Конкурс не адмяняецца, Беларусь прадстаўляе магіляўчанка

Кудрэйка, Н. Конкурс не адмяняецца, Беларусь прадстаўляе магіляўчанка : [на дзіцячым Еўрабачанні-2020 Беларусь прадставіць магіляўчанка А. Пехцерава] / Надзея Кудрэйка // Культура. — 2020. — 24 кастрычніка. — С. 7. 

Фінал 18-га міжнароднага конкурсу песні “Дзіцячае Еўрабачанне” адбудзецца 29 лістапада, Беларусь на ім прадставіць 12-гадовая Арына Пехцерава з Магілёва. Як і дарослае, “Дзіцячае Еўрабачанне” сёлета таксама пройдзе ў анлайн-фармаце. Хіба што яму пашчасціла трохі болей: у ім будзе інтрыга спаборніцтва, будуць фаварыты і будуць пераможцы. “Move the world!”— “Рухай свет!” — слоган сёлетняга песеннага свята.

/i/content/pi/cult/821/17564/011.jpgЯшчэ пад час правядзення мінулагодняга фестывалю ў польскім Глівіцэ стала вядома, што Польшча і праз год прыме конкурс. Прыкметна, што два мінулыя гады на фестывалі перамагалі польскія артысткі: у 2018-м — Раксана Венгель, летась — Вікі Габар, і такім чынам склалася ўражанне, што менавіта Польшча апошнім часам вядзе рэй у гэтай справе. Але сёлета ўсё можа змяніцца, бо наша канкурсантка Арына Пехцерава са сваёй песняй “Пришельцы” зараз лічыцца адным з галоўных фаварытаў.

Каранавірус парушыў многія планы. Дарослае “Еўрабачанне” ў маі не мела дастаткова часу для адпаведнай падрыхтоўкі і таму прайшло не ў выглядзе конкурсу, а проста як канцэрт. А вось дзіцячае, што традыцыйна ладзіцца восенню, было гатовае да новых неспрыяльных умоў і пры дапамозе інтэрнэту ладзіць сапраўднае спаборніцтва: кожны канкурсант у студыі сваёй краіны запісвае ролік з жывым вакалам, пад час трансляцыі нацыянальныя журы і ўсе гледачы слухаюць, ацэньваюць і выстаўляюць адзнакі. Польскія вядучыя будуць працаваць ў варшаўскай студыі. Краіны рыхтуюць свае конкурсныя нумары згодна з рэкамендацыямі, эскізамі і макетамі сцэны, разасланымі Еўрапейскім вяшчальным саюзам.

Сёлета ў “Дзіцячым Еўрабачанні” прымуць удзел 13 краін — Польшча, Сербія, Іспанія, Нідэрланды, Расія, Україна і іншыя. Дэбютуе Германія.

Каго выбрала Беларусь

Белтэлерадыёкампанія сёлета не стала ладзіць нацыянальны адбор у выглядзе традыцыйнага конкурснага канцэрта ў прамым эфіры: з улікам пандэмічнай сітуацыі і з клопатам пра здароўе артыстаў і членаў іх сем’яў было прынята рашэнне вызначыць прадстаўніка краіны шляхам унутранага адбору. Усе заяўкі былі разгледжаны, адслуханы, і Белтэлерадыёкампанія абрала песню “Пришельцы” ў выкананні Арыны Пехцеравай.

Выбар менавіта гэтай юнай артысткі ніяк не назавеш выпадковым. У свае 12 гадоў Арына і спявала з самых вялікіх сцэн, і многа-многа разоў пабыла гераіняй тэлеэфіраў і артыкулаў, сабрала вялізную колькасць праглядаў на YouTube, атрымала каля 30-ці Гран-пры на самых розных беларускіх і міжнародных конкурсах. На расійскім тэлевізійным праекце “Голас. Дзеці” запомнілася віртуозным выкананнем славутай джазавай кампазіцыі з рэпертуару Элы Фітцджэральд і іскрамётнай радасцю ад таго, што трапіла ў каманду Святланы Лабада. А ва ўзросце сямі гадоў так уразіла Наргіз Закіраву на канцэрце ў Магілёве, заспяваўшы разам з зоркай яе хіт, што відэа з гэтымі спевамі стала неверагодна папулярным у інтэрнэце, а пра маленькую Арыну Пехцераву напісалі газеты і знялі сюжэты галоўныя тэлеканалы краіны.

Арыну мы бачылі і ў папярэдніх адборах на “Дзіцячае Еўрабачанне”, на “Славянскі базар”. Яна ўражвае сваім моцным і па-даросламу ўпэўненым вакалам, неўтаймоўным тэмпераментам і аптымізмам. Менавіта пра такіх кажуць — прыроджаная артыстка. Апошнія тыдні яна як сапраўдная зорка раздае інтэрв’ю, у сваім Інстаграме вядзе прамыя эфіры і адказвае на пытанні аматараў “Еўрабачання” з усёй Еўропы. І, галоўнае, рыхтуе нумар.

— Трапіць на “Дзіцячае Еўрабачанне” я марыла практычна з шасці гадоў. Бо ў студыі, у якую пайшла займацца, займалася і Лідзія Заблоцкая, лаўрэат “Дзіцячага Еўрабачання — 2011” — яна стала для мяне прыкладам. Потым з’явіліся і іншыя мары — пра “Славянскі базар у Віцебску”, пра “Голас. Дзеці”. Я ўважліва сачу за трыма гэтымі конкурсамі. Гляджу, канешне, і дарослае “Еўрабачанне”.

— Упэўнена, што трапіць на дарослае “Еўрабачанне” будзе тваёй наступнай марай. А хто з удзельнікаў гэтых конкурсаў запомніўся?

 — Усіх не згадаю, іх вельмі многа. З “Дзіцячага Еўрабачання” мне вельмі падабалася наша беларуская Хелена Мерааі. З дарослага моцна ўразіў леташні пераможца Дункан Лоўрэнс з Нідэрландаў, які спяваў і іграў на фартэпіяна. Канешне, я мару пра дарослае “Еўрабачанне”. (смех)

— Табе пашанцавала атрымаць права прадстаўляць нашу краіну, але не пашанцавала ў тым сэнсе, што ты нікуды не паедзеш, не акунешся ў атмасферу гэтага свята.

— Канешне, трошачкі крыўдна. Хацелася б пазнаёміцца з усімі канкурсантамі, з’ездзіць у іншую краіну, выйсці на вялікую сцэну. Але я лічу, што арганізатары паступілі правільна, бо здароўе і бяспека вельмі важныя.

— Ці задаволена ты сваёй песняй “Пришельцы”?

— Вельмі! У ёй глыбокі сэнс, а не проста прыгожая мелодыя і магчымасць паказаць вакальныя здольнасці. “Пришельцы” — гэта мы, людзі, што прыйшлі на Зямлю. Але мы не разумеем і не цэнім таго, што нам дадзена, і самі жа псуем планету. А павінны яе захоўваць для нашых патомкаў. Як там спяваецца: “Ведь Земле нужна помощь, надежда на нас”. Тэма звязаная і з той сітуацыяй, у якой планета апынулася ў сувязі з каранавірусам. Увесну, калі пісалася песня, усё гэта якраз пачыналася, і людзі тады перасталі бачыцца адзін з адным, было трывожна. Заканчваецца ўсё словамі: “Небо плачет. Солнце встало. Смотри! Светлей стало”.

— Ты прайшла неверагодную колькасць конкурсаў. Які найбольш запомніўся?

— На гэты момант самыя лепшыя і яскравыя адчуванні ў мяне ад удзелу ў расійскім тэлепраекце “Голас. Дзеці”. Я там была проста самым шчаслівым дзіцёнкам. Бо марыла трапіць менавіта ў каманду Святланы Лабада — так і здарылася! Тады я выконвала джазавы твор, але люблю я не толькі джаз, але і эстраду, папулярную музыку. Святлана Лабада мне вельмі падабаецца — у яе прыгожы тэмбр, незвычайныя песні. З расійскіх мне падабаюцца Паліна Гагарына, Баста. А ўвогуле люблю і захапляюся Арыянай Грандэ, яна выдатная вакалістка.

— У цябе такі артыстычны, баявы тэмперамент, пры гэтым, як я бачу па выступленнях, стальныя нервы. Адразу ведала, што будзеш артысткай?

— Я заўсёды была такой вясёлай, незвычайнай дзяўчынкай. Не сумавала. (смех) У дзіцячым садку ўдзельнічала ва ўсіх нумарах, якія толькі былі на ранішніках, — спявала, танцавала, чытала вершы. І дагэтуль памятаю выпадак, як мяне не паставілі ў адзін нумар і я страшэнна крыўдавала!

— Раскажы пра сваю сям’ю, ці ёсць у ёй музыканты?

— Мая сям’я з Магілёва, дзед Іван Пехцераў быў вядомым паэтам. Мама, бабушка, сястра Інара. Мама іграе на фартэпіяна, Інара калісьці таксама спявала — у яе вельмі прыгожы голас, а зараз працуе ў банку і займаецца маімі творчымі справамі.

— Табе не заўсёды шанцавала з перамогамі, як ты ставішся да няўдач?

— Абсалютна спакойна. Здараецца, на нейкіх конкурсах бачу такія сітуацыі, што чалавек прайграў, і тут жа: “Значыцца, гэта не маё, кіну я гэтую справу!” Так рабіць нельга ні ў якім выпадку.Мне здаецца, калі чалавек не надта і хоча, то ў яго нічога і не атрымаецца. А я заўсёды хацела. І пры кожнай няўдачы я лічу, што для мяне гэта проста яшчэ адна прыступка вопыту.

— Ты спяваеш па-даросламу ўпэўнена, і разважаеш не як маленькая дзяўчынка. Ці часта даводзіцца чуць, што ты нейкая занадта дарослая?

— Пастаянна! Пра сябе я чула нават такое: “Быццам тры разводы перажыла”. (смех) Тады я была зусім маленькай і спявала нейкую чуллівую песню. За мой голас пра мяне яшчэ ў 6 гадоў думалі, што 12, проста я маленькага росту.

Дзе гадуюцца пераможцы

Арына Пехцерава вучыцца ў Магілёўскай гарадской гімназіі №1 і з’яўляецца вакалісткай прадзюсарскага цэнтра “Анёлы дабрыні”. З шасці гадоў яе педагог па вакале і ў гімназіі, і ў цэнтры — Таццяна ГАЛІНОЎСКАЯ. У сваёй студыі “Анёлы дабрыні” яна вырасціла многіх вядомых юных артыстаў: і лаўрэата “Дзіцячага Еўрабачання” Лідзію Заблоцкую, і ўладальніцу Гран-пры дзіцячага конкурсу “Славянскага базару ў Віцебску” Марыю Магільную, і многіх з тых, за каго мы заўзеем на расійскіх і ўкраінскіх тэлешоу. Сын Таццяны Галіноўскай Міця Пухоўскі таксама бліскуча паўдзельнічаў у “Голас. Дзеці”. Разам з Арынай Пехцеравай Таццяна Галіноўская прайшла ўсе магчымыя конкурсы.

— Арына адразу была яркай, калі ў шэсць гадоў прыйшла да мяне ў студыю: абсалютна нічога не баялася, не саромелася. Я разумела, што з гэтай дзяўчынкі атрымаецца сапраўдная артыстка. Сярод іншага мы некалькі разоў спрабавалі з ёй трапіць на “Славянскі базар”, але ўвесну на адборы занялі толькі другое месца, на “Дзіцячае Еўрабачанне” сёлета трапілі толькі з чацвёртай спробы.

— Калі слухаеш, як Арына спявае, то здзіўляешся таму, што яна не заўсёды перамагае.

— У падобных конкурсах задзейнічана многа аспектаў, усё павінна супасць. Але спявае яна насамрэч упэўнена — падчас людзі нават думаюць, што гучыць фанаграма. За Арыну я заўсёды спакойна, бо яна стабільна. Я ведаю, што яна прадэманструе ўсё тое, што мы рыхтавалі.

— Чыя была ідэя сёлета ізноў заяўляцца на “Дзіцячае Еўрабачанне”, калі раней з ім не шчасціла?

— У Арыны ёсць анёл-ахоўнік — сястра Інара. І пасля столькіх спроб я думала, што яна ўжо апусціць рукі. Але Інара сказала — давай яшчэ раз паспрабуем! А для гэтага ж патрэбныя сродкі — песня, аранжыроўка. Мы сціпла ўзялі песню нашага магілёўскага аўтара, узялі мясцовага аранжыроўшчыка. І на перамогу неяк не разлічвалі. А вось атрымалася, што Арына ў фінале, больш за тое — яе песня ў спісе фаварытаў еўрапейскіх слухачоў.

— Аўтар песні — знакаміты колісь у беларускай рок-музыцы лідар і вакаліст магілёўскай групы Nevma Даніла Забела. Як вы знайшлі адзін аднаго?

— А мы з ім разам вучыліся ў магілёўскім філіяле Акадэміі музыкі, разам спявалі ў аркестры народных інструментаў Леаніда Іванова. Даніла Забела — і вакаліст выдатны, і аўтар песень, і ўвогуле — чалавек-аркестр. Зараз у школе мастацтваў ён выкладае ігру на балалайцы. Мы сустрэліся, і я прапанавала яму пачаць пісаць песні для артыстаў з майго прадзюсарскага цэнтра. Даніла паказаў сябе як выдатны кампазітар і паэт, бо акрамя ўсяго ён піша пад канкрэтнага маленькага артыста. Аранжыроўку зрабіў наш гукарэжысёр Дзяніс Манёнак, і ўсё выдатна супала.

Прамую трансляцыю “Дзіцячага Еўрабачання — 2020”, якое пройдзе 29 лістапада, будуць весці тэлеканалы “Беларусь 1” і “Беларусь 24”.