Салаўёва, Л. Вучэбна-палявы лайфхак : [у Магілёве дзесяцікласнікі праходзяць зборы і медпрактыку ў Цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі] / Любоў Салаўёва // Рэспубліка. — 2021. — 5 чэрвеня. — С. 15.
«Задумался о поступлении в Военную академию»: в Могилеве десятиклассники проходят сборы и медпрактику в Центре допризывной подготовки.

Разборку і зборку аўтамата школьнікі «шчоўкаюць» не горш за салдат.
— З вучнямі 11-х класаў займаемся ў першым паўгоддзі, каб затым не тузаць іх перад экзаменамі. А зараз атрыманыя тэарэтычныя веды на практыцы дэманструюць 654 дзесяцікласнікі з 16 устаноў адукацыі Кастрычніцкага раёна горада, — распавядае загадчык структурнага падраздзялення сярэдняй школы № 34 Наталля Падглазава. — У іх распараджэнні — макеты аўтамата, гранат, мін, пнеўматычная зброя, сапраўдныя медыцынскія інструменты і матэрыялы: шпрыцы, кропельніцы, танометры, жгуты, бінты, насілкі.
Медыцыну 350 дзяўчынкам выкладаюць вопытныя настаўнікі Цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі Таццяна Андрушкова і Тамара Шпакова, а падчас медыцынскай практыкі прымаць нарматывы ім дапамагаюць сапраўдныя медыкі. Для загадчыцы здраўпункта Магілёўскай паліклінікі № 6 Алены Ісакавай гэта першы такі вопыт:
— Прайграём з дзецьмі розныя экстрэмальныя сітуацыі. Лічу важным, што яны з гэтага ўзросту змогуць аказаць неадкладную і першую дапамогу. Таксама будуць ведаць, як спыніць кроў, накласці розныя шыны і павязкі, што рабіць пры ўтапленні, электратраўме, пры ўкусе насякомых або ядавітых змей, цеплавым і сонечным ударах, харчовым атручэнні, абмаражэнні. Бо не заўсёды побач з імі ёсць дарослыя, ды і хуткая прыедзе не праз секунду.
Дар’я Скамейка і Ева Сафронава спрытна арудуюць бінтам, па чарзе аказваючы адна адной дапамогу. У тэорыі ўсё было складаней, кажуць яны:

Дзяўчаты ўдасканальваюць навыкі аказання неадкладнай і першай дапамогі.
Тым часам хлопцы адточваюць майстэрства ў ціры, страляючы з пнеўматычнай зброі, а ў парку вучацца акопвацца, маскіравацца, кідаць муляж гранаты і не толькі. Каб у будучым яны не баяліся ісці ў армію, у Цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі максімальна створана атмасфера службы. На ўваходзе гасцей сустракае днявальны, клас называецца ўзводам, камандзірам якога прызначаецца лепшы юнак з лідарскімі якасцямі, які карыстаецца аўтарытэтам у аднагодкаў. Таксама школьнікі па чарзе дзяжураць у кабінеце па аналогіі з вайсковым дзяжурствам.
— Хлопчыкі прыходзяць з розным узроўнем падрыхтоўкі, — адзначаюць настаўнікі дапрызыўнай падрыхтоўкі, былыя вайскоўцы Аляксандр Палікарпаў і Валерый Ганжа, — адчуваецца некаторы ўплыў гаджэтаў на іх здароўе. І нават на свядомасць. Таму акрамя асноўных дысцыплін вучым дзяцей звяртаць увагу, адкуль яны атрымліваюць інфармацыю па тых жа ваенных пытаннях і гарантаванні бяспекі дзяржавы. Каб не прымалі фейкі за чыстую манету, у тым ліку аб службе ва Узброеных Сілах, праваахоўных органах, усіх нашых сілавых структурах.
Аляксей Варэннікаў раней зорак з неба не хапаў, але за час навучання ў Цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі пасталеў: «Мяне прызначылі камандзірам узвода, таму спатрэбіліся большая адказнасць і дысцыпліна. Так што, можна сказаць, дапрызыўная падрыхтоўка надала мне агранку, дапамагла раскрыцца».
Арцём Шарстабітаў кажа, што час навучання і вучэбна-палявыя зборы праходзяць цікава і пазнавальна:
— Усё падабаецца, усё хочацца паспрабаваць. Гэтыя веды спатрэбяцца і ў паўсядзённым жыцці, але я задумаўся пра паступленне ў Ваенную акадэмію. Таксама займеў тут шмат кантактаў, сустрэў новых сяброў.

Падрыхтоўка да здачы нарматыва па надзяванні на хуткасць агульнавайсковага ахоўнага камплекта.
Адной толькі працай на базе цэнтра збору і медпрактыкі не абмяжоўваюцца. Школьнікаў з задавальненнем прымаюць медустановы Магілёва, абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, МНС і вайсковыя часткі. У пятай асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгадзе ўнутраных войскаў МУС РБ, што знаходзіцца ў Магілёве, дзеці здавалі нарматывы па фізічнай падрыхтоўцы, няпоўнай разборцы і зборцы аўтамата, забеспячэнні магазіна патронамі, надзяванні на хуткасць агульнавайсковага ахоўнага камплекта.
— Ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі надаём вялікую ўвагу, — падкрэсліў намеснік камандзіра брыгады па ідэалагічнай працы, палкоўнік Віталь Шашкоў. — Пабываўшы на тэрыторыі воінскіх частак унутраных войскаў, на свае вочы ўбачыўшы, чым там займаюцца, якія ўмовы пражывання і харчавання, як арганізаваны вольны час і заняткі па баявой падрыхтоўцы, школьнікі больш свядома робяць свой выбар і папаўняюць шэрагі нашых вайскоўцаў. І іх жаданне служыць — важны фактар для нас. Астатняму навучым!