Зігуля, Н. Уздоўж па Ленінскай на Вялікую Садовую : Кацярына Лабкова распрацавала маршрут экскурсіі па рэкламных выданнях дарэвалюцыйнага Магілёва / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2021. — 10 чэрвеня. — С. 13.
Кацярына Лабкова распрацавала маршрут экскурсіі па рэкламных выданнях дарэвалюцыйнага Магілёва.
Яна — студэнтка-завочніца гісторыка-філалагічнага факультэта МДУ імя А. Куляшова, а паралельна працуе загадчыцай рэкламнага аддзела абласной газеты «Зямля і людзі». Калі рабіла курсавую па краязнаўстве, настолькі захапілася сваёй тэмай — «Уздоўж па Ленінскай», што стварыла своеасаблівы даведнік па магілёўскай «пешаходцы». Вывучала краязнаўчую літаратуру ў бібліятэцы, штудзіравала карты пачатку XX стагоддзя, праводзіла, як той казаў, рэкагнасцыроўку на мясцовасці. У выніку стварыла ўнікальную карту пешаходнай часткі вуліцы Ленінскай з апісаннем кожнага дома і яе жыхароў на канец XІX — пачатак XX стагоддзя.
Рэклама з выдання пачатку XX стагоддзя шмат што расказала пра дарэвалюцыйны Магілёў.
— Я карэнная жыхарка Магілёва, вельмі люблю свой горад, але, як высветлілася, мала што ведаю пра яго, — прызнаецца Кацярына. — Калі стала чытаць адпаведную літаратуру, узніклі пытанні. Пра адны будынкі захавалася інфармацыя, пра іншыя — не. Мне ж вельмі хацелася выправіць гэты прабел. І тут — эўрыка! — спрацавала мая прафесійная цікавасць як рэкламнага спецыяліста. Вопыт падказваў, што такое даследаванне можа быць вельмі пазнавальнае і нават карыснае. Рэклама — гэта якраз тая самая інфармацыя, якая можа расказаць літаральна пра ўсё.
У абласной бібліятэцы імя Леніна Кацярыне прапанавалі адрас-каляндар «Увесь Магілёў-на-Дняпры» 1912 года выдання, дзе давалася інфармацыя пра гандлёва-прамысловыя прадпрыемствы Магілёва з указаннем імёнаў уладальнікаў, гістарычнымі і статыстычнымі звесткамі. У бібліятэцы захоўваецца толькі электронная копія дадзенай кнігі, а арыгінал знаходзіцца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу. Копію рэдкай кнігі падарыў магіляўчанам Аркадзь Эдуардавіч Глікін, прафесар Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, у знак падзякі супрацоўнікам аддзела беларускай і краязнаўчай літаратуры за дапамогу ў пошуку звестак пра яго прадзеда — А. І. Шнейдэра, магілёўскага кнігавыдаўца XX стагоддзя, аднаго з аўтараў адраса-календара. Выданне вельмі ўразіла Кацярыну. Столькі рэкламы пад адной вокладкай яна яшчэ не бачыла. Хоць для таго часу, калі не існавала ніякіх іншых сродкаў інфармацыі, або яны не былі яшчэ так распаўсюджаны, гэта нармальная з’ява. Цікава, што ў афармленні рэкламы амаль нічога не памянялася. Адзінае, што ахвотных яе размясціць было больш.
— Там я знайшла шмат інфармацыі пра шлюбы, разводы, нараджэнні, — дзеліцца Кацярына. — Ну і, вядома, пра тое, які тавар прадаваўся і кім прапаноўваўся. Дамы на вуліцы Ленінскай, якая на той момант насіла назву Вялікай Садовай, называліся па імёнах сваіх уладальнікаў, тыя там жылі і вялі свой бізнес. Вось, напрыклад, дом Ландау. У рэкламе я прачытала, што гэты чалавек займаўся аздабленнем жаночых строяў і меў у сваім доме асабістую краму пісьмовых тавараў. Захаваўся дом Магітсона, які ўтрымліваў вінна-гастранамічны магазін і дзяліў свае гандлёвыя плошчы з шыкоўнай крамай музычных інструментаў і нот Сыркіна. У рэкламе так і напісана: «Прыходзьце па гастранамічную прадукцыю, музычныя інструменты і ноты». Дадатковую інфармацыю ўзяла ў нашых гісторыкаў — Мікалая Барысенкі, Аляксандра Агеева і іншых аўтараў кніг па краязнаўстве.
Каб суаднесці атрыманую інфармацыю з рэчаіснасцю, Кацярына некалькі разоў вывучала на мясцовасці нумарацыю дамоў і іх размяшчэнне. Справа пайшла хутчэй, калі яна адшукала ў інтэрнэце карту Магілёва 1918 года з гісторыяй тых будынкаў, якія там знаходзіліся. Яна параўнала гэтую карту з цяперашняй і спраецыравала на яе гістарычныя аб’екты. На шчасце, частка дамоў захавалася да сённяшняга часу. Кацярына зноў села за камп’ютар, каб знайсці ў інтэрнэце іх фотаздымкі на пачатак дваццатага стагоддзя.
— Я разглядала фасады будынкаў і звярнула ўвагу на тое, што раней лепкі і іншых упрыгажэнняў на іх было больш, — кажа суразмоўніца. — Будынкі, якія дажылі да нашых часоў, страцілі некаторыя свае канструкцыйныя асаблівасці, сталі прасцейшыя, але ўсё роўна ўражваюць прыгажосцю. У іх адчуваецца душа, нават характар іх уладальнікаў. Дарэчы, на вуліцы Ленінскай жылі і вялі бізнес у асноўным яўрэі.
Эксперымент атрымаўся надзвычай цікавы і пазнавальны. Сто гадоў таму вуліца Вялікая Садовая была не менш папулярная і запатрабаваная, чым цяпер Ленінская. Праўда, крамаў і гасцініц на ёй было нашмат больш. І рэкламавалі іх самі ўладальнікі. Рэклама і дазволіла сабраць дасье на кожны дом. Атрымаўся двухгадзінны экскурсійны маршрут. У спісе 56 дамоў, пачынаючы ад будынка былой гарадской управы пад нумарам 1 — цяперашні загс — да жаночай прыватнай гімназіі Залескай пачатку мінулага стагоддзя — цяпер гасцініцы «Губернская».
Кацярына цяпер ведае ўсё пра кожны будынак пешаходнай вуліцы.
Калі экскурсія была распрацавана, Кацярына запрасіла на праменад па Ленінскай сваіх аднагрупнікаў і выкладчыка. Апошні ацаніў работу на дзясятку. А студэнтка адчула цікавасць да прафесіі экскурсавода.
Экскурсія сапраўды вельмі грунтоўная. Разам з Кацярынай журналіст «Звязды» таксама прашпацыравала ад плошчы Славы (раней яна называлася Гандлёвай, Губернатарскай, Думскай) да гасцініцы Губернскай (гімназіі Залескай). Дзесьці атрымалася асвяжыць веды, дзесьці — пачуць нешта новае.
Плошча Арджанікідзэ, па суседстве з якой праходзіць вуліца Ленінская, адна з самых ажыўленых у горадзе. Такой, напэўна, яна і была больш чым сто гадоў таму. Тут знаходзілася адначасова некалькі гасцініц. Напрыклад, у тым самым будынку, дзе калісьці размяшчаліся апартаменты гасцініцы «Брыстоль», у цяперашні час вучэбныя аўдыторыі вучылішча культуры.
Кацярына звяртае ўвагу на дамы 27, 29 і 31 — ранейшыя ўладанні бізнесмена Сімховіча. Да рэвалюцыі ён меў тут дом трыкатажных вырабаў, нітак, шкарпэтак і воўны, магазін пісьмовых тавараў, дамскіх сукенак. Цяпер замест іх — цырульня, кавярня, розныя крамы, ігравы клуб. Насупраць (дамы 18, 20, 22, 26) — былая маёмасць заможных магіляўчан Ландау, Магітсона, Махавера. У доме № 35 сёння знаходзіцца адзін з карпусоў МДУ імя А. Куляшова.
«Раней гэта быў даходны дом Бабовіка, — удакладняе Кацярына. — На першым яго паверсе размяшчаўся адзін з самых вялікіх гастраномаў. Педінстытут пасяліўся сюды ў 1931 годзе».
— Ленінская мне заўсёды падабалася, — дзеліцца яна. — А пасля таго, як яе зрабілі пешаходнай, я ў яе наогул улюбілася. Тое, што я знайшла падчас работы над курсавой, было для мяне сапраўдным адкрыццём. Ведала, што тут ёсць Архіерэйскі вал з палацам Каніскага, нейкія іншыя гістарычныя аб’екты. Але шмат інфармацыі адкрылася ўпершыню. Я ж гісторыю горада ведала ў рамках школьнай праграмы. Цяпер іншая справа.
Наперадзе знакаміты дом — гімназія, дзе вучыўся Ота Шміт, выдатны савецкі матэматык, географ, геафізік, астраном, арганізатар кнігавыдавецтва і рэформы сістэмы адукацыі. Сёння ў будынку гаспадараць прадпрымальнікі пад агульнай назвай гандлёвы цэнтр «Аліса». А вось што было паміж гімназіяй і домам купцоў Аношкаў (сённяшнім музеем імя В. Бялыніцкага-Бірулі), знайсці не атрымалася. У наш час тут знаходзіцца інтэрнат № 1 МДУ імя А. Куляшова. Дарэчы, гэта той самы будынак, дзе жыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, калі быў студэнтам дадзенай ВНУ.
Увагу турыстаў заўсёды прыцягвае каларытны будынак у стылі мадэрн з атлантамі, якія падтрымліваюць на сваіх плячах вытанчаны балкончык. Калісьці тут размяшчалася Крэдытнае таварыства, а цяпер папулярны ў аматараў пасядзець з кубачкам кавы (і не толькі) у прыгожым месцы «Чэрчыль-бар».
Непрыкметна падыходзім да дома, на тарцы якога знаходзіцца сімвалічны ключ ад горада — Ленінская (Вялікая Садовая), 38.
Маршрут распрацаваны Кацярынай Лабковай.
— Пабудаваны ён у пачатку XX стагоддзя, — адзначае Кацярына. — А гэты сімвалічны залаты ключ — напамін пра тое, што жыхары горада падаравалі яго імператрыцы Кацярыне ў той час, калі яна сустракалася ў Магілёве з аўстрыйскім імператарам Іосіфам наконт падзелу Рэчы Паспалітай.
Мой гід у захапленні расказвае пра чарговы будынак, і па тым, як свеціцца яе твар, адчуваеш, наколькі яна чула адносіцца да мінулага свайго горада. Усміхаецца, што дзеля таго, каб пра ўсё гэта даведацца, трэба было паступіць на гістфак.
— Вучыцца і пазнаваць — гэта ж так цікава ў любым узросце, — прызнаецца яна. — Я яшчэ больш палюбіла свой горад і яго жыхароў. Ніколі не хацела з’ехаць з Магілёва, ён мне заўсёды падабаўся. Мой горад самы лепшы на свеце, самы прыгожы, самы-самы — я ім ганаруся. У нас шмат прыгожых вуліц, цудоўных паркаў. Спадзяюся, што маё маленькае даследаванне таксама каму-небудзь спатрэбіцца. Нумары дамоў на Ленінскай супадаюць з картамі Google і «Яндэкс». І пры магчымасці любы можа самастойна прайсціся па маршруце. Ён сапраўды вельмі захапляльны.
Нэлі ЗІГУЛЯ