Сінькевіч, Г. Канікулы з карысцю : [СШ № 45] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2021. — 28 кастрычніка. — С. 1.
Цікавы, карысны і поўны ўражанняў адпачынак на восеньскіх канікулах чакае навучэнцаў сярэдняй школы № 45 Магілёва. Сёння тут вучыцца звыш 2,5 тысячы школьнікаў. Па колькасці вучняў установа з’яўляецца самай вялікай у рэгіёне.
45-я магілёўская школа — сучасная навучальная ўстанова. Добрую матэрыяльную базу тут мэтанакіравана выкарыстоўваюць для ўсебаковага развіцця вучняў, у тым ліку і ў пазаўрочны час.
— Мы ўдзяляем павышаную ўвагу таму, каб у навучэнцаў былі шырокія магчымасці для карыснага правядзення вольнага ад вучобы часу, — паведаміў дырэктар сярэдняй школы № 45 У.В.Маціеўскі.
Па яго словах, у школе дзейнічаюць шматлікія аб’яднанні па інтарэсах і спартыўныя секцыі. Усе жадаючыя могуць дадаткова наведваць басейн, спартыўныя і трэнажорныя залы, цір, вулічныя спартыўныя пляцоўкі.
— Значна, што ў невучэбныя дні і на канікулах уся гэтая дзейнасць не прыпыняецца. Наадварот, мы пашыраем спектр прапанаваных мерапрыемстваў. Канікулярны час заўсёды максімальна насычаны падзеямі, школа напоўнена дзецьмі. Важна таксама, што мы імкнёмся да таго, каб кожны вучань знайшоў сабе занятак па душы, — падкрэсліла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце М.В.Васількова.
На канікулах у сярэдняй школе № 45 традыцыйна функцыянуе аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем. Запланавана таксама правядзенне разнастайных забаўляльных мерапрыемстваў у класных памяшканнях для невялікіх груп навучэнцаў. Многія мерапрыемствы, з улікам эпідэмічнай сітуацыі, будуць праходзіць у анлайн-рэжыме.
— Акрамя гэтага, нашы педагогі прапануюць навучэнцам дадатковыя заняткі, якія дапамогуць выправіць недахопы ў ведах па прадметах. Пэўны акцэнт заўсёды робім на рабоце з адоранымі вучнямі. Зараз яны будуць рыхтавацца да ўдзелу ў алімпіядах і даследчых конкурсах. У рамках дзейнасці школьных пярвічак БРПА і |БРСМ мы прадугледзелі разнастайныя акцыі і конкурсы для падтрымкі ініцыятывы юных лідараў. Для ўсіх жадаючых у школе дзейнічаць відэасалон і гульнявы пакой. Наогул, плануем ахапіць занятасцю па інтарэсах каля 80% сваіх вучняў, — адзначыла М.В.Васількова.
Дарэчы, як паведамілі ў галоўным упраўленні па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, на працягу канікул правядзенне разнастайных конкурсаў, віктарын, акцый, экскурсій, спартыўных турніраў, культурна-забаўляльных мерапрыемстваў запланавана ва ўсіх навучальных установах рэгіёна. Аздараўленне ў лагерах з дзённым знаходжаннем пройдуць каля 7,5 тысячы вучняў. Адпачынак дзяцей будзе ладзіцца з улікам усіх санітарна-эпідэміялагічных рэкамендацый.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
magileu@nastgaz. by