Кудрэйка, Н. Міжнароднае свята анімацыі ў Магілёве : [XXIV Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка–2021»] / Надзея Кудрэйка // Культура. — 2021. — 23 кастрычніка. — С. 1, 3.
XXIV Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка-2021” пройдзе ў Магілёве з 25 па 27 кастрычніка. Месца правядзення цырымоній адкрыцця і закрыцця фестывалю — кінатэатр “Радзіма”, там жа будзе працаваць выстава конкурсу дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Тэрыторыя майстэрства і творчасці”. Сёлета, дарэчы, з мэтай выяўлення і падтрымкі таленавітых дзяцей і падлеткаў павялічылася колькасць узроставых груп удзельнікаў гэтага конкурсу, а прымаць удзел у ім могуць дзеці ад 5 да 17 гадоў.
Увогуле на конкурсы фестывалю 2021 года прадстаўлена 180 работ з 28 краін свету. Сярод новых краін-удзельніц — Паўночная Македонія і Егіпет. Ад Беларусі ў конкурсы заяўлены 31 фільм — большасць у дзіцячым конкурсе, але і ў асноўным конкурсе анімацыйных фільмаў удзельнічаюць тры стужкі вытворчасці кінастудыі “Беларусьфільм”, знятыя цягам апошняга года, і гэта ўсё работы мэтраў беларускага кіно: “Прэлюдыя і фуга” Ігара Воўчака, “Тошка і яго сябры. Ёсць кантакт!” Аляксандра Ленкіна і “Пра Дзідзі” Ірыны Тарасавай. Экспертная камісія, у складзе якой былі знаныя рэжысёры, кінакрытыкі, арганізатары фестываляў, скончыла працу 2 кастрычніка, і ў выніку ў конкурсы фестывалю былі адабраныя 112 анімацыйных фільмаў з 19 краін. Услед за экспертнай камісіяй у рэжыме відэаканферэнцый пачалі працу кампетэнтныя журы, якія абвесцяць пераможцаў 27 кастрычніка на цырымоніі закрыцця фестывалю “Анімаёўка-2021”. Па шматгадовай традыцыі старшынёй журы асноўнага конкурсу анімацыйных фільмаў стаў знакаміты расійскі рэжысёр Леанід Носыраў, у складзе журы — рэжысёр Алена Турава (Рэспубліка Беларусь), рэжысёр Патэй Сэмюэль (Швейцарыя), рэжысёр Эдвард Кульбаеў (Рэспубліка Казахстан). Журы конкурсу дзіцячай анімацыйнай творчасці таксама традыцыйна ўзначальвае знакаміты беларускі рэжысёр Таццяна Кубліцкая. Журы конкурсу дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці сёлета ўзначаліў скульптар і мастак Сяргей Сотнікаў, выкладчык Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Конкурсныя і пазаконкурсныя фестывальныя паказы пройдуць у кінатэатрах “Чырвоная зорка”, “Радзіма”, “Космас” і “Ветразь”. У сувязі з ускладненнем эпідэміялагічнай сітуацыі праграма падзей “Анімаёўкі-2021” значна скарацілася, тым не менш пройдуць два майстар-класы: рэжысёра і сцэнарыста Алены Туравай — “Таямніца музычнай шкатулкі” і выкладчыцы Магілёўскай школы выяўленчых мастацтваў Ларысы Будкевіч — “Стварэнне вобразу ў анімацыі”. 27 кастрычніка ў кінатэатры “Чырвоная зорка” адбудзецца творчае выступленне кампазітара, народнага артыста Беларусі Эдуарда Ханка “Музыка ў анімацыйным кіно”.