Пляцоўка для асаблівых…

Зігуля, Н. Пляцоўка для асаблівых… : у Магілёве прайшоў фестываль творчасці інвалідаў «Разам мы зможам больш!» / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2021. — 7 верасня. — С. 10. 

У Магілёве прайшоў фестываль творчасці інвалідаў «Разам мы зможам больш!»

У фестывалі прыняло ўдзел каля 130 чалавек з абмежаванымі магчымасцямі з Магілёва, Бабруйска, Магілёўскага, Бабруйскага, Горацкага, Глускага, Дрыбінскага, Клічаўскага, Крычаўскага і Слаўгарадскага раёнаў. На працягу дня артысты з парушэннямі слыху, зроку і іншымі асаблівасцямі дэманстравалі свае таленты на сцэне Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы. У фае ўстановы працавала выстаўка дэкаратыўна-прыкладных работ майстроў з інваліднасцю.

У фестывалю ёсць свае нюансы. Яго прыхільнікі ўжо ведаюць, што калі на сцэну выходзяць выканаўцы грамадскай арганізацыі «Беларускага таварыства глухіх», лепш перабрацца на галёрку — гук проста аглушальны. Але глядзець на выступоўцаў вельмі цікава. У іх гаворыць усё: вочы, твары, рукі. Наогул, творчасць асаблівых людзей заўсёды больш эмацыянальная і кранальная. Нездарма кажуць, што, калі Бог нешта забірае, ён кампенсуе чымсьці іншым. Фестываль «Разам мы зможам больш!» дазваляе ўбачыць гэтае «іншае» і яшчэ лепш зразумець сусвет людзей.

— Назва фестывалю «Разам мы зможам больш!» і вызначае яго значнасць, — звяртае ўвагу начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Алег СТЭЛЬМАШОК. — Яго задача ў першую чаргу — даць роўныя магчымасці для ўсіх нашых грамадзян. Фестываль мае вялікі патэнцыял, я спадзяюся, што да яго будзе далучацца ўсё болей і болей таленавітых людзей.

На фестываль прыехала цэлая каманда ад Бабруйскай гарадской арганізацыі інвалідаў на чале з яе кіраўніком Таццянай ПУКАЛА .

— Я працую нядаўна і ўпершыню на гэтым фестывалі, але ён мне ўжо падабаецца, — усміхаецца яна. — У нас ёсць свая зорачка — вакалістка Святлана Атаханава, якая заняла адно з прызавых месцаў на «Славянскім базары».

На выстаўцы можна было ўбачыць вышытыя іконы 51-гадовай бабруйчанкі Ірыны Юшкевіч. Яна адна з актыўных наведвальніц гуртка, якіх пры арганізацыі — на любы густ. «Яе іконы мы асвячаем у храме», — звяртае ўвагу Таццяна Пукала і запрашае паглядзець на стыльны скураны куфэрак яшчэ адной сваёй падапечнай. Аўтар — інвалід другой групы Таццяна Нікіціна. За аснову яна ўзяла звычайную скрыню з-пад абутку. У руках майстра тая змянілася да непазнавальнасці.

— А яшчэ Таццяна шые экалагічныя сумкі, — заўважае суразмоўніца. — Іх усе да адной раскупілі на «Славянскім базары». А вось паглядзіце, якія цудоўныя ў яе атрымліваюцца вясельныя ўпрыгожванні з келіхаў. Праз сацсеткі іх ужо куплялі на вясельныя сталы. Гэта ідэя не з інтэрнэту — жанчына наогул не карыстаецца ім. Гэта — яе фантазія. Калі пойдуць заказы, зробім з яе індывідуальнага прадпрымальніка.

Сёлета ў Бабруйскую гарадскую арганізацыю інвалідаў прыйшлі навічкі з ліку моладзі, што натхніла кіраўніцтва стварыць інклюзіўны клуб.

— Гэта будзе нешта накшталт утульнай кавярні, дзе людзі з абмежаванымі магчымасцямі змогуць абменьвацца думкамі, — кажа Таццяна. — Кавярня будзе знаходзіцца ў бабруйскім Палацы мастацтваў, бо гэтую ініцыятыву мы рэалізуем у партнёрстве з імі. Будзем рыхтаваць розныя забаўляльныя праграмы. Плануецца ўвесці «хуткія спатканні». Насамрэч людзям з інваліднасцю цяжка пазнаёміцца, здаровыя мужчыны і жанчыны не заўсёды прымаюць нас у сваю кампанію.

Старшыня праўлення Магілёўскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання Беларускага таварыства інвалідаў Алеся ЦУМАРАВА некалькі гадоў таму перамагла ў краіне з сацыяльным праектам і стварыла ў Магілёве пляцоўку пад назвай «Тэрыторыя людзей». Тут свае магчымасці могуць развіваць людзі з абмежаванымі магчымасцямі з усёй вобласці.

— Наш цэнтр узняўся на новы ўзровень, — дзеліцца яна поспехамі. — У нас з’явілася месца, дзе можна выпіць кавы, травяной гарбаты. Мы супраць пластыкавага посуду, таму напіткі падаём выключна ў папяровых кубачках. Яшчэ мы пачалі вязаць адзенне для жывёл. А нядаўна падпісалі дагавор супрацоўніцтва з «Магілёўліфтмашам», будзем рабіць для іх сувенірную прадукцыю.

Карціны, іконы, адзенне, біжутэрыя, вышыўка, вырабы з цеста — выстаўка атрымалася вельмі насычаная, што яшчэ раз даказвае: творчасць асаблівых людзей не мае межаў.

— У фестывалі прымалі ўдзел работы майстроў 10 раённых арганізацый, — адзначыла Алеся Цумарава. — Клічаўская майстрыха, напрыклад, зрабіла свае работы ў моднай зараз тэхніцы поп-арт. І такіх свежых ідэй шмат. Нягледзячы на ўсе складанасці гэтага і папярэдняга года, мы працягвалі развівацца і творчарасці.

А вось Раман Казлоў — дызайнер. На выстаўцы можна было ўбачыць створанае ім адзенне ў беларускім стылі з выкарыстаннем ільну. Малады чалавек мае праблемы са слыхам. Вучыўся ў магілёўскім эканамічным каледжы, працаваў на аршанскім прадпрыемстве «Нітка». Зараз развівае свае здольнасці па шыцці. Летась ён заняў трэцяе месца ў рэспубліканскім этапе конкурсу WorldSkills у адпаведнай катэгорыі.

А колькі яркіх нумароў прадэманстравалі майстры сцэны! У складзе народнага фальклорнага калектыву «Квецень» Бабруйскага прадпрыемства «Святлопрыбор» Беларускага таварыства інвалідаў па зроку ў Магілёў прыехалі 16 чалавек. У нацыянальных строях, задзірыстыя, пявучыя, яны звярталі на сябе ўвагу непасрэднасцю і мовай. На конкурсе яны дэманстравалі фрагмент «Масленіца гуляла — вясну сустракала».

— Мы гэтую праграму спецыяльна рабілі на беларускай мове, — прызналіся артысты. — Захоўваем нашы традыцыі і прасоўваем у масы. Фестываль для нас — добрая аддушына. Стасункі вельмі важныя. Хочацца, каб такіх сустрэч было болей. Яны даюць магчымасць падтрымаць знаёмствы, знайсці новыя.

Чатыры гады таму фестываль «Разам мы зможам больш!» праводзіўся ў Магілёве на міжнародным узроўні. Тады прыязджалі творчыя людзі з інваліднасцю з некалькіх абласцей Расійскай Федэрацыі. Гэтым разам было прыемна пачуць ад старшыні Рэспубліканскага савета па пытаннях клубнай дзейнасці і народнай творчасці пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь, дырэктара Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы Алега Хмялькова, што на наступны год зноў плануецца зрабіць яго міжнародным. «Прынамсі, Пасткамітэт Саюзнай дзяржавы ўжо зацвердзіў яго», — удакладніў ён.

Сёлетні фестываль рэгіянальны, але не стаў ад гэтага менш цікавым і насычаным. Усе яго канкурсанты — і артысты, і майстры дэкаратыўна-прыкладной творчасці — атрымалі дыпломы: хто — пераможцаў, хто — прызёраў, хто — проста ўдзельнікаў. Нікога не пакрыўдзілі.

Асобныя віншаванні пераможцам

Дыпломамі І ступені абласнога фестывалю творчасці інвалідаў «Разам мы зможам больш!» узнагароджаны ўдзельнікі ад магілёўскага Дома культуры прадпрыемства «Метыз» грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства глухіх» Уладзімір Ляпусцін (намінацыя «Выяўленчае мастацтва»), дуэт Наталлі Зайцавай і Рамана Харунжага ад народнага тэатра жэставай песні «Рукі, якія спяваюць» («Жэставыя спевы»), а таксама ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці «Універсальная сямейка» («Арыгінальны жанр») і Маргарыта Марахоўка («Харэаграфічнае мастацтва») Дома культуры прадпрыемства «Універсал Бабруйск» грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства глухіх».

У пераможцах — прадстаўнікі Магілёўскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў» Любоў Пляскіна («Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва»), Алена Краснянкова («Аўтарская паэзія і бардаўская творчасць») і Святлана Перуноўская («Эстрадныя спевы»).

Найвышэйшую адзнаку атрымаў таксама народны хор народнай песні «Гасцінец» Магілёўскай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» пад кіраўніцтвам Мікалая Варапая («Народныя спевы»).

Нэлі ЗІГУЛЯ. Фота аўтара.