«Злачынствы акупантаў і іх пасобнікаў не маюць тэрміну даўнасці»

Арцем’еў, В. «Злачынствы акупантаў і іх пасобнікаў не маюць тэрміну даўнасці» / Віктар Арцем’еў // Зямля і людзі. — 2021. — 16 чэрвеня. — С. 11.

22 июня — День всенародной памяти жертв Великой Отечественной войны

Аб прымірэнні з ворагамі
У свой час мой знаёмы прапанаваў схадзіць на сустрэчу-прымірэнне, якую ладзілі ў Магілёве прадстаўнікі грамадскасці з Федэратыўнай Рэспублікі Германіі. Я было амаль згадзіўся. Але на святкаванні 300-гадовага юбілею перамогі Пятра I пад Лясной паслухаў слова пасла Каралеўства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Стэфана Эрыксана і іншых гасцей, прааналізаваў падзеі ў свеце за апошнія гады, успомніў не такое далёкае мінулае і … перадумаў.
З часу Паўночнай вайны (1700—1721) прайшло ажно тры стагоддзі. Прадстаўнік народа Швецыі прылюдна папрасіў у беларусаў прабачэння за сваіх даўніх супляменнікаў і дазволу на прымірэнне, заклікаў да эканамічнага, культурнага і іншага супрацоўніцтва. Ды Швецыя ўжо тры стагоддзі не толькі са славянамі, яна ні з кім не ваявала, нейтральная краіна. Во, якая моцная навука Пятра Вялікага! Да ўсяго дадам яшчэ, што ў той даўняй вайне на тэрыторыі Беларусі ў 1708 годзе, у асноўным на тэрыторыі зямлі нашай Магілёўскай, шведы паводзілі сябе амаль таксама, як і рускія: i тыя, і гэтыя палілi гарады і вёскі, рабавалi насельніцтва, марадзёрствавалі. І няма сёння злобы адзін да аднаго ні ў шведаў, ні ў рускіх, ні ў беларусаў. Словам, наспеў час прымірэння.
Нашмат раней адбылося прымірэнне славян з Францыяй з-за вайны 1812 года, бо французы не ставілі мэтай знішчыць славянскія народы, не стваралі канцэнтрацыйных лагераў, не труцілі людзей у душагубках, не палілі людзей у печах крэматорыяў, не вывазілі іх да сябе ў рабства, як гэта рабілі нямецкія фашысты.
Беларусы — народ нязлобны, адкрыты і міралюбівы. У нашай вёсцы Радзішына, што на Шклоўшчыне, падчас вайны са Швецыяй застаўся паранены швед. Яго міласэрна прынялі. Пакуль залечваў цяжкія раны, то закахаўся ў сялянку-ўдаву. Так і застаўся ў Беларусі. Паставіў хату на водшыбе ад вёскі. Пайшлі дзеці, а потым унукі і праўнукі. З цягам часу ўтварыўся пасёлак. Людзі яго назвалі шведскім. У мінулым стагоддзі пасёлак зліўся з вёскай. I сёння ўсіх выхадцаў з гэтага пасёлка Феакцiставых радзішынцы клічуць швядамі.
Даўно няма людзей, якія былі ўдзельнікамі ці сведкамі вайны са шведамі і французамi. Спачатку ў беларусаў прытупіўся, а пазней і прайшоў боль ад панесеных ахвяр. А вось з немцамі ўсё інакш. Прайшло 80 гадоў з пачатку таго жахлівага фашысцкага нашэсця. Жывуць сярод нас яшчэ ўдзельнікі вайны 1941—1945 гадоў, сведкі тых жудасных часоў. Ім і сёння прыходзяць у сны зверствы фашыстаў і іх пасобнікаў. Таму нашы людзі не могуць ні забыць, ні дараваць.

Жахлівыя зверствы акупантаў
У першы дзень акупацыі бачыў я абгарэлага чырвонаармейца, які бег са Старых Чамадан, што ля Гарадзішча на Шклоўшчыне. Немцы ў Старых Чамаданах загналі ў калгасную канюшню 400 палонных чырвонаармейцаў і жыхароў-заложнікаў і спалілі жывымі. Можа, толькі гэты салдат і ўратаваўся, дзякуючы дыму, што слаўся да самай зямлі, бо ворагі паставілі кулямёты і расстрэльвалі ва ўпор кожнага, хто здолеў вырвацца з полымя.
А праз некалькі дзён у Ордаці акупанты расстралялі майго стрыечнага брата Ісака Пруднікава толькі за тое, што на двары знайшлі гільзу ад вінтовачнага патрона. Невядома, якім чынам яна сюды трапіла. Расстралялi на вачах бацькоў і дзвюх малалетніх дзяўчынак Надзi і Іры. Бацьку Змітраку і маці Таццяне далі па 25 удараў шампаламі.
У суседняй вёсцы Дзіўнава, якая добра бачна з вакна нашай хаты, 18 ліпеня 1941 года на вясковым кладзішчы акупанты расстралялі 12 мірных жыхароў як заложнікаў. А ў маі 1944 года — 11 старых і аднаго падлетка з Дзіўнава і Саськаўкі. Самаму малодшаму з Дзіўнава Сярожу Салапаеву не былоі 14 гадоў, а ўсім дзядам далёка за 60 гадоў. 12 чэрвеня 1944 года на парозе хаты Аксёна Хальцава застрэлілі яго жонку Лізавету з паўтарамесячным немаўляткам на руках, а хату падпалілі, і ў ёй ад дыму ў схованцы задыхнуліся сам гаспадар і два яго сыны. Усяго на франтах загінула 56 вяскоўцаў.
Падчас вайны з Германіяй загінулі мае дзядзькі Макар Арцёмаў, Адам Трафімаў, наш зяць Павел Ефіменка, стрыечныя браты Васіль Арцёмаў, Мікалай Глушанкоў… Акупанты знішчылі ўсю сям’ю майго дзядзькі Фёдара Глушанкова, расстралялі стрыечнага брата Ісака Пруднікава. З сям’і нашага зяця Дзмітрыя Нікіфаравіча Асіповіча з Па- тапава на вайну пайшлі баць ка і пяць сыноў, а вярнуліся толькі два сыны: ён і Савелій. У майго пабраціма з Трасціно Хоцімскага раёна Міхаіла Аляксеевіча Ласоўскага на франтах загінулі тры браты.
Мне разам з сям’ёй і некалькімі сем’ямі радзішын- цаў давялося зведаць горыч адсяленцаў-бежанцаў з прыфрантавой паласы.
Мне, як і многім беларусам, вядома, што ў другой палове 1941 года гітлераўцы стварылі Трасцянецкі лагер смерці пад Мінскам, у якім да чэрвеня 1944 года было замучана звыш 200 тысяч савецкіх грамадзян і вязняў з краін Еўропы. Каля 100 тысяч чалавек замучылі фашысты ў ліпені 1941 года ў Мінскім гета.
У Магілёве акупанты стварылі 5 лагераў смерці, у тым ліку Лупалаўскі лагер № 341 для савецкіх ваеннапалонных, у якіх загінулі 70 тысяч чалавек. У прыгарадзе, каля вёсак Пашкава і Палыкавічы, акупанты расстралялі больш за 40 тысяч ваеннапалонных і мірных грамадзян. Каля 30 тысяч савецкіх жыхароў вывезлі ў Германію.
На тэрыторыі Бабруйскай крэпасці ў ліпені 1941 года размяшчаўся лагер смерці № 131. У ім утрымлівалася больш за 60 тысяч савецкіх ваеннапалонных. 20 тысяч з іх ліку ўтрымліваліся пад адкрытым небам. У кастрычніку-лістападзе за суткі памірала ад 600 да 800 чалавек, а зімой — да 1000. Цяжкахворых закапвалі жывымі разам з мёртвымі.
7 кастрычніка 1941 года немцы падпалілі адзін з баракаў. Тых, хто выбягаў, расстрэльвалі з кулямётаў. Згарэла жывымі і расстраляна больш за 4 тысячы чалавек. У снежні 1941 года пад выглядам адпраўкі ў Мінск 3200 паўраздзетых вязняў пагрузілі ў таварныя вагоны і на адкрытыя платформы. Усе яны па дарозе замёрзлі. Да жніўня 1942 года было знішчана 40 тысяч чалавек. Да студзеня 1944 года — усе ваеннапалонныя.
I гэты пералік лагераў смерці можна доўжыць і доўжыць. Нямецка-фашысцкія захопнікі спалілі вёскі Хатынь пад Мінскам, Боркі ў Кіраўскім раёне разам з жывымі жыхарамі — жанчынамі, дзецьмі, старымі. За гады вайны гітлераўцы і іх памагатыя — легіянеры войск СС з еўрапейскіх краін, а таксама здраднікі-ўласаўцы, правялі ў Беларусі больш за 140 карных аперацый. Яны знішчылі 5454 населеных пунктаў, у тым ліку 630 разам з жыхарамі (325 з іх не аднавіліся), 4824 — з часткай насельніцтва (337 з іх не аднавіліся). Вывезены ў Германію сотні тысяч людзей. У барацьбе супраць агрэсара і яго памагатых на франтах Вялікай Айчыннай вайны загінулі 800 тысяч беларускіх байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі.
У вайну загінуў кожны трэці жыхар рэспублікі. Hi ў Еўропе, ні ў свеце няма краіны, якая панесла б такія ахвяры.
Планаваў жа і дабіваўся Гітлер нават сцерці назву Беларусь з геаграфічнай карты свету, засяліць яе тэрыторыю немцамі, а пакінуць у жывых у якасці рабоў толькі кожнага пятага беларуса.
Магчыма, што і такое маглі б дараваць і пайсці на прымірэнне беларусы, людзі з добрым сэрцам і адкрытай душой. Але ж галоўнае, ці можна давяраць тым, хто толькі на словах просіць прабачэння? Бо Гітлер нават падпісаныя міжнародныя дагаворы кідаў пад боты, як пустую паперку. Яго цень і сёння лунае над Еўропай. Як сказаў паэт:
Няма ключа такога хітрага,
Каб адамкнуў ён склеп зямны.
Баюся ўсё ж з’яўлення Гітлера,
Пакуль жыве душа вайны.

Людзі! Будзьце пільнымі!
Жыве не толькі душа вайны. Жыве і фашызм. I верхаводы яго носяць ужо іншыя імёны. Ды почырк іх зладзействаў той жа, гітлераўскі, толькі прыкрыты замест фігавага лістка «правамі чалавека» і «дэмакратыяй». Пацвярджэннем таму падзеі ў Югаславіі, разгром Сербіі і анексія Косава албанцамі, цынічная вайна ў Іраку, каляровыя рэвалюцыi на тэрыторыі былога Савецкага Саюза і ва ўсім свеце. Сёння ў адрас Рэспублікі Беларусь пастаянна ідуць пагрозы з Захаду. У суседняй Польшчы і Літве ўжо размешчаны натаўскія войскі хуткага рэагавання. З маўклівай згоды дзяржаў Заходняй Еўропы, у тым ліку і ФРГ, у Прыбалтыцы, Грузіі, Украіне густымі ўсходамі прабіваюцца парасткі фашызму. Там апаганьваюцца і разбураюцца помнікі пераможцам над фашысцкай Германiяй. А ўзводзяцца новыя помнiкi былым памагатым эсэсаўцаў, а вызваліцеляў Еўропы ад карычневай чумы ў гэтых краінах называюць акупантамі. Гітлераўская свастыка ў Прыбалтыцы і ва Ўкраіне дэманструецца адкрыта. Вуліцам Закарпацця надаюцца імёны гітлераўскіх галаварэзаў, іх узнагароджваюць дзяржаўнымі ордэнамі і медалямі.
А што немцы? Немцы маўчаць. Быццам так і трэба. Вось чаму я не пайшоў на сустрэчу з іх прадстаўнікамі. Пралітая мільёнамі савецкіх людзей кроў крычьщь у сэрцы, будзіць памяць. Як ахвяра фашысцкай Германіі, маю права патрабаваць спынення бясчынстваў НАТА. Я звяртаюся да маладых беларусаў: не забывайце аб муках, якія выпалі на долю вашых бацькоў і дзядоў, бо бяспамяцтва можа стаць угноенай глебай для праяўлення ў свеце новага фашызму. Я трымаюся і буду трымацца да апошняга дыхання запавету магілёўскага паэта-франтавіка Аляксея Пысіна:
А часам падае руку
З нявіннасцю сяброўскай місіі
Прадажнік той, штo на вяку
У мяне не вымаліць амністыі:
Між ім і мной — нямы абрыў,
Бо я не ўсё яшчэ забыў…
Упэўнены, што прымірэнне беларусаў і немцаў патрэбна, і яно будзе. Толькі не сёння і не заўтра. Пакуль жывыя ўдзельнікі той вайны, пакуль жывыя сведкі, пакуль жывыя ўдовы і дзеці вайны, пакуль ФРГ актыўна і адкрыта прымае ўдзел у сумніўных акцыях новых агрэсараў, такое немагчыма. Прымірэнне можа адбыцца праз некалькі дзесяткаў гадоў, магчыма і раней, але пры ўмове, што немцы паследуюць прыкладу шведаў, што яны і словам, і справай, без фальшу, шчыра пакажуць сваё міралюбства.

Віктар Арцем’еў,
беларускі пісьменнік і краязнаўца – чатырнаццацігадовы сведка вайны і аўтар кніг «Радзішанскі летапіс вайны», «Вайна на свае вочы», «Выгнаннікі», «Вайна ў кожнага была свая»