Сінькевіч, Г. Традыцыі і інавацыі : [СШ № 8 г. Магілёва] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2021. — 2 лістапада. — С. 15.
Якой будзе навучальная ўстанова, наколькі якасным будзе адукацыйны працэс у ёй — усё гэта напрамую залежыць ад настаўніка. Такога меркавання прытрымліваецца кіраўніцтва сярэдняй школы № 8 Магілёва. Ва ўстанове вялікая ўвага ўдзяляецца рабоце з педагагічнымі кадрамі, якая заснавана тут на сумяшчэнні традыцый і інавацый.
Восьмая магілёўская школа — сучасная ўстанова адукацыі. Сёння тут навучаюцца звыш 1000 хлопчыкаў і дзяўчынак. Адукацыйны працэс ажыццяўляюць 68 педагогаў. Сярод іх ёсць настаўнік-метадыст, а звыш 70% маюць першую або вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Адметна, што істотная частка калектыву — маладыя настаўнікі.
Дырэктар сярэдняй школы № 8 А.І.Корзун: “Сістэма бесперапыннай педагагічнай адукацыі ва ўстанове заснавана на сумяшчэнні традыцый і інавацый”.
— Мы добра ўсведамляем неабходнасць амаладжэння педагагічных кадраў. У гэтым напрамку ў нас склаліся пэўныя традыцыі. Будучую змену педагогаў заўсёды шукаем сярод сваіх вучняў. І вынік ёсць. Трое з намеснікаў дырэктара, пяцёра настаўнікаў з’яўляюцца выпускнікамі нашай школы. Важна, што дзейнасць у гэтым кірунку вядзецца бесперапынна. Мы захоўваем назапашаны вопыт, але прыўносім у яго інавацыйныя падыходы. Гэта дазволіла наладзіць сваю сістэму бесперапыннай педагагічнай адукацыі, якая сапраўды дзейнічае, — паведаміў дырэктар сярэдняй школы № 8 А.І.Корзун.
Паводле яго слоў, сёння ўстанова з’яўляецца школай-лабараторыяй вучэбна-навукова-інавацыйнага кластара бесперапыннай педагагічнай адукацыі. Тут наладжана плённае супрацоўніцтва з БДПУ імя Максіма Танка, МДУ імя А.А.Куляшова. Школа — база для праходжання педагагічнай практыкі будучымі настаўнікамі. У навучальнай установе актыўна ўкараняецца перадавы педагагічны вопыт, вядзецца эфектыўная метадычная работа.
— Асаблівую ролю мы адводзім функцыянаванню класаў педагагічнай накіраванасці. У Магілёўскай вобласці наша ўстанова была адной з першых, дзе адкрыліся профільныя педагагічныя класы. Да школьных традыцый мы дабавілі наватарскія падыходы — падключыліся да рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў на ІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі”. Цеснае ўзаемадзеянне з МДУ імя А.А.Куляшова, каардынацыя з боку абласнога інстытута развіцця адукацыі, а таксама намаганні ўсяго калектыву школы дазваляюць нам плённа працаваць у гэтым кірунку, — адзначыў Аляксандр Іванавіч.
Мэтанакіраваную дзейнасць па адборы найбольш здольных навучэнцаў, а таксама матываванне іх на атрыманне педагагічнай прафесіі ў школе пачынаюць з ІІ ступені навучання. Ужо з 5 класа зацікаўленыя дзеці могуць наведваць адпаведныя гурткі, увайсці ў склад школьнага педагагічнага атрада.
— На працягу трох гадоў для навучэнцаў 5—8 класаў у школе дзейнічаюць аб’яднанні па інтарэсах “Пазнай сябе”, “Сямейная педагогіка”, “Педагагічныя ролі настаўніка”, “Мастацтва практычнага чалавеказнаўства”. Тэматычныя заняткі дапамагаюць вучням больш свядома падыходзіць да выбару будучай прафесіі, матывуюць на самапазнанне і развіццё сваіх здольнасцей, фарміруюць цэласнае ўяўленне аб працы педагога. На ІІ ступені навучання дзеці могуць на практыцы азнаёміцца са спецыфікай педагагічнай прафесіі. Для гэтых мэт быў створаны педагагічны атрад. Зараз у яго ўваходзяць больш за сто захопленых настаўніцкай прафесіяй хлопцаў і дзяўчат. Яны рэгулярна аказваюць дапамогу малодшым школьнікам у арганізацыі вучэбнай і адпачынкавай дзейнасці, выконваюць сацыяльна-значныя справы па даручэнні сваіх педагогаў, працуюць памочнікамі важатых у аздараўленчых летніках, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Н.П.Малахава.
Такое ўсебаковае знаёмства з працай настаўніка дазваляе навучэнцам свядома выбіраць профіль далейшага навучання. Вучыцца ў класы педагагічнай накіраванасці тут насамрэч ідуць толькі матываваныя на далейшае атрыманне педагагічнай прафесіі падлеткі. Значна, што такіх старшакласнікаў у школе нямала.
— Зараз у 10—11 класах у нас навучаюцца 58 юнакоў і дзяўчат. З іх 31 вучань наведвае факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Заняткі для навучэнцаў груп педагагічнай накіраванасці праходзяць на высокім узроўні, іх праводзіць намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта педагогікі і псіхалогіі дзяцінства МДУ імя А.А.Куляшова С.В.Спірын. Акрамя тэарэтычнага навучання, для вучняў рэгулярна арганізоўваюцца педагагічныя пробы, педпрактыка. Гэтаму аспекту мы ўдзяляем асаблівую ўвагу, бо самастойная педагагічная дзейнасць — важны першапачатковы вопыт і практычная падрыхтоўка навучэнцаў да іх будучага ўсвядомленага прафесійнага выбару, — пераканана Наталля Пятроўна.
У школе ўсебакова падтрымліваюць маладых спецыялістаў, як вынік — пасля адпрацоўкі абавязковага тэрміну размеркавання тут замацоўваюцца 75% пачынаючых педагогаў.
Такі падыход прыносіць адпаведныя вынікі. Кожны выпускнік педагагічнага класа восьмай школы, які атрымлівае неабходныя рэкамендацыі, паступае ў педагагічныя УВА. Сёлета такіх выпускнікоў было сямёра. У навучальнай установе чакаюць, што пасля атрымання настаўніцкіх дыпломаў яны прыйдуць на работу ў родную школу. Менавіта так зрабіла выпускніца педагагічнага класа 2017 года, а зараз малады настаўнік-дэфектолаг Л.А.Марцінкова.
— У педагагічны клас я прыйшла ў свой час з выразным жаданнем — стаць настаўнікам-дэфектолагам. У майго брата былі парушэнні маўлення, я разам з ім наведвала заняткі і заўсёды захаплялася працай лагапеда. І зразумела, што таксама хачу дапамагаць дзецям. Калі адкрывалі педагагічны клас, без роздумаў выбрала для сябе менавіта гэты профіль. А ўжо ажыццявіўшы сваю мару і стаўшы студэнткай МДУ імя А.А.Куляшова, пераканалася, што не памылілася ў выбары. Тое ж самае магу сказаць і цяпер. Мяне неверагодна натхняюць нават самыя маленькія перамогі маіх вучняў. Радуе і магчымасць працаваць у роднай школе. У мяне ёсць настаўнік, які, калі трэба, дае мне парады і дзеліцца сакрэтамі майстэрства. Гэта дапамагло хутка асвоіцца і ўключыцца ў работу, — падзялілася Лізавета Аляксандраўна.
У сярэдняй школе № 8 сапраўды ўсебакова падтрымліваюць маладых спецыялістаў. Ва ўстанове дзейнічае інстытут настаўніцтва, функцыянуе метадычнае аб’яднанне “Школа маладога педагога”. Тут рэгулярна праводзяць майстар-класы, трэнінгі, адкрытыя ўрокі. Усё гэта вельмі дапамагае настаўнікам, якія толькі пачынаюць свой працоўны шлях, справіцца з прафесійным станаўленнем.
— Працую ўсяго месяц, але ўжо пераканалася: педагогіка — гэта маё, а ў школе я на сваім месцы. Першыя часы былі пэўныя цяжкасці, але ў гэты перыяд вельмі дапамагла падтрымка з боку калег і кіраўніцтва школы. І цяпер я дакладна ведаю: як бы ні склаліся жыццёвыя абставіны, я застануся ў прафесіі, — расказала маладая настаўніца пачатковых класаў Д.А.Карпіш.
Дарэчы, пасля адпрацоўкі абавязковага тэрміну размеркавання ў восьмай магілёўскай школе застаюцца працаваць і замацоўваюцца 75% маладых педагогаў. Паказчык добры, і кіраўніцтва ўстановы нацэлена на яго павышэнне. Тут будуць імкнуцца і да павелічэння колькасці маладых спецыялістаў з ліку выпускнікоў педагагічных класаў.
— Мы планамерна працуем над папулярызацыяй сярод навучэнцаў прафесіі настаўніка, тлумачым яе прэстыж і запатрабаванасць. Гэтая дзейнасць прыносіць свой плён. Жадаючых вучыцца ў педкласах заўсёды хапае. Нашы вучні адрозніваюцца высокай матываванасцю да навучання. Большасць з іх у выніку атрымлівае педагагічную адукацыю. У гэтым навучальным годзе ў калектыў школы прыбыло восем маладых спецыялістаў. Сярод іх — наша выпускніца, якая чатыры гады назад скончыла першы педагагічны клас. Гэта — лепшае пацвярджэнне эфектыўнасці сістэмы бесперапыннай педагагічнай адукацыі. У такім ключы мы маем намер будаваць работу з кадрамі і ў далейшым. Будзем працягваць шукаць сабе змену сярод нашых жа вучняў, — запэўніў дырэктар сярэдняй школы № 8 А.І.Корзун.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.