Палітыка развіцця : [глава Адміністрацыі Прэзідэнта наведаў ААТ «Магілёўліфтмаш»] / паводле БелТА // Звязда. — 2021. — 26 лютага. — С. 3.
Вызначаць рэзервы для развіцця краіны неабходна з улікам памылак і няўдалых рашэнняў. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар СЕРГЕЕНКА, каментуючы пасяджэнне Магілёўскага аблвыканкама па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці за 2020 год.
«Магілёўская вобласць летась спрацавала па многіх параметрах значна лепш, чым у 2019-м. Нягледзячы на ўсе складанасці, вобласць развівалася, будавала, у тым ліку і жыллё, — адзначыў Ігар Сергеенка. — Сёння на пасяджэнні аблвыканкама былі адзначаны пункты росту і на бягучы год. Вызначаць рэзервы развіцця рэгіёнаў і краіны ў цэлым неабходна з улікам памылак і няўдалых рашэнняў. І сёння на пасяджэнні мы правялі сур’ёзны аналітычны разбор гэтых аспектаў».
Пасля ўдзелу ў пасяджэнні Магілёўскага аблвыканкама Ігар Сергеенка наведаў ААТ «Магілёўліфтмаш», дзе азнаёміўся з вытворчасцю, падзяліўся сваімі ўражаннямі ад VІ Усебеларускага народнага сходу і адказаў на пытанні работнікаў.
«Сустрэчы па выніках УНС зараз праводзяцца ва ўсіх рэгіёнах.
І іх праводзяць людзі, якія бралі непасрэдны ўдзел у рабоце Усебеларускага народнага сходу. І трэба не проста расказваць або даводзіць да ведама інфармацыю, але і нацэльваць калектывы на вырашэнне тых ці іншых задач, атрымліваць зваротную сувязь і бачыць праблемы, якія хвалююць, і знаходзіць для іх шляхі вырашэння, улічваючы меркаванне грамадзян, — адзначыў Ігар Сергеенка. — Сённяшняя сустрэча паказала, што людзей цікавяць розныя пытанні. Работнікі задавалі пытанні і па далейшай знешнеэканамічнай дзейнасці краіны. Дадзенае прадпрыемства — прыклад работы з замежнымі партнёрамі, у першую чаргу з Расійскай Федэрацыяй. Значная частка прадукцыі рэалізоўваецца ў Расію і іншыя краіны СНД. Хвалюе людзей жыллёвая палітыка, якія змяненні будуць у выбарчым заканадаўстве, якая палітыка будзе ў дзяржавы ў адносінах да бізнесу. Вельмі рознапланавыя былі пытанні, таму мы пастараліся пабудаваць нашы зносіны не ў фармаце лекцыі, а ў форме гутаркі».
Як адзначыў Ігар Сергеенка, у бягучай пяцігодцы асаблівую ўвагу будуць аддаваць развіццю рэгіянальнай палітыкі. «Дадзенае прадпрыемства — прыклад таго, як неабходна працаваць, развіваць эканоміку краіны і свайго рэгіёна. У Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця асаблівае месца аддаецца рэгіянальнай палітыцы — развіццю абласцей, буйных гарадоў, раённых цэнтраў і гарадоў-спадарожнікаў. Пастаўлена задача знаходзіць і рэалізоўваць у кожным раённым цэнтры інвестыцыйныя праекты, якія маглі б стаць драйверамі эканамічнага росту таго ці іншага рэгіёна. Развіццю сеткі мясцовых дарог таксама будзе ўдзелена асаблівая ўвага. Усе буйныя трасы, якія звязваюць абласныя цэнтры са сталіцай, пабудаваны, таму акцэнт будзе перамешчаны менавіта на дарогі абласнога значэння. Гэта будзе сур’ёзная і адказная работа ў кожным рэгіёне нашай краіны».
Паводле БелТА.