Зігуля, Н. Пункты адліку : у Магілёве пачаўся тыдзень па старонках міжнароднага маладзёжнага тэатральнага фестывалю «М.@rt.кантакт» / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2021. — 23 сакавіка. — С. 4.
Мімы, фанфары, бадзёрая музыка ў фае Магілёўскага абласнога драмтэатра зноў нагадалі пра прыгожы вясновы форум. На жаль, яго адкрыццё не было такое маштабнае і шматлюднае, як у ранейшыя гады, але ад гэтага ён не стаў менш чаканы і любімы. Летась у сувязі з пандэміяй яго прыйшлося адмяніць. Сёлета, нягледзячы на па-ранейшаму складаныя эпідэмічныя ўмовы, ён усё ж такі распачаўся. Знамянальна, што адкрыў яго вельмі сімвалічны спектакль «Пункты адліку на часовай восі» ў выкананні артыстаў Бабруйскага абласнога драматычнага тэатра В. Дуніна-Марцінкевіча. Некалькі трагічна-аптымістычных гісторый, напісаных вядомым сучасным беларускім драматургам Дзмітрыем Багаслоўскім, яднаюць вера ў любоў, чалавечы розум і адзінства.
Дарэчы, з 2006 года да 2019-га ў форуме ўзялі ўдзел калектывы з 22 краі н, яны паказалі 237 тэатральных пастановак. Звычайна за тыдзень паспявалі даваць больш чым 20 прадстаўленняў на некалькіх пляцоўках. Сёлетні «М.@rt.кантакт» прадставіць сем калектываў з васьмю спектаклямі. Гэта, акрамя ўжо згаданага вышэй Бабруйскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В. Дуніна-Марцінкевіча,
Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр з камедыяй «Сямейны ўік-энд» рэжысёра пастаноўшчыка Таццяны Аксёнкінай па п’есе французскага драматурга Жана Пуарэ; Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі з камедыяй па п’есе Бертальда Брэхта «Мяшчанскае вяселле» рэжысёра Ігара Казакова; Магілёўскі абласны тэатр лялек з монаспектаклем «Сіняя-сіняя» рэжысёра Ігара Казакова па матывах апавяданняў Уладзіміра Караткевіча ў выкананні заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Мікалая Сцешыца; Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа з Віцебска, які выступіць з п’есай рэжысёра-пастаноўшчыка Андрэя Жыгура «Метро» па творы Аляксандра Савухі; Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр з трагікамічнымі сцэнамі з вясковага жыцця рэжысёра-пастаноўшчыка Віталія Краўчанкі па п’есе А. Чэхава «Дзядзя Ваня». Гаспадары тэатральнага тыдня, заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Магілёўскага абласнога драмтэатра, парадуюць гледачоў двума спектаклямі: на малой сцэне — пастаноўкай Камілі Хусаінавай «Лілічка» па творах Уладзіміра Маякоўскага і ўспамінах Ліліі Брык, а на вялікай — акцёрскай імправізацыяй рэжысёра і мастака Міхаіла Лашыцкага на тэму рускага вадэвіля «Бяда ад пяшчотнага сэрца» Уладзіміра Салагуба.
Гасцей і ўдзельнікаў фестывалю вітаў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Алег СТЭЛЬМАШОК:
— Вельмі прыемна, што сёлета Магілёўскі аблвыканкам і адміністрацыя тэатра прынялі рашэнне ўсё ж такі падтрымаць традыцыю і паказаць удзячным гледачам найлепшыя пастаноўкі беларускіх тэатраў. Сакавік — тэатральны месяц, адкрыццё тэатральнага тыдня адбываецца ў Міжнародны дзень лялек і заканчваецца ў Міжнародны дзень тэатраў. Жадаю ўсім акунуцца ў атмасферу творчасці, цікавых уражанняў і эмоцый!
Ён уручыў заслужаныя ўзнагароды супрацоўнікам тэатра — падзяку Міністэрства культуры за шматгадовую работу і прафесіяналізм атрымала Яўгенія Белацаркоўская, а Ганаровую грамату Магілёўскага аблвыканкама за добрасумленную работу, прафесіяналізм і асабісты ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва ўручылі Мікалаю Раманоўскаму.
Арганізатары паклапаціліся, каб кожны, хто ў гэтыя дні завітае ў Магілёўскі драмтэатр, адчуў тую моцную энергетыку і экспрэсію фестывалю, якая заўсёды панавала тут з яго паяўленнем. Згадаць гісторыю стварэння форуму і яго развіцця дапаможа выстаўка Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. Леніна «Рэтраспектыва 2006—2019».
— Тут прадстаўлены выданні, якія асвятлялі гэтыя падзеі, — газеты «Звязда», «ЛіМ», «Культура», часопісы, абласныя і гарадскія газеты, — звярнула ўвагу загадчыца аддзела мастацтваў бібліятэкі Таццяна КУРАНКОВА. — Яны даюць падрабязную інфармацыю пра тэатры, што бралі ўдзел у форуме і сталі яго пераможцамі. Асобна прадстаўлена інфармацыя, прысвечаная Магілёўскаму абласному драмтэатру і яго калектыву, які нядаўна атрымаў званне заслужанага. Гэта брашуры і фотаздымкі з вядомых пастановак драмтэатра.
Аб тэатральным мерапрыемстве нагадае і спецыяльна падрыхтаваная да форуму прадукцыя з яго лагатыпам, якую можна будзе набыць падчас наведвання тэатральнай кавярні. Пад яе гэтым разам выдзелена ўтульнае памяшканне на другім паверсе. Да пачатку спектакля або ў антракце тут можна выпіць кубачак кавы і прагледзець спектаклі форуму ў запісе.
Нэлі ЗІГУЛЯ.