Кудрэйка, Н. «Анімаёўка–2021» уручыла прызы пераможцам / Надзея Кудрэйка // Культура. — 2021. — 30 кастрычніка. — С. 2.
Узнагароджанне пераможцаў “Анімаёўкі-2021” адбылося 27 кастрычніка ў магілёўскім кінатэатры “Радзіма”. Прызамі “Вялікі хрустальны аловак” і дыпломамі пераможцаў у асноўным конкурсе былі ўзнагароджаны 13 конкурсных работ з дзевяці краін. Журы на чале са знакамітым расійскім рэжысёрам Леанідам Носыравым акрамя Гран-пры бразільскаму фільму яшчэ адзначыла фільмы нямецкага рэжысёра Лукаса фон Берга “Прасвяты Андроід” (“Найлепшы анімацыйны фільм для дарослых”), расійскага рэжысёра Аляксандра Свірскага “Вадзім на прагулцы” (“Найлепшы эксперыментальны анімацыйны фільм”), рэжысёра з Ганконга Стэпа Сі “У цемры ночы” (“Найлепшае выяўленчае рашэнне”), расійскага рэжысёра Кацярыны Філіпавай “Караблік, што хацеў лятаць” (“Найлепшы анімацыйны фільм для дзяцей”), і іншыя.
Пачэсным дыпломам “Майстру анімацыі” і прызам “Вялікі хрустальны аловак” за значны ўклад у развіццё анімацыі быў ўзнагароджаны беларускі рэжысёр Аляксандр Ленкін, чый новы фільм “Тошка і яго сябры. Ёсць кантакт!” таксама ўдзельнічаў у конкурсе “Анімаёўкі-2021”.
Увогуле ў фінальных спаборніцтвах фестывалю ўдзельнічалі 63 стужкі ў дарослым конкурсе анімацыйных фільмаў і 49 у конкурсе дзіцячай анімацыйнай творчасці — журы ў дзіцячай намінацыі ўзначальвала знакаміты беларускі рэжысёр Таццяна Кубліцкая. “Малы хрустальны аловак” за найлепшы анімацыйны фільм, створаны дзецьмі, атрымала стужка “Зімовы калабок” дзіцячых студый Гомельскага дзяржаўнага абласнога Палаца творчасці дзяцей і моладзі. Іншымі прызамі былі ўзнагароджаны дзіцячыя студыі з Барысава, Мінска, Магілёва, расійскіх гарадоў Яраслаўль і Льгоў, украінскага горада Днепр, а таксама з Бельгіі і ЗША.
Традыцыйна ў рамках Міжнароднага фестывалю анімацыйнага кіно “Анімаёўка” праходзіць і конкурс дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці: сёлета ў ім удзельнічалі 179 работ. У сваіх узроставых катэгорыях дыпломы і каштоўныя падарункі атрымалі многія юныя творцы з Магілёва і Магілёўскай вобласці.