Для мяне галоўнае — рух

Ручанаў, С. Для мяне галоўнае — рух : [былая настаўніца, а зараз паштальён Л. Ф. Біліеўская] / Сяргей Ручанаў // Звязда. — 2021. — 26 жніўня. — С. 12.

Іншым разам лёс выдае такія незвычайныя павароты, што проста дзівішся. Змяняюцца поўнасцю ўклад жыцця, прафесія, месца жыхарства… Вось і былы настаўнік з Магілёва Людміла Біліеўская пасля выхаду на пенсію вырашыла працягваць працоўнаю дзейнасць, але ў зусім іншай якасці. Усе апошнія гады яна працуе паштальёнам АПС «Магілёў-30», і заслужана лічыцца тут адным з найлепшых работнікаў.


— Сама я — карэнная магіляўчанка, — расказвае Людміла Францаўна. — Усё маё жыццё неразрыўна звязанае з горадам на Дняпры. Тут я вырасла, скончыла першую гарадскую школу — фізіка-матэматычны клас, паступіла ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова на фізіка-матэматычны факультэт. Потым працавала выкладчыкам у політэхнічным тэхнікуме, так тады называлася гэтая навучальная ўстанова. Таксама працавала ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы № 58, дзе рыхтавалі будаўнікоў. Мой агульны педагагічны стаж складае 22 гады.

Па словах Людмілы Францаўны, апынуўшыся на пенсіі, яна так і не змагла з гэтым змірыцца. Добра адчувала, што яшчэ здольная працаваць, прыносіць карысць людзям, хацелася заставацца ў віры жыцця, актыўна рухацца, нягледзячы на ўзрост. А яшчэ вельмі хацелася мець зносіны з рознымі людзьмі. Вось так сярод шматлікіх прафесій яна выбрала спецыяльнасць паштальёна. І калі пачала абмяркоўваць умовы работы, адразу адмовілася ад прапановы быць аператарам сувязі. Яе прыцягвалі зусім іншыя магчымасці.

— У калектыве АПС «Магілёў-30» мяне сустрэлі вельмі добра, — працягвае суразмоўніца. — Тут існуе сапраўды камфортная і дружная атмасфера, зносіны паміж супрацоўнікамі вельмі добрыя. Кожны дзень я іду на работу з задавальненнем. Большую частку маёй падведамаснай тэрыторыі складае прыватны сектар. Там многа зеляніны, і заўсёды, калі туды трапляю, як той казаў, не магу надыхацца чыстым паветрам. Такі насычаны рытм работы мне вельмі падабаецца. Я хутка адчула, што апынулася на сваім месцы.

З самага пачатку маёй работы на гэтым участку ў мяне склаліся прыязныя адносіны з жыхарамі мікрараёна, асабліва з пажылымі людзьмі. Яны ветліва сустракаюць мяне, запрашаюць у дом, спяшаюцца расказаць аб сваім жыцці, задаюць масу розных пытанняў. Іншым разам яны звяртаюцца з невялічкімі просьбамі. Напрыклад, прынесці паштоўку, канверт, а таксама тавары народнага спажывання. Некаторыя з такіх людзей з дому збольшага нікуды не выходзяць — маю на ўвазе тых, хто жыве ў шматкватэрных дамах. І нікому ніводнага разу я не адмовіла. Абавязкова выконвала ўсе просьбы. Не паверыце, наколькі прыемна пасля чуць ад людзей цёплыя словы ўдзячнасці!

Як падкрэсліла Людміла Францаўна, больш за ўсё яна шкадуе пажылых адзінокіх людзей. Такіх на яе ўчастку хапае. Кожнага візіту паштальёна яны чакаюць з вялікім нецярпеннем. Таму што паштальён для іх — не проста служачы, а ў першую чаргу — чалавек, з якім можна падзяліцца і радасцю, і смуткам.

— Ёсць у маёй сённяшняй дзейнасці і надзвычай цяжкія моманты, — адзначыла паштальён. — Вось, напрыклад, нядаўна атрымала чарговы спіс людзей, якім неабходна прынесці пенсіі, і не ўбачыла ў ім адно знаёмае прозвішча. Дзядулі, якога я вельмі паважала і шкадавала. Цяжка было даведацца, што гэты прыемны і добразычлівы чалавек літаральна днямі пайшоў з жыцця.

І да гэтага часу я вельмі сумую па ім і па іншых людзях, да каго ўжо не зойдзеш у двор. Цяжка нават праходзіць каля іх дамоў. Вось у чым заключаецца самая змрочная старонка маёй дзейнасці. Можа, у мяне проста развітае пачуццё суперажывання? Не ведаю…

Ёсць у Людмілы Францаўны і асабістае хобі. У час адпачынку яна любіць вандраваць. Па словах калег, аб’ездзіла амаль усю Еўропу. А марыць — толькі каб яе працоўныя будні працягваліся як мага далей і каб яна магла прыносіць як мага больш карысці людзям.

— Людміла Францаўна — на рэдкасць працавіты чалавек, — адзначыла намеснік начальніка АПС «Магілёў-30» Ірына Марозава. — Жыццярадасная, вельмі камунікабельная, яна вызначаецца ўсімі неабходнымі якасцямі прафесіі паштальёна. Нам — кіраўніцтву падраздзялення — няма прычын хвалявацца за тое, што яна не выканае патрэбныя планавыя паказчыкі. Усё ў яе добра атрымліваецца. Не памылюся, калі скажу, што ў сваёй рабоце яна падае сапраўдны прыклад маладым работнікам пошты. Фору дасць кожнаму маладому паштальёну. Дарэчы, па падпісцы ў яе самая вялікая колькасць выданняў. Паспяхова ў яе ідзе рэалізацыя тавараў народнага спажывання, газет і часопісаў. Гэта — акрамя падпіскі.

Падагульняючы, магу сцвярджаць, што свае службовыя абавязкі гэты чалавек заўсёды выконвае на вышэйшым узроўні, што ў яе ўсё ладзіцца. Яна ніколі не маркоціцца, ды і калег па рабоце падбадзёрвае. Нягледзячы на тое, што ў яе самы аддалены ўчастак, яна заўсёды наперадзе. Больш бы такіх супрацоўнікаў!

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота аутара