Зігуля, Н. Свята пад назвай «Анімаёўка» : у Магілёве выбралі найлепшыя мультфільмы гэтага года / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2021. — 30 кастрычніка. — С. 9.
У Магілёве выбралі найлепшыя мультфільмы гэтага года.
Анімацыя здольная зрабіць наш свет рознакаляровым і чароўным. Пры сваёй, здавалася б, прастасці і немудрагелістасці гэты від мастацтва насамрэч вельмі шчыры і глыбокі. За гэта яго любяць і дзеці, і дарослыя. Тры дні фестывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2021» у Магілёве праляцелі як адно імгненне. Выстаўкі, кінапаказы, сустрэчы з цікавымі людзьмі — кожны дзень быў напоўнены падзеямі і адкрыццямі. Фестывальныя кінапаказы ішлі ва ўсіх кінатэатрах горада, але менавіта «Радзіма» стала той пляцоўкай, дзе прайшло ўрачыстае адкрыццё і дзе ўзнагародзілі пераможцаў конкурсаў.
На працягу ўсіх 24 гадоў існавання фэсту яго разынкай былі конкурсы анімацыйных фільмаў, дзіцячай анімацыйнай творчасці, а таксама дзіцячага выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Сёлета удзел у фестывалі прымалі 28 краін, на суд экспертаў былі прадстаўлены 180 дарослых і дзіцячых анімацыйных фільмаў. Яшчэ 179 заявак былі пададзены на конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Журы конкурсаў, як заўсёды, было прадстаўнічае. У яго складзе працавалі легенда савецкай мультыплікацыі заслужаны дзеяч мастацтваў Расійскай Федэрацыі Леанід Носараў, рэжысёр кінастудыі «Беларусфільм», драматург, сцэнарыст, лаўрэат міжнародных прэмій Алена Турава, кінапедагог, член Саюза кінематаграфістаў і Гільдыі рэжысёраў Расіі Сяргей Струсоўскі і іншыя. З-за пандэміі вынікі падводзіліся ў фармаце відэаканферэнцыі, якая адбылася напярэдадні «Анімаёўкі.» І хаця імёны шчасліўчыкаў былі вядомыя ўжо ў першы дзень фэсту, іх аб’явілі толькі пад заслону. Павінна ж была быць нейкая інтрыга.
Алена Турава на афіцыйным адкрыцці фестывалю з захапленнем расказвала, як блізка ёй гэта свята.
— Дзякуй Магілёву, які нам яго дорыць, — адзначыла рэжысёр. — Сёлетнія работы прыемна здзівілі. Па сутнасці, мы некалькі тыдняў абмяркоўвалі, каму аддаць прызы. Калі шмат моцных фільмаў, цяжка выбраць найлепшы. Дзесьці прыходзілася ісці на кампраміс, хаця ўсё ўнутры бунтавала супраць таго, каб ставіць фільму ніжэйшы бал. Але што было рабіць, калі работ дзясяткі.
Летась фестываль быў амаль цалкам дыстанцыйны і праходзіў анлайн, сёлета ў яго рамках адбылася некалькі майстар-класаў. Урокамі майстэрства падзяліліся Алена Турава, Эдуард Ханок, Ларыса Будкевіч. Недахопу ў слухачах і гледачах не было. У Магілёве анімацыяй займаюцца па-сур’ёзнаму. Сёлета толькі ад магілёўскіх аніматараў дзіцячай анімацыйнай студыі «Dіggіe club» і аб’яднання па інтарэсах «Калейдаскоп» паступіла на конкурс 12 фільмаў.
— Прыемна, што ў конкурсах фестывалю актыўна ўдзельнічаюць магілёўскія і бабруйскія актывісты, — адзначыў начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Алег Стальмашок. — Іх колькасць і прафесіяналізм з кожным годам толькі расце. І гэта цудоўна. Значыць, фестываль запатрабаваны. А арганізатары — Міністэрства культуры і аблвыканкам — аказваюць яму ўсебаковую падтрымку.
Анімацыя становіцца ўсё больш сур’ёзнай і філасофскай. Аўтары часцей гавораць пра надзённыя праблемы, пра тое, што хвалюе грамадства. Сярод работ былі стужкі пра беларускія строі, скарэнне космасу і нават ковід. Сёлета, у Год народнага адзінства, была зацверджана дадатковая намінацыя — найлепшы грамадзянска-патрыятычны анімацыйны фільм. Іспанская стужка «Буліт, які ўмеў размаўляць з прыродай» пра ратаванне роднага горада ад разбуральнай буры якраз з гэтай серыі. Яна, дарэчы, і перамагла ў гэтай намінацыі. Былі адзначаны і магілёўскія аніматары са сваімі версіямі пра стварэнне роднага горада.
Папулярнай стала экалагічная праблема. Фільм з красамоўнай назвай «Здай батарэйкі! Выратуй вожыка!» заявіў на конкурс расійскі аніматар.
— Лічу, што дзякуючы нашаму фестывалю мастацтва анімаццыі жыве, — прызнаўся дырэктар Магілёўскага абласнога прадпрыемства «Кінавідэапракат» Сяргей Бажкоў. — І тое, што праз яго раскрываецца так шмат рознай тэматыкі, даказвае, наколькі яно запатрабаванае і важнае.
На гэты раз Гран-пры фестывалю — «Вялікі хрустальны аловак» і дыплом пераможцы дасталіся рэжысёру з Бразіліі Радхе Меронэ за стужку «Аўрора — вуліца, якая хацела стаць ракой».
Шэраг аўтараў узнагароджаны «Вялікім хрустальным алоўкам» і дыпломамі ў намінацыях «Найлепшы анімацыйны фільм для дарослых», «Найлепшы эксперыментальны анімацыйны фільм», «Найлепшае выяўленчае рашэнне», «Найлепшы сцэнарый анімацыйнага фільма» і іншых. Напрыклад, прыз за «Найлепшы анімацыйны фільм для дзяцей» узяў фільм «Караблік, які хацеў лятаць» рэжысёра Кацярыны Філіпавай з Масквы. А пераможцам у намінацыі «Найлепшы дэбют» стала рэжысёр таксама з Масквы Ганна Кузіна з фільмам «Цёплая зорка». Найлепшым беларускім анімацыйным фільмам названая «Прэлюдыя і фуга» Ігара Волчака.
За ўклад у развіццё анімацыі адзначаны дыпломам «Майстру анімацыі» і прызам «Вялікі хрустальны аловак» кінарэжысёр вышэйшай катэгорыі, беларускі аніматар і сцэнарыст Аляксандр Ленкін.
Юныя аніматары атрымалі «Малыя хрустальныя алоўкі» і дыпломы, а пераможцы ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве — дыпломы разам з каштоўнымі падарункамі. Цалкам са спісам пераможцаў можна азнаёміцца на сайце mogіlevkіno.by, а іх фільмы паглядзець у кінатэатрах свайго горада. Бо, як паабяцалі арганізатары, на працягу года іх пакажуць ва ўсёй краіне.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота аўтара і з сайта mogіlevnews.by