Зігуля, Н. Урачы заклікаюць надзець маскі : [нарада ў Магілёўскім аблвыканкаме па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі] / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2020. — 19 лістапада. — С. 2.
Апараты ШВЛ, кіслародныя пункты, чэргі на вуліцах, ПЛР-дыягностыка — усе гэтыя і ін-шыя пытанні агучваліся падчас нарады ў Магілёўскім аблвыканкаме па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі.
Магілёўская вобласць першая ў краіне аб’явіла масачны рэжым, і гэта, на думку спецыялістаў, дапамагло запаволіць працэс распаўсюджвання небяспечнай хваробы.
Як распаўсюджваецца каранавірусная інфекцыя і якая дапамога патрэбна яшчэ з боку дзяржавы, гэтыя пытанні цікавілі ў першую чаргу старшыню аблвыканкама Леаніда ЗАЙЦА. Ён стаў ініцыятарам правядзення нарады, каб пачуць з першых вуснаў, ці ёсць праблемныя пытанні, якія трэба вырашаць неадкладна.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр СТАРАВОЙТАЎ адзначыў, што сітуацыя па захваральнасці на COVID-19 у вобласці сур’ёзная, але кантралюемая. Пад назіраннем медыкаў на 18 лістапада знаходзілася 18 тысяч «ковідных» пацыентаў і кантактных асоб, 22 тысячы ўжо паправіліся. Асноўная нагрузка лягла на паліклінікі, на ўліку якіх у чатыры разы болей пацыентаў, чым у стацыянарах. Усе паліклінікі падзелены на «чырвоную» зону, дзе прымаюць пацыентаў з тэмпературай і яўнымі прыкметамі інфекцыі, і «зялёную» — чыстую. У вобласці створана 146 кантактных груп, якія выязджаюць да пацыентаў на дом для агляду іх на прадмет захворвання на COVID-19. Аляксандр Старавойтаў звярнуў увагу, што ў Магілёве і Бабруйску, а таксама Асіповічах, Быхаве і Мсціславе не хапае медыцынскіх аўтамабіляў, і губернатар даў распараджэнне вырашыць пытанне ў гэты ж дзень.
Леанід Заяц таксама даручыў павялічыць колькасць тэлефонных ліній для кансультацый пацыентаў дома, каб не ўзнікала праблем з дазвонам у медыцынскія ўстановы.
Памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід МАРТЫНЮК звярнуў увагу на тое, што паступаюць скаргі на чэргі ў паліклініках — людзі стаяць нават на вуліцах. Аляксандр Старавойтаў пацвердзіў, што такія выпадкі былі, і для іх прадухілення ў паліклініках максімальна пашырылі «чырвоныя» зоны.
У бальніцах вобласці пад пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй на 18 лістапада адводзілася 3895 ложкаў (37 % ад агульнай колькасці), у іх лячэнні задзейнічана 4820 урачоў. У якасці дадатковай сілы — работа рэгістратарамі і гэтак далей — з 17 лістапада ў вобласці прыцягнуты 236 навучэнцаў медыцынскіх каледжаў. На ўзбраенні ўстаноў аховы здароўя знаходзяцца 273 апараты ШВЛ, маецца 1686 кіслародных пунктаў, некалькі дзясяткаў кіслародных канцэнтратараў.
На момант правядзення нарады ў Магілёўскай вобласці адзначалася 500 ачагоў каранавіруснай інфекцыі, амаль палова з якіх ва ўстановах адукацыі. Пра гэта паведаміла галоўны ўрач Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Святлана НЯЧАЙ. На ўзбраенні санслужбы знаходзіцца дзесяць комплексаў ПЛР, з дапамогай якіх праводзіцца даследаванне на «ковід». Кадраў, як запэўніла Святлана Нячай, хапае, а вось магутнасцяў не вельмі. Неабходна некалькі падобных комплексаў і аргтэхніка для аператыўнай перадачы інфармацыі ва ўстановы аховы здароўя. Размова таксама ішла пра неабходнасць закупкі дадатковых дэзынфекцыйных камер для бальніц Магілёва і Бабруйска, дзе лечацца «ковідныя» пацыенты.
Асноўная колькасць пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй знаходзіцца ў Магілёўскай бальніцы № 1, там пад іх выдзелена 550 ложкаў. I, як запэўніў галоўны ўрач гэтай установы Віктар КЛАЧКОЎ, ёсць магчымасць павялічыць іх колькасць яшчэ на 40.
— Пацыентаў у гэтую хвалю сапраўды стала больш, — адзначыў ён. — Калі раней мы прымалі на камп’ютарную тамаграфію 80—90 чалавек, то цяпер 130—140. У параўнанні з першай хваляй мы павялічылі колькасць кіслародных пунктаў са 120 да 160—170. Установа тым не менш працуе ў штатным рэжыме. Сёння мы цалкам забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы, лекавымі сродкамі, вырабамі медыцынскага прызначэння. Большасць пацыентаў папраўляецца, хоць ёсць і лятальныя выпадкі. Гэта, як правіла, людзі з павышанай вагой і спадарожнымі захворваннямі, такімі, як гіпертанія, цукровы дыябет, захворванні сэрца і іншыя. Да групы рызыкі адносяцца і людзі ва ўзросце. Таму мы заўсёды нагадваем, што трэба насіць маскі і прытрымлівацца сацыяльнай дыстанцыі.
Віктар Клачкоў таксама паведаміў, што з улікам новых выпрабаванняў, што сёння існуюць, ёсць неабходнасць у будаўніцтве на тэрыторыі бальніцы № 1, якая з’яўляецца шматпрофільнай, яшчэ і інфекцыйнай бальніцы. Нават праект ужо амаль гатовы. Леанід Заяц паабяцаў, што ў наступным годзе такі аб’ект абавязкова з’явіцца. Трэба будзе толькі вызначыцца, наколькі апраўдана будаваць яго побач са звычайнай бальніцай. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што налета плануецца істотнае ўзмацненне медыцынскай базы вобласці і будаўніцтва шэрагу аб’ектаў. Казаць смела пра такія планы дазваляе тое, што вобласць сёлета забяспечыла рост асноўных сацыяльна-эканамічных паказчыкаў.
Прафесар кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта Дзмітрый ДАНШАЎ і дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэанімацыі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Уладзіслаў РЫМАШЭЎСКІ, задача якіх дапамагаць калегам арганізаваць лячэнне з улікам перадавых тэхналогій і падыходаў, паназіралі, як арганізавана работа ў бабруйскіх лячэбных установах. I засталіся задаволеныя.
— Нюансы ёсць заўсёды, — адзначыў Дзмітрый Данілаў.—Дапамога аказваецца, яна годная. Сітуацыя цяжкая, але не крытычная. Цяжкія хворыя ёсць, інфекцыя патэнцыяльна небяспечная, але мы з калегам адзначылі, што людзі ў Магілёўскай вобласці нарэшце надзелі маскі. I гэта цудоўна. Імгненнага эфекту не будзе. Каб меры пачалі дзейнічаць, павінна прайсці ад некалькіх тыдняў да месяца. Але яны абавязкова дадуць станоўчы вынік.
Нэлі ЗІГУЛЯ.
КАМПЕТЭНТНА
Валерый МАЛАШКА, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама, начальнік аператыўнага штаба па рэагаванні на каранавірусную інфекцыю:
— У вобласці праводзіцца вялікая сістэмная работа. Галоўнае, што жыхары нас пачулі і надзелі маскі. Што датычыцца чыста арганізацыйных пытанняў, то мы кожную раніцу сустракаемся з губернатарам і абмяркоўваем. Калі неабходны якія-небудзь матэрыяльныя або арганізацыйныя рэсурсы, яны заўсёды знаходзяцца. Сёння патрэбны і кіроўцы, і машыны, каб аператыўна выязджаць да пацыентаў на дом. У некаторых бальніцах трэба мяняць сістэмы кіслароду, вырашаць пытанні разгортвання ложкавага фонду — складаная сістэмная штодзённая работа на аснове аналізу сітуацыі. Людзі, на жаль, сталі хварэць цяжэй, загружаюцца палаты інтэнсіўнай тэрапіі, рэанімацыі, але мы робім усё магчымае, каб выратаваць кожнае жыццё.