагуак. Сцэны з жыцця” рэжысёра Ізібэне Анадэра. Прыз як “лепшы рэжысёр анімацыйнага фільма” атрымаў Дзмітрый Гелер, аўтар расійскай стужкі “Гаспадыня Меднай гары”. Прызоў і намінацый у конкурсах было вельмі многа. Яшчэ можна адзначыць, што прыз за “лепшы беларускі анімацыйны фільм” атрымала рэжысёр Рыта Шаграй з фільмам “Цацка”, прысвечаным 75-годдзю Перамогі.
Ганаровы дыплом “Майстру анімацыі” і прыз “Вялікі хрустальны аловак” за значны ўклад у развіцце анімацыі быў уручаны рэжысёру і мастаку-пастаноўшчыку кінастудыі “Беларусьфільм” Таццяне Кубліцкай. Яна ж узначальвала і журы конкурсу дзіцячай анімацыйнай творчасці.
Сярод дзяцей — творцаў мультфільмаў — у намінацыі “Самы юны стваральнік анімацыйнага фільма” перамагла дзіцячая студыя анімацыі “МультыФокус” з Барысава: “Малы хрустальны аловак” атрымала стужка “Прытча “Мыш і верабей”, педагог студыі — Вікторыя Мірончык. У намінацыі “Лепшы дзіцячы анімацыйны фільм” перамагла стужка “Чакай мяне” магілёўскай дзіцячай студыі “Аловак”, педагог — Анастасія Клачкова. За “лепшы сцэнарый” была адзначана расійская работа “Батарэйны заяц” са студыі анімацыі “Дом” з Бердска. Уручаліся прызы за лепшы пазнавальны фільм, за самы добры фільм, і вялікае мноства самых розных. Лепшым беларускім фільмам, створаным дзецьмі, прызналі карціну “Як мухаморы вайну пачыналі” аўтара Аляксандра Клінцова з магілёўскай студыі “Аловак”.
Гэтаксама вялікую колькасць прызоў і ўзнагарод адпаведна са сваёй узроставай катэгорыяй атрымалі і ўдзельнікі Конкурсу дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.