Ваша справа — лячыць людзей, усё астатняе мы забяспечым, як бы складана ні было

Дадалка, М. Ваша справа — лячыць людзей, усё астатняе мы забяспечым, як бы складана ні было : [рабочая паездка Прэзідэнта ў Магілёў] / Марына Дадалка, Вольга Мядзведзева // Звязда. — 2020. — 16 снежня. — С.1, 2.

Прэзідэнт працягвае знаёмства з метадамі лячэння хворых на «ковід» у рэгіёнах — учора ён наведаў Магілёўшчыну Візіт Прэзідэнта ў Магілёўскую абласную клінічную бальніцу працягвае серыю паездак па ўстановах аховы здароўя, якія займаюцца лячэннем «ковідных» пацыентаў. Аляксандр Лукашэнка ўжо наведаў 4-ю і 6-ю гарадскія клінічныя бальніцы Мінска, Віцебскі абласны клінічны радзільны дом і Стаўбцоўскую цэнтральную раённую бальніцу.

Сярэдзіна, але не залатая

Пра работу Магілёўскай абласной клінікі ва ўмовах «ковіда» Прэзідэнту далажыў галоўны ўрач Анатоль Кулік. Медыцынская ўстанова забяспечвае дапамогай усю вобласць. Бальніца складаецца з чатырох карпусоў, кансультатыўнай паліклінікі, аддзялення цэнтра экстраннай медыцынскай дапамогі. Ложкавы рэзерв — больш за 850 месцаў.

Па словах кіраўніка бальніцы, у першую хвалю каранавіруса ў чэрвені пад «ковід»-пацыентаў было перапрафілявана адно з аддзяленняў бальніцы. Але прапрацавала яно толькі месяц. Зараз пад інфекцыйных хворых адведзена 350 ложкаў, 26 з іх — у рэанімацыі. Гэта складае 41 % ад ложкавай забяспечанасці ўсёй бальніцы.

Прэзідэнт пацікавіўся, ці працягваюць аказваць у Магілёўскай абласной бальніцы спецыялізаваную дапамогу.

«Так, але ёсць скарачэнне на дзесяць працэнтаў. Раней былі суадносіны 60 працэнтаў — планавая і 40 — экстранная дапамога. За гэты год выйшлі на 50/50. Мы працягваем аказваць дапамогу па ўсіх кірунках», — адказаў галоўны ўрач і дадаў, што сёння ў бальніцы 108 свабодных ложкаў для «ковід»-хворых.

«На сёння, дзякуй богу, паўднёвыя вобласці добра сябе адчуваюць, а Магілёўская вобласць у сярэдзіне (па колькасці хворых — «Зв.»). Чаму вышэй, чым паўднёвыя? Бо Магілёўская вобласць не перахварэла ў першую хвалю, — лічыць Прэзідэнт.— Мінск нам дае палову хворых, бо скучанасць насельніцтва высокая і гэтыя боўтанні па Мінску даюць аб сабе ведаць».

Анатоль Кулік расказаў, што цяпер будуецца кардыялагічны корпус бальніцы і на Магілёўшчыне адбываецца аб’яднанне меддапамогі ў гэтай галіне вакол абласной бальніцы. «Будаўніцтва корпуса кардыялогіі каля буйной бальніцы пазбаўляе неабходнасці дубліравання дарагога абсталявання», — акцэнтаваў увагу медык. Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц дадаў: будаўніцтва плануецца завяршыць у лістападзе будучага года.

На ўласныя вочы

Кіраўнік дзяржавы наведаў «чырвоную» зону і ў Магілёўскай абласной бальніцы. Яму паказалі палаты з цяжкімі хворымі і пазнаёмілі з пацыентамі, што ідуць на папраўку.

«Не турбуйцеся, галоўнае. Жыць будзеце, усе цяжкасці засталіся ў мінулым», — супакойваў Прэзідэнт людзей.

У адказ ён чуў добрыя словы ў адрас медыкаў: «Выдатны персанал. Усё адрэгулявана, як у гадзіннікавым механізме — паступіў у палату, прыйшоў урач, абследавалі, зрабілі назначэнне, прыйшла медсястра і ідзе працэс лячэння. Строгая дысцыпліна».

«Аляксандр Рыгоравіч, вы ўжывую выглядаеце лепш, чым па тэлевізары», — прызнаваліся жанчыны. — «Дзякуй, буду часцей тады да вас прыязджаць. Гэта мне новы халат землякі пашылі. Таму так выглядаю», — жартаваў Прэзідэнт.

Складнікі здароўя

У пачатку размовы з калектывам клінікі Прэзідэнт пацікавіўся, хто з медперсаналу ўжо перахварэў на новы каранавірус, і здзіўлена адзначыў, што такіх каля паловы з прысутных.

«А вось я не ведаю, добра, калі чалавек перахварэў ці калі не хварэў, — прызнаўся ён, маючы на ўвазе імунітэт, які выпрацоўваецца арганізмам пасля барацьбы з інфекцыяй. — Пакуль мне ўрачы і вучоныя, спецыялісты яшчэ не сказалі, што лепш».

З пункту гледжання псіхалогіі, тым, хто ўжо зведаў гэту хваробу, лягчэй, лічыць Аляксандр Лукашэнка, хоць, вядома, лепш ніколі і нічым не хварэць, тым больш у цяперашні час. Ён пажадаў прысутным здароўя напярэдадні навагодняга свята і ў новым годзе і адзначыў, што ў гэтым пытанні вялікі складнік — экалогія.

Дарэчы, з-за надвор’я Аляксандр Лукашэнка скарыстаўся не верталётам, а аўтамабілем, каб прыехаць у рэгіён, дзякуючы чаму ўпершыню праехаў па новай трасе, якая злучае Мінск і Магілёў. «Я ехаў, асабліва, дзе лясы (а шмат па дарозе лесу), і думаў: якая прыгожая ў нас краі на! І самае галоўнае, калі ўсе гналіся за вялікімі грашыма (а вялікія грошы — гэта вытворчасць, і ў асноўным шкодная вытворчасць) у свеце, мы ўсё ж такі неяк сваю Беларусь збераглі, — працягнуў думку пра экалогію Прэзідэнт. — Вельмі хацелася б, каб яна была такая ж чыстая не толькі для нас, але і для нашых дзяцей, для нашых унукаў».

Ён звярнуў увагу, што было б добра, каб і бальніца была ў атачэнні хвойнага лесу, а не жылой забудовы.

Роля псіхалогіі

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў работнікам Магілёўскай абласной клінікі за тое, што яны хутка перакваліфікаваліся. Ён пракаментаваў статыстыку па захваральнасці на «ковід», якой валодае: з 2,5 тысячы апаратаў ШВЛ, што маюцца ў краіне, занятыя каля паўтысячы, каля дзвюх тысяч інфіцыраваных пацыентаў маюць статус «цяжкіх» і гэта колькасць, па яго словах, захоўваецца.

«Ну і самае галоўнае, пнеўманіі — тое, што мы кантралюем, і вы як урачы, мяне зразумееце (я ўжо таксама часткова ўрачом стаў): у нас 20 з паловай — 21 тысяча, можа трошкі больш, але стабілізаваліся недзе на 21 тысячы пнеўманій», — дадаў ён.

Стабілізавалася ў раёне 1800-1900 выпадкаў у суткі і колькасць станоўчых тэстаў на «ковід», канстатаваў беларускі лідар. Ён зноў паўтарыў свой вызначальны тэзіс у гэтай сітуацыі: галоўная задача сістэмы аховы здароўя і дзяржавы — ратаванне жыццяў людзей. Прэзідэнт падкрэсліў асаблівую ролю медыкаў у выратаванні людзей, якія, акрамя інфекцыі, хворыя на цукровы дыябет і іншыя паталогіі, што ўскладняюць барацьбу з вірусам.

«Ну нічога, мы гэта перажывём. Галоўная праблема не гэта. У нас праблем хапае. Яна стала галоўнай таму, што, вы бачыце, асабліва інтэрнэт-прастора ўся запоўненая гвалтам, ды і тэлебачанне наша, звычайныя сродкі масавай інфармацыі, у свеце асабліва. Я яшчэ ў першую хвалю вас папярэджваў, калі вы мяне падкрытыкоўвалі і не разумелі, што мы робім людзей псіхічна ненармальнымі, — напомніў Аляксандр Лукашэнка. — Псіхоз перайшоў у паніку. І нашы людзі вось цяпер паверылі, што не павінна быць панікі».

Гутарка без пасярэднікаў

Падзяка тым, хто штодня змагаецца на бальнічнай перадавой, — галоўная мэта візіту, падкрэсліў Прэзідэнт. Ён закрануў тэму пратэсных настрояў сярод медыкаў: «Урачу няма калі бадзяцца па вуліцах. Асабліва зараз. Урач павінен лячыць. Ёсць у вас прэтэнзіі да ўлады — я да вас прыехаў, давайце прэтэнзіі. Вы — мае выбаршчыкі, давайце прэтэнзіі».

Аляксандр Лукашэнка запэўніў у нязменнасці сваёй пазіцыі: «Давайце будзем жыць дружна, захаваем краіну (а мы яе захаваем, чаго б нам гэта ні каштавала), і зноў — не для мяне, …гэта ўжо для ўнукаў, нават не для дзяцей, бо нашы дзеці выраслі. І гэта мая галоўная задача».

Усе рашэнні будуць залежаць ад людзей, падкрэсліў Прэзідэнт: «Абяцаю вам: усё будзеце вырашаць вы».

Міністэрства дапаможа

Прэзідэнт апярэдзіў пытанне пра будаўніцтва кардыялагічнага цэнтра: «Мы з міністрам дамовіліся — дапаможам. …Не ў будаўніцтве, гэта ўжо ваша справа — пабудаваць. Вы правільна зрабілі: пайшлі з шапкай да сялян, да перапрацоўшчыкаў, і яны патроху сабраліся і з энтузіязмам пачалі будаваць гэту бальніцу. Зразумела, што будоўля — гэта, можа быць, чвэрць ад кошту. Галоўнае — высокатэхналагічнае абсталяванне. Ну і мы з міністрам будзем думаць, як вам да заканчэння будаўніцтва дапамагчы з медыцынскім абсталяваннем. Хоць прапрацоўваць асноўнае трэба ўжо цяпер».

У працяг тэмы Прэзідэнт падзяліўся, што мае пэўную насцярожанасць з-за ўхілу надзвычайнай увагі кіраўніка рэгіёна да развіцця сацыяльнай праблематыкі.

«Сацыяльная сфера павінна адпавядаць эканоміцы вобласці», — растлумачыў ён прычыны сваёй заклапочанасці.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што Магілёў і Брэст, на яго думку, пазней за іншыя абласныя цэнтры атрымалі належную ўвагу ў плане добраўпарадкавання.

Астатняе — за дзяржавай

Беларускі лідар чарговы раз нагадаў, што галоўная задача ўрачоў — лячыць людзей. «Будзе хоць якая капейка — накіруем на ахову здароўя, — паабяцаў ён. — Ваша справа — лячыць людзей, усё астатняе мы забяспечым, як бы складана ні было».

Кіраўнік краіны расказаў, што з 500 мільёнаў долараў, які Еўразійскі банк развіцця даў Беларусі ў крэдыт, прыйшлося 300 мільёнаў выдаткаваць на барацьбу з інфекцыяй падчас другой хвалі каранавіруса. Астатнія грошы пайшлі на выплату за газ.

«Галоўнае — гэта эканоміка, будзе працаваць эканоміка, будзе плён. У гэтым годзе мы не дабяром да 100 працэнтаў ВУП мінулага года зусім мала — 0,5-0,8 працэнта. Ні адна краіна не змагла дадаць, акрамя Кітая, яны больш за 100 працэнтаў ВУП выдадуць. Мы, магчыма, будзем на другім месцы, але гэта не значыць, што ў нас шмат грошай», — заўважыў Прэзідэнт.

Ён запэўніў, што нягледзячы на цяжкасці, краіна захавае сацыяльную арыентаванасць.

Перавагі свайго

Прэзідэнт нагадаў пра тры варыянты барацьбы з каранавірусам з дапамогай вакцынацыі, пра якія казаў напярэдадні ў 4-й бальніцы Мінска — купляць вакцыну, ствараць яе ў Беларусі на аснове расійскага штама і распрацоўваць айчынны аналаг.

Кіраўнік краіны ў размове з медыкамі расказаў, у якую суму абыдзецца распрацоўка айчыннай вакцыны ад каранавіруса.

«Там грошы невялікія, каля 5 мільёнаў рублёў. Гэта менш, чым ваш новы корпус каштуе (кардыялагічны — «Зв.»). А справу зробім добрую. Мы акупім гэта, але трэба хутка рухацца ў гэтым кірунку», — заявіў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў: вельмі рады, што нашы вучоныя і спецыялісты замахнуліся на вытворчасць уласнай вакцыны. «Трэба сваю вакцыну распрацаваць. Спецыялісты ёсць, хай і няшмат. Трэба ўзяцца і зрабіць», — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Трэба разумець, што каранавірусная інфекцыя нікуды не сыдзе, дадаў ён.

Пытанне вытворчасці айчыннай вакцыны будзе разглядацца ў хуткім часе на адной з нарад у Прэзідэнта.

Марыя ДАДАЛКА, Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, г. Магілёў.