Мультыплікатыўны эфект

Страхар, Р. Мультыплікатыўны эфект : [гутарка з намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Р. Страхарам] / Руслан Страхар ; гутарыла Нэлі Зігуля // Звязда. — 2021. — 13 студзеня. — С. 1, 4. 

Магілёўская вобласць адзіная ў Беларусі летась перасягнула планку па росце ВРП.

Ва ўмовах сусветнай пандэміі, закрытых граніц і нявызначанасці знешніх рынкаў зрабіць рывок наперад было складана. Але ўжо па выніках 11 месяцаў 2020 года Магілёўская вобласць стала адзіным рэгіёнам у краіне, дзе тэмп росту ВРП дасягнуў 100,9 % у параўнанні з такім жа перыядам 2019-га. Што стаіць за гэтай лічбай і якія захады дзеля гэтага прымаліся — у размове з намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Русланам Страхаром.


— Руслан Барысавіч, якія ёсць асаблівасці ў структуры валавога рэгіянальнага прадукту Магілёўскай вобласці? За кошт якіх складнікаў адбыўся рост агульнага паказчыка?

— Прынцыповых асаблівасцяў у яго структуры няма, усё прыблізна аднолькава. Толькі Мінск адрозніваецца тым, што ў яго адсутнічае сельская галіна. У структуры ВРП Магілёўскай вобласці каля 13 % займае сельская гаспадарка, 35 % — прамысловасць, каля 9 % — гандаль, 6 % — транспартная дзейнасць, 5,5 % — будаўніцтва, усе астатнія — менш. Нягледзячы на складанасці і асаблівасці года, усе асноўныя галіны рэальнага сектара эканомікі падраслі.

«БелЭмса» аператыўна  наладзіла выпуск аднаразовых медыцынскіх масак. Фота БелТА.

«БелЭмса» аператыўна наладзіла выпуск аднаразовых медыцынскіх масак. Фота БелТА.

Сельская гаспадарка стала драйверам эканомікі ўсёй Магілёўскай вобласці, ды і краіны ў цэлым. Тэмп росту валавой прадукцыі гаспадарак усіх катэгорый склаў 105,3 %. Гэтаму спрыяў цэлы комплекс мерапрыемстваў, як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі. Істотна палепшылі работу на зямлі шляхам перагляду структуры пасяўных плошчаў і выканання тэхналагічных рэгламентаў па кожнай культуры. Гэта і тэрміны ўнясення ўгнаенняў, іх колькасць, падбор глебы. Леанід Канстанцінавіч (Заяц — старшыня аблвыканкама. — Рэд.) асабіста аддаваў гэтаму шмат увагі. У выніку валавы збор збожжавых і зернебабовых культур у свірнавой вазе па Магілёўскай вобласці склаў мільён дзвесце сямнаццаць тысяч тон — 140 % у параўнанні з мінулым годам. Плённая работа ў раслінаводстве адбілася на жывёлагадоўлі. Рапсу, напрыклад, сабралі амаль у паўтара раза больш, чым пазалетась. Усё гэта дазволіла стварыць трывалую кармавую базу для жывёл. Рэалізацыя малака ў выніку павялічылася на 8 %.

— У той час як увесь свет перайшоў на дыстанцыйную форму адносін, у краіне і ў тым ліку Магілёўскай вобласці працягвалі працаваць прадпрыемствы і арганізацыі. Што гэта дало?

— Адбыўся мультыплікатыўны эфект ад сельскай гаспадаркі, бо з ёй звязана перапрацоўчая галіна. Так «Бабушкіна крынка» дзякуючы глыбіні перапрацоўкі павялічыла тэмп назапашвання аб’ёму вытворчасці да 113 %, «Малочныя горкі» — да 109 %, Магілёўскі і Бабруйскі мясакамбінаты — да 103,5 % і 101,5 % адпаведна. У цэлым прамысловы комплекс спрацаваў з тэмпам росту 102,6 %. Гэта таксама найлепшы паказчык па краіне. Істотны рост паказалі прыватныя кампаніі, якія забяспечылі тэмп росту прамысловай вытворчасці за 11 месяцаў у памеры 110 %. Гэта сведчыць, што нават у цяжкіх умовах можна нарошчваць аб’ёмы вытворчасці, а сусветны крызіс разглядаць як магчымасць для заваявання новых рынкаў. Яркім прыкладам з’яўляецца кампанія «БелЭмса», якая за кошт устаноўкі аўтаматычных ліній па вытворчасці медыцынскіх масак і расшырэння лінейкі вытворчасці сродкаў гігіены і медыцынскага прызначэння павялічыла аб’ём рэалізацыі сваёй прадукцыі больш чым у пяць разоў. Добры прырост паказалі асіповіцкі завод «Тэхнаніколь», магілёўскія вытворцы «Сервалюкс Агра» і «Джакей Пластык», навукова-вытворчае прадпрыемства «Тэхналіт», дрэваапрацовачныя кампаніі СЭЗ «Магілёў» — «ВМГ Індустры», «Кранаспан», «Мебелайн». Пасля першай хвалі каранавіруса рэзка павялічыўся асабліва ў інтэрнэт-гандлі попыт на мэблю. Нашы вытворцы адваявалі частку рынку ў іншых кампаній, таму што працягвалі працаваць у той час, калі тыя прыпыніліся. Рэспубліканскія прадпрыемствы крыху не дацягнулі да 100 %, але тут таксама ёсць лідары. Нарасцілі вытворчасць «Бабруйскаграмаш», Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, магілёўская «Ольса», Касцюковіцкі і Крычаўскі цэментныя заводы, Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод. Гэта яшчэ раз пацвярджае правільнасць той стратэгіі, якую абраў прамысловы комплекс Рэспублікі Беларусь.

— Прадукцыя рэалізоўвалася ўнутры краіны?

— Не толькі. Напрыклад, вырабы кампаніі «БелЭмса» былі запатрабаваныя ў Сербіі, Харватыі, Ізраілі, Турцыі, Расіі, ва Украіне. Некаторыя рэзідэнты СЭЗ наогул толькі на экспарт і працуюць. Дарэчы, атрымалася не толькі нарасціць вытворчасць, але і знізіць складскія запасы па ўсёй вобласці. На 1 снежня мінулага года іх было на суму 407,8 мільёна рублёў, што менш за месячную вытворчасць. На працягу года іх аб’ёмы зменшыліся на 18 мільёнаў рублёў.

— Летась у вобласці ўводзілася ў строй шмат розных аб’ектаў, чаго не было, напэўна, нават у самыя спрыяльныя для эканомікі гады…

— Так. Будаўнічы комплекс спрацаваў з вынікам 103 %. За 11 месяцаў уведзена ў эксплуатацыю 276 тысяч квадратных метраў жылля, у тым ліку 103 тысячы квадратных метраў з падтрымкай дзяржавы. Жыллёвыя ўмовы палепшылі 1140 шматдзетных сем’яў. Пабудавана доўгачаканая паліклініка ў Казіміраўцы, рэканструяваны лячэбны корпус дзіцячай бальніцы ў Бабруйску, капітальна адрамантаваныя паліклінікі ў Мсціславе і Асіповічах, пабудаваныя дзіцячыя садкі ў Слаўгарадзе, Бабруйску, Шклоўскім раёне — усяго ўведзена ў строй 17 значных аб’ектаў сацыяльнага і культурнага прызначэння.

— Каб эканоміка працавала, яе трэба «падсілкоўваць». А гэта мадэрнізацыя, навукаёмістыя тэхналогіі, інвестыцыі…

— Без гэтага, сапраўды, нельга абысціся, і дадзены працэс не прыпыняўся. Магілёўскае прадпрыемства «Магатэкс» завяршае рэалізацыю інавацыйнага праекта па падрыхтоўцы вытворчасці па выпуску тканіны новых спажывецкіх якасцяў. Шклоўскі завод газетнай паперы завяршыў мадэрнізацыю і асвоіў вытворчасць паперы-асновы для дэкаратыўных абліцовачных матэрыялаў. Асаблівая ўвага аддаецца развіццю паўднёва-ўсходняга рэгіёна. У мінулым годзе былі ўнесены змяненні ва Указ № 235 і ўведзены дадатковыя льготы і прэферэнцыі. Гэта дало магчымасць стварыць прывабныя ўмовы для бізнесу. У Слаўгарадзе рэалізуе інвестыцыйны праект бабруйскае прадпрыемства «Чырвоны харчавік», у Слаўгарадскім раёне Магілёўскі мясакамбінат пабудаваў буйны свінагадоўчы комплекс, у Клімавічах навукова-вытворчае прадпрыемства «Тэхналіт» рыхтуе пляцоўку для вырабу экалагічна чыстага вугалю. Праведзена мадэрнізацыя лесагаспадарчых аб’ектаў на тэрыторыі паўднёва-ўсходняга рэгіёна. У бліжэйшыя гады тут будзе наладжана вялікая работа па развіцці свінагадоўчай галіны, плануецца рэканструкцыя ўжо існуючых і будаўніцтва новых комплексаў. Гэта дазволіць нарасціць пагалоўе свіней і цалкам загрузіць мясакамбінаты вобласці.

— Важны індыкатар паспяхова працуючай эканомікі — павышэнне зарплаты і занятасць насельніцтва. Якія тут адбыліся зрухі?

— У нас атрымалася палепшыць фінансавы стан прадпрыемстваў. Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі па Магілёўскай вобласці склаў 822,8 мільёна рублёў, што ў 1,6 раза вышэй, чым годам раней. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі склала 6,2 % супраць 4,1 % за аналагічны перыяд папярэдняга года. Як вынік, за 11 месяцаў сярэднямесячная зарплата ў цэлым па вобласці склала 1005 рублёў пры тэмпе росту 112,8 %. У лістападзе яна павялічылася ўжо да 1065 рублёў. Планку ў 1000 рублёў у лістападзе пераадолелі не толькі Магілёў і Бабруйск, але яшчэ Бялыніцкі (1019), Магілёўскі (1074,5), Асіповіцкі (1087,6) і Шклоўскі (1045,6) раёны. Стабільнай застаецца сітуацыя на рынку працы. Узровень зарэгістраванага беспрацоўя складае
0,3 % да колькасці працоўнай сілы. Гэта адпавядае той жа лічбе, што і ў пачатку 2019 года. Як і раней, прапанова на прадпрыемствах перавышае попыт. У сярэднім на аднаго беспрацоўнага прыходзіцца 5,4 вакансіі.

Сёлета ў Слаўгарадзе «Чырвоны харчавік» запусціў сучасную лінію па разліве мёду. Фота mogilevnews.by.

Сёлета ў Слаўгарадзе «Чырвоны харчавік» запусціў сучасную лінію па разліве мёду. Фота mogilevnews.by.

— За канкрэтнымі справамі стаяць канкрэтныя людзі. Трэба быць прадбачлівым і мудрым кіраўніком, каб у складанай сітуацыі сарыентавацца і выбраць адзіна правільнае рашэнне…

— Так. Вынікі, як правіла, залежаць ад працоўнага калектыву і шмат у чым ад яго кіраўніцтва. Там, дзе была выбрана правільная стратэгія і аптымізаваныя выдаткі, назіраўся станоўчы вынік. Аб’ём прамысловай вытворчасці па Магілёўскай вобласці мог быць вышэйшы, але свае карэктывы ўнёс шэраг аб’ектыўных фактараў. Вось толькі адзін яскравы прыклад. З 2020 года ў краіне прыпыніўся выпуск дызельнага паліва, а ў структуры нашага найбуйнейшага прадпрыемства «Магілёўхімвалакно» выручка ад яго складала да 40 %. Імгненна замясціць чымсьці не было магчымасці. Між тым прадпрыемства ў такіх складаных умовах здолела захаваць працоўны калектыў, паспяхова нарошчвае аб’ёмы вытворчасці новых відаў прадукцыі і распрацоўвае планы па далейшай мадэрнізацыі прадпрыемства.

На жаль, не ўсе прадпрыемствы змаглі прыстасавацца да новых умоў. Застаецца высокі ўзровень стратных арганізацый — 133 (18,9 % ад агульнай колькасці). Але і тут ёсць зрухі. Па выніках першага квартала іх было 188.

— Ад пандэміі пацярпелі турыстычны і рэстаранны бізнес. Яны, на жаль, па аб’ектыўных прычынах не змаглі зрабіць свой унёсак у агульную справу. Іх саміх прыйшлося падтрымліваць. Якія паказчыкі наогул не атрымалася выканаць?

— На жаль, не дацягнулі па экспарце, хоць на гэта былі аб’ектыўныя прычыны. Адбылася пераарыентацыя на ўнутраны рынак. Спад адбыўся і па некаторых іншых сектарах. Экспарт турыстычных паслуг, напрыклад, знізіўся на 72 %, экспарт будаўнічых і транспартных паслуг — на 6,8 % і 3,7 % адпаведна. На ўзроўні дзяржавы прымаліся асобныя рашэнні па падтрымцы найбольш пацярпеўшых прадстаўнікоў гэтага сектара эканомікі. У некаторых выпадках падтрымка аказвалася канкрэтным работнікам, якія вымушаны былі працаваць у рэжыме няпоўнай занятасці. У перыяд пандэміі аблсаветам дэпутатаў удвая былі зніжаны стаўкі адзінага падатку для прадпрымальнікаў.

— Чаму навучыў мінулы няпросты год?

— Галоўным урокам стала разуменне, што вырашаць праблемы трэба разам, супрацоўнічаючы і дапамагаючы адзін аднаму. Гэты час выпрабаванняў навучыў гатоўнасці прымаць нечаканыя рашэнні. Цяпер мы ведаем, што рабіць, каб дасягаць пастаўленых мэт нават у надзвычайных умовах. Асноўнымі прыярытэтамі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Магілёўскай вобласці на гэты год з’яўляюцца сацыяльная стабільнасць і рост дабрабыту насельніцтва. Для гэтага асноўныя намаганні будуць сканцэнтраваныя на ўмацаванні эканомікі за кошт росту інвестыцый, экспарту, павышэння эфектыўнасці работы рэальнага сектара эканомікі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Руслана Страхара