Сінькевіч, Г. Адзіны на ўсю краіну : [БДУТ] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2021. — 18 лістапада. — С. 8.
Адзіная ў краіне ўстанова вышэйшай адукацыі, дзе ажыццяўляюць падрыхтоўку поўнага спектра спецыялістаў для харчовай, перапрацоўчай і хімічнай прамысловасці. Буйны навукова-адукацыйны цэнтр. Так коратка можна ахарактарызаваць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт харчовых і хімічных тэхналогій. Установа мае багатую гісторыю, але сённяшнюю назву і статус нацыянальнай ВНУ ўніверсітэт атрымаў толькі сёлета. Змены станоўчыя. Але якім чынам яны паўплывалі на перспектывы для студэнтаў і будучых абітурыентаў?
—Універсітэт унікальны па сваёй спецыялізацыі. Заяўкі на размеркаванне выпускнікоў паступаюць да нас з усёй краіны. Практычна няма харчовага ці хімічнага прадпрыемства, дзе б ні працавалі нашы выпускнікі. Многія з іх сталі кіраўнікамі адпаведных прадпрыемстваў, арганізацый, галіны ў цэлым. Недахопу ў абітурыентах у нас ніколі не было. Але сёлета падчас уступнай кампаніі мы сутыкнуліся з пэўнымі цяжкасцямі. Зараз гэтыя праблемы прааналізавалі і вядзём работу па іх вырашэнні. Мы працягваем рэбрэндынг наяўных спецыяльнасцей, прапрацоўваем магчымасці адкрыцця новых. Акрамя таго, істотна перагледзелі падыходы да арганізацыі прафарыентацыйнай работы з абітурыентамі, — расказала начальнік аддзела даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Алена Андрэйчыкава.
Па яе словах, пандэмія ўнесла карэктывы ў арганізацыю прафарыентацыі, але ва ўніверсітэце знайшлі замену традыцыйным формам работы з моладдзю.
— Мы адмовіліся ад масавага правядзення дзён адкрытых дзвярэй. Гэтая форма работы па-ранейшаму выкарыстоўваецца, але інакш. У асноўным — дыстанцыйна, у рэжыме анлайн. Зрэшты, вочныя сустрэчы са старшакласнікамі ўсё роўна праводзяцца, толькі цяпер у іншым фармаце. У гэтым навучальным годзе мы прапанавалі будучым выпускнікам прыехаць ва ўніверсітэт і на працягу аднаго дня пабыць у ролі нашых студэнтаў. Цяпер школьнікі прыходзяць да нас малымі групамі. Акрамя экскурсій, агульнага знаёмства з універсітэтам, на кафедрах для іх праводзяцца разнастайныя інтэрактыўныя мерапрыемствы. Прычым маладыя людзі могуць адразу выбраць той кірунак ці тэму, якая цікавая канкрэтна ім. І што важна — азнаёміцца з асаблівасцямі будучай прафесіі не праз афіцыйную інфармацыю, а актыўна, цікава, захапляюча, — паведаміла Алена Мікалаеўна.
Пандэмія ўнесла карэктывы ў арганізацыю прафарыентацыі, але ва ўніверсітэце знайшлі замену традыцыйным формам работы з моладдзю.
Прафарыентацыя ва ўніверсітэце стала больш рознабаковай. Акрамя супрацоўніцтва з установамі агульнай сярэдняй адукацыі, узаемадзеяння з заказчыкамі кадраў, планамерная работа вядзецца і з бацькамі. Выкладчыкі праводзяць падобныя сустрэчы падчас дзён універсітэта на прадпрыемствах і ў арганізацыях.
Ва ўніверсітэце рэгулярна праводзяць рэбрэндынг наяўных спецыяльнасцей, уводзяць новыя ў адпаведнасці са зменамі на рынку працы. Так, надоечы была істотна абноўлена спецыяльнасць “Хімічная тэхналогія арганічных рэчываў, матэрыялаў і вырабаў”.
— Падрыхтоўка кадраў па гэтай спецыяльнасці вядзецца амаль з пачатку існавання нашага ўніверсітэта. Прафесія як раней, так і зараз вельмі запатрабаваная. Але час не стаіць на месцы, таму было вырашана мадэрнізаваць спецыяльнасць, даць маладым людзям больш шырокія магчымасці ў выбары прафесійнага шляху, — расказаў загадчык кафедры хімічнай тэхналогіі высокамалекулярных злучэнняў Леанід Шчарбіна.
Цяпер у працэсе навучання студэнты дасканала асвойваюць усе працэсы стварэння і перапрацоўкі сучасных палімерных, плёначных, валакністых, кампазіцыйных нана- і іншых матэрыялаў, а таксама вывучаюць магчымасці іх прымянення ў разнастайных сферах. Выкладанне спецыяльных дысцыплін арганізуецца на філіялах кафедры на базе вядомых магілёўскіх прадпрыемстваў “Магатэкс” і “Хімвалакно”.
— Гэта дазваляе вывучаць спецдысцыпліны на наглядных прыкладах і адразу адпрацоўваць атрыманыя веды на практыцы. Таксама нашы студэнты маюць магчымасць павучыцца за мяжой па абмене ў рамках супрацоўніцтва з еўрапейскімі ўніверсітэтамі. Па выніках навучання будзе прысвойвацца кваліфікацыя “інжынер-хімік-тэхнолаг”. Па сутнасці малады чалавек набывае адразу тры прафесіі і можа працаваць на прадпрыемствах нафтаперапрацоўчага комплексу і лёгкай прамысловасці, у лабараторыях дзяржаўных інспекцый і экспертыз, у даследчых, праектных і іншых арганізацыях. Акрамя гэтага, выпускнікі могуць паспрабаваць сябе ў якасці выкладчыка ці навукоўца, — адзначыў Леанід Аляксандравіч.
Таксама нядаўна была абноўлена спецыяльнасць “Машыны і апараты харчовых вытворчасцей”.
— Названая спецыяльнасць уключае ў сябе некалькі спецыялізацый. Два гады назад па запыце работадаўцаў іх пералік папоўніўся новай спецыялізацыяй “тэхналагічнае і цеплаэнергетычнае абсталяванне харчовых вытворчасцей”. Такі крок адкрыў для студэнтаў шэраг пераваг. Галоўная з іх — істотна пашырылася сфера будучай прафесійнай дзейнасці. Зараз выпускнікі гэтага профілю могуць працаваць механікамі, майстрамі па рамонце тэхналагічнага абсталявання, інжынерамі па наладцы і выпрабаваннях, інжынерамі-канструктарамі, выкладчыкамі спецдысцыплін у профільных каледжах, інжынерамі-энергетыкамі, а таксама займаць кіруючыя пасады на прадпрыемствах, — падкрэсліў загадчык кафедры машын і апаратаў харчовай вытворчасці І.М.Кірык.
Абнаўленне апошнім часам закранула і спецыяльнасці “Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей” і “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”. А ўсяго ўніверсітэт ажыццяўляе падрыхтоўку па 20 спецыяльнасцях і спецыялізацыях. У будучым годзе гэты пералік будзе павялічаны.
На эканамічным факультэце плануюць адкрыць новую спецыяльнасць “Тэхналогія індустрыі гасціннасці” па напрамку “Рэстаранная дзейнасць”. Такая спецыялізацыя выбрана невыпадкова: ва ўніверсітэце назапашаны эфектыўны вопыт у гэтай справе. Студэнты БДУТ пастаянна дэманструюць высокія вынікі на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах прафесійнага майстэрства, у тым ліку і на Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Belarus.
У педагагічнага калектыву яшчэ шмат задум і планаў наконт будучага развіцця ўніверсітэта. Усе яны скіраваны на тое, каб зрабіць прафесійную падрыхтоўку студэнтаў яшчэ больш якаснай.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.