Паветраны бой і тэатралізаванае прадстаўленне

Зігуля, Н. Паветраны бой і тэатралізаванае прадстаўленне : [Буйніцкае поле] / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2021. — 5 ліпеня. — С. 5. 

Яшчэ ў пятніцу ў Магілёве на плошчы Славы каля Ратушы мэр горада Уладзімір Цумараў разам са старшынёй гарсавета Максімам Гурыным уручылі ўзнагароды 18-ці лаўрэатам спецыяльнай прэміі Магілёўскага гарвыканкама «Дасягненне.»

— Свята горада для нас — гэта своеасаблівае падвядзенне вынікаў і адпраўная кропка ў рэалізацыі намечаных планаў, — адзначыў у сваім віншаванні Уладзімір Цумараў. — Па традыцыі мы ў гэты дзень адзначаем лепшых прадстаўнікоў у розных галінах народнага гаспадарання, дзякуючы якім развіваецца і квітнее наш родны горад.

Дзень Незалежнасці ў Магілёве пачалі святкаваць на мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле». Тут адбылося ўрачыстае мерапрыемства «Абаронцам — слава!», прысвечанае 80-годдзю абароны Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

— На подступах да Магілёва вораг атрымаў магутны адпор, — звярнуўся да прысутных старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. — 80 гадоў таму на гэтым полі нараджалася наша Перамога. Абарона Дняпроўскага рубяжу сарвала планы гітлераўцаў. Сёння мы схіляем галаву перад мужнасцю народа-пераможца. Але мала заваяваць незалежнасць, яе яшчэ трэба захаваць. І сёння ў гэтым шмат чаго залежыць менавіта ад нас.

Памяць герояў па традыцыі ўшаноўваецца хвілінай маўчання, у паветры гучаць ружэйныя стрэлы. Сотні магіляўчан змаглі на паўтары гадзіны вярнуцца на 80 гадоў назад, у ахоплены вайной горад. Спачатку ў пахмурнае неба ўзняліся некалькі самалётаў, каб прадэманстраваць элементы бою адважнага лётчыка Мікалая Цярохіна, які 28 чэрвеня 1941-га года над Магілёвам збіў некалькі варожых знішчальнікаў. Потым гераічная гісторыя абароны Магілёва ажыла на перасовачнай сцэне, якая размясцілася непадалёк ад Буйніцкай капліцы. Першыя дні вайны, смерць, жахі, непакораныя абаронцы, якія на 23 дні затрымалі ворага на подступах да абласнога цэнтра — усё гэта можна было ўбачыць падчас тэатралізаванага прадстаўлення. Каб лепей разглядзець, што адбываецца на сцэне, людзі падняліся на пушкі і танкі, якія знаходзяцца на Буйніцкім поле ў пастаяннай экспазіцыі. Бліжэй да аўтатрасы Магілёў-Бабруйск дзеці і дарослыя штурмавалі ўжо сучасную тэхніку, якую дэманстравалі вайсковыя часці з Віцебска і Асіповіч. Вайскоўцы Пашкаўскай часці, якая дыслацыруецца пад Магілёвам, паказвалі ўсім жадаючым, як працуюць сучасныя сувязісты.

Потым свята перамясцілася ў гарадскі парк Падніколле і на іншыя пляцоўкі. У парку працавалі інтэрактыўныя арт-зоны, праводзіліся майстар-класы, віктарыны, квэсты, спартыўныя спаборніцтвы. Дзеці прыходзілі ў захапленне ад гадаванцаў кіналагічнай службы Магілёўскага абласнога ўпраўлення дэпартамента аховы МУС. Не толькі весела, але і смачна было каля гандлёва-забаўляльнага цэнтра «Атрыум», дзе магілёўскія вытворцы дэманстравалі свае дасягненні ў лёгкай і харчовай прамысловасцях. Свята смакаты «Магілёўскія традыцыі» пахла шашлыкамі, дранікамі, пірагамі.

Каля філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь — музея В.К. Бялыніцкага-Бірулі падымалі настрой магілёўскія аркестры. А бліжэй да вечара сваіх прыхільнікаў парадуе заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Саладуха, канцэрт якога адбудзецца каля Дыягнастычнага цэнтра. Па горадзе шмат лакальных зон, дзе з раніцы да вечара ладзяцца святочныя канцэрты, выставы-кірмашы, прэзентацыі.

Ва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласці прайшлі мітынгі, святочныя шэсці ветэранаў і працоўных калектываў, урачыстыя ўскладанні кветак, вахты памяці, спартыўныя мерапрыемствы, канцэрты, культурна-забаўляльныя праграмы, былі арганізаваныя выставачныя экспазіцыі. У Круглянскім, Касцюковіцкім, Клічаўскім раёнах сёння адбыліся велапрабегі, прысвечаныя Айчыне, сямейным традыцыям, спартыўнаму ладу жыцця. Раённае свята да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 77-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў адбылося на мемарыяльным комплексе ў вёсцы Сычкава Бабруйскага раёна. А позна вечарам за некалькі хвілін да святочнага салюту ў Магілёве, Бабруйску і ўсіх раёнах вобласці пройдзе рэспубліканская акцыя «Праспяваем гімн разам!»

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара