Харчовая бяспека гарантавана

Заяц, Л. Харчовая бяспека гарантавана : [гутарка са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Л. Зайцам] / Леанід Заяц ; гутарыла Нэлі Зігуля // Звязда. — 2020. — 11 лістапада. — С. 7. 

Тое, што атрымалася сабраць добры ўраджай, — заслуга перш за ўсё людзей, якія працуюць у сельскай гаспадарцы. I вялікі ўклад у агульнарэспубліканскі каравай унеслі аграрыі Магілёўскай вобласці.

ВАЛАВЫ намалот склаў больш за мільён тон зерневых і зернебабовых культур. Гэта значна больш, чым летась, — падкрэсліў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід ЗАЯЦ. — Істотна вырасла і ўраджайнасць. Тры раёны вобласці — Магілёўскі, Шклоўскі і Горацкі — здолелі пераадолець 100-тысячную мяжу намалоту і ўвайшлі ў лік 20 найлепшых раёнаў краіны.

Рэкордная ўраджайнасць — 50 цэнтнераў з гектара зерневых і звыш 30 цэнтнераў з гектара рапсу — скарылася адразу шэрагу нашых гаспадарак. Сярод іх — ААТ «Александрыйскае» (Шклоўскі раён), СВК «Гігант» (Бабруйскі раён), СВК «Калгас «Радзіма» (Бялыніцкі раён).

Хачу асабліва адзначыць і ад усёй душы падзякаваць перадавікам жніва. 358 экіпажаў зернеўборачных камбайнаў сёлета забяспечылі намалот у тысячу і болей тон. Такі ж вынік на адвозцы зерня з палёў паказаў 281 кіроўца.

Як і год таму, у лідарах экіпаж камбайнераў з «Калгаса «Радзіма» Бялыніцкага раёна. Мікалай Дарэчкін і Канстанцін Саладуха намалацілі больш за 4300 тон зерня, а разам з рапсам — амаль 5000 тон.

Прыемна адзначыць, што побач з вопытнымі камбайнерамі паспяхова працавала і наша моладзь. Гэта сведчыць аб тым, што ў нас надзейная змена, якая гатова працаваць на карысць краіны і народа.

Аграрыі Магілёўскай вобласці з гонарам выканалі галоўную задачу, якую паставіў Прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, — завяршыць жніво ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны.

Мы перавыканалі заданне на пастаўку хлеба па дзяржзаказе, нарыхтавалі неабходны запас насення на наступны год, забяспечылі неабходны запас фуражу для жывёлагадоўлі. Створаны моцны падмурак для далейшага развіцця сельскагаспадарчай галіны і павелічэння дабрабыту нашых людзей.

Усе гэтыя вынікі сталі магчымымі дзякуючы мабілізацыі і аб’яднанню патэнцыялу сельскагаспадарчых арганізацый, агульным намаганням усіх працаўнікоў сяла, спецыялістаў і кіраўнікоў. Гэта адбылося дзякуючы мужнай, гераічнай працы нашых аграрыяў.

Мы разумеем, што наперадзе яшчэ шмат задач. Магілёўскім аграрыям па сілах сабраць ураджай у 1,5 мільёна тон. А для гэтага неабходна замацаваць у сваёй рабоце галоўныя прынцыпы — жорсткую выканаўчую дысцыпліну і дыктатуру тэхналогій.

Я хачу падзякаваць усім працаўнікам аграпрамысловага комплексу за працавітасць, самаадданасць, любоў да сваёй зямлі, за хлеб на нашых сталах, за прадукцыю, якой вы забяспечваеце краі ну і якая карыстаецца вялікім попытам за мяжой. За тое, што высока ўзнялі беларускі брэнд.

Любая краіна імкнецца забяспечваць харчовую бяспеку. Але не ўсім гэта ўдаецца. Беларускі АПК за апошнія чвэрць стагоддзя зрабіў вялізарны крок у развіцці. Дзякуючы падтрымцы кіраўніка дзяржавы, мы дасягнулі ўражлівых вынікаў. З гонарам гэта адзначаем і працягваем імкнуцца наперад.

Ад імя Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта і сябе ўласна віншую працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці з прафесійным святам — Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці! Жадаю вам і вашым сем’ям моцнага здароўя, шчасця і мірнага неба над галавой. Вы гонар краіны, яе аснова і надзея.