Сінькевіч, Г. Класіка і інавацыі : [60-годдзе БРУ] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2021. — 18 лістапада. — С. 3.
Беларуска-Расійскі ўніверсітэт адзначыў 60-годдзе. За больш чым паўвекавую гісторыю гэтая ўстанова прайшла шлях ад машынабудаўнічага інстытута да сучаснага ўніверсітэта. Сёння БРУ — установа, дзе гарманічна спалучаюцца кансерватыўнасць класічнай адукацыі і інавацыйнае развіццё. Гэта буйны навукова-адукацыйны і сацыякультурны цэнтр рэгіёна.
— Першапачаткова створаны як УВА тэхнічнага профілю, наш універсітэт працягвае захоўваць сваю накіраванасць на вытворчую сферу, пашыраючы напрамкі падрыхтоўкі з улікам сучасных патрабаванняў. Мы рыхтуем спецыялістаў, магістраў і бакалаўраў у галіне новых тэхналогій машынабудавання, праектавання і эксплуатацыі аўтатранспарту, электратэхнікі, электронікі, будаўніцтва, IT-тэхналогій і эканомікі. Штогод БРУ выпускае каля тысячы спецыялістаў тэхнічнага і інжынерна-эканамічнага профілю. Міждзяржаўны статус, які быў атрыманы ў 2003 годзе, надаў новы імпульс развіццю. Актывізавалася міжнароднае супрацоўніцтва, павысіліся нашы пазіцыі ў міжнародных рэйтынгах. Універсітэт мае выдатную матэрыяльную базу. Але самы галоўны наш здабытак — высокапрафесійны і згуртаваны калектыў, дзякуючы якому сталі магчымымі ўсе цяперашнія і гарантаваны будучыя перамогі, — упэўнены рэктар Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Міхаіл Лусцянкоў.
Да значнай юбілейнай даты БРУ прыйшоў з высокімі дасягненнямі. Тут удасканалілі змест і якасць адукацыі, вывелі на новы ўзровень навуковую дзейнасць, істотна ўмацавалі матэрыяльна-тэхнічную базу. Дарэчы, святочныя мерапрыемствы ва ўніверсітэце таксама былі напоўнены адкрыццём новых адукацыйных аб’ектаў. У іх ліку — музей, дзе прадставілі некалькі соцень каштоўных для навучальнай установы экспанатаў, а яшчэ — Цэнтр рускай мовы і культуры, які з’явіўся дзякуючы супрацоўніцтву БРУ з расійскім Дзяржаўным інстытутам рускай мовы імя А.С.Пушкіна.
Галоўнай жа падзеяй, прымеркаванай да юбілею, стаў святочны сход. Яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі мясцовай выканаўчай улады, міністэрстваў, ведамстваў і грамадскіх арганізацый, рэктары ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны, выкладчыкі і студэнты. Падчас урачыстасці неаднаразова адзначалася эфектыўнае функцыянаванне БРУ, плённая праца яго педагагічнага калектыву.
Беларуска-Расійскі ўніверсітэт сёння — гэта міжнародны навукова-адукацыйны цэнтр, які адпавядае ўсім сусветным стандартам адукацыі. Унікальнасць гэтай УВА таксама ў аб’яднанні адукацыйных праграм Беларусі і Расіі.
— Беларуска-Расійскі ўніверсітэт прайшоў вялікі і няпросты шлях станаўлення. Сёння гэта міжнародны навукова-адукацыйны цэнтр, які адпавядае ўсім сусветным стандартам адукацыі. Унікальнасць гэтай УВА таксама ў аб’яднанні адукацыйных праграм Беларусі і Расіі. У БРУ працуюць таленавітыя, прафесійныя выкладчыкі. Гэта дазваляе моладзі набываць ва ўніверсітэце ўсе неабходныя навыкі для прафесіі і жыцця. Універсітэт ужо выпусціў каля 50 тысяч высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія паспяхова працуюць у розных сферах. Сярод выпускнікоў ёсць і вядомыя кіраўнікі. Упэўнены, што створаная тут выдатная база і прафесійны патэнцыял выкладчыкаў дазволяць БРУ і далей трымаць высокія рэйтынгі, — адзначыў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц. Губернатар уручыў кіраўніцтву БРУ сертыфікат на набыццё камп’ютарнай тэхнікі, а лепшых выкладчыкаў узнагародзіў ганаровымі граматамі і падзякамі.
Да цёплых слоў віншаванняў далучылася і кіраўнік Прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Мар’яна Шчоткіна.
— Беларуска-Расійскі ўнівесітэт — унікальная навучальная ўстанова. Шмат у чым гэтая ўнікальнасць у педагогах і выкладчыках. Амаль палова з іх маюць вучоныя ступені. Гэта падкрэслівае, што без навукі немагчыма ніякае інавацыйнае развіццё. Важна, што новы імпульс у гэтым напрамку надало ажыццяўленне праекта Саюзнай дзяржавы “Развіццё адукацыйнай і навуковай дзейнасці БРУ на базе інавацыйных тэхналогій”. У рамках яго рэалізацыі былі выдзелены сродкі на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы і арганізацыю лічбавага асяроддзя для адукацыйнага працэсу. У выніку было закуплена праграмнае забеспячэнне, абсталяванне, створаны новыя лабараторыі. Гэта дало магчымасць стварыць добрыя ўмовы для развіцця навукі, адкрыцця новых прарыўных спецыяльнасцей, — паведаміла Мар’яна Шчоткіна, пасля чаго зачытала калектыву БРУ віншаванне ад дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Дзмітрыя Мезенцава і адзначыла шэраг выкладчыкаў.
Прывітальны адрас калектыву БРУ накіраваў і міністр адукацыі Ігар Карпенка: “…Сёння ўніверсітэт увасабляе лепшыя адукацыйныя і навуковыя традыцыі Беларусі і Расіі, развівае добрыя адносіны паміж дзвюма дзяржавамі, з’яўляецца надзейным партнёрам многіх УВА з краін блізкага і далёкага замежжа. Але самае галоўнае багацце БРУ — захаваны на працягу дзесяцігоддзяў вялікі творчы патэнцыял навукоўцаў, выкладчыкаў, супрацоўнікаў, студэнтаў, а таксама шматгадовыя традыцыі, якія беражліва перадаюцца ад аднаго пакалення да іншага. Няхай поспехі, смелы пошук і высокія прафесійныя дасягненні ў сферы навукі і адукацыі спадарожнічаюць далейшаму развіццю ўніверсітэта”.
Словы віншавання ад міністра зачытала намеснік дырэктара Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі А.Т.Зямнова (на здымку), якой таксама была дэлегавана прыемная місія ўручэння педагогам заслужаных узнагарод.
Адметна, што ўзнагароды для супрацоўнікаў універсітэта падрыхтавалі і шматлікія іншыя ганаровыя госці. Наогул, уся ўрачыстаць прайшла ў вельмі святочнай, натхняльнай атмасферы. Гэта, несумненна, стане стымулам для далейшых здзяйсненняў і новых стваральных спраў Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.
Ганна Сінькевіч.
Фота аўтара.