Гарохава, Л. Культурны ракурс : [скульптура «Астролаг» у Магiлёве] / Лiдзiя Гарохава // Лiтаратура i мастацтва. — 2016. — 29 красавiка. — С. 16.
Магілёў выклікае цікавасць у турыстаў гістарычнымі будынкамі, якія былі ўзведзены ў XVIII—XIX стагоддзях, музеямі і цэрквамі. Аднак самае папулярнае месца ў горадзе — плошча Зорак. Сваю назву плошча атрымала дзякуючы таму, што імёны вядомых і выбітных асоб горада ўвекавечаны на гэтым месцы ў камені ў форме зорак і скульптуры «Астролаг». Гэты помнік, вышынёй у сем метраў, з’явіўся ў 2004 годзе. Для ажыццяўлення задумы было прынята рашэнне запрасіць Уладзіміра Жбанава, вядомага беларускага скулыітара, у якога лепш за ўсё атрымліваецца ўвасабляць чалавечыя вобразы ў камені.
…На высокім крэсле сядзіць задуменны Астролаг. Побач з ім тэлескоп, які ўяўляе сабой стрэлку-паказальнік сонечных гадзін. Кожную ноч у тэлескопе ўключаецца магутны пражэктар. Сілы яго праменя хапае на тое, каб з космасу можна было ўбачыць, дзе размешчаны Магілёў і дзе — плошча Зорак. Вакол Астролага стаяць крэслы: кожнае крэсла адпавядае вызначанаму знаку задыяка.
Сёння з гэтым месцам звязана нямала легенд і прыкмет. Паводле адной з іх, перад тым, як прыступіць да сваёй працы, скульптар пракансультаваўся з дасведчанымі астролагамі. Тыя адкрылі Жбанаву сакрэт: пры правільным размяшчэнні скульптурнай кампазіцыі зоркі могуць выканаць жаданне! Але… Чалавек павінен нешта прасіць, седзячы на крэсле са сваім знакам задыяка, пры гэтым жаданне павінна быць сапраўды запаветным. Згодна з другой прыкметай, дастаткова проста дакрануцца пальцам левай рукі да скульптуры. Лепш — да лба Астролага: у ім збіраецца велізарная колькасць энергіі з космасу, і чалавек зарадзіцца поспехам для ўсіх пачынанняў і спраў!
Дарэчы, плошча, дзе размешчаны помнік, папулярнае месца не толькі для гасцей, але і гарадской моладзі. Часцяком менавіта тут праходзяць розныя святочныя мерапрыемствы і канцэрты.