Зігуля, Н. Беларусы дэманструюць свае самыя лепшыя якасці ўсяму свету : [І. Сергеенка наведал «Дажынкі–2021» у Магілёве] / Нэлі Зігуля // Звязда. — 2021. — 20 лістапада. — С. 2.
Пра гэта заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергеенка падчас наведвання Магілёўскай вобласці
Ігар СЕРГЕЕНКА ўзяў удзел у фестывалі-кірамашы «Дажынкі-2021», які ў пятніцу-суботу праводзіцца ў Магілёве. Разам з намеснікам прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандрам Субоціным, міністрамі, старшынёй аблвыканкама Леанідам Зайцам, іншымі прадстаўнікамі выканаўчай улады, парламента ён агледзеў хлебасольныя падворкі ад кожнага раёна, азнаёміўся з выстаўкай дасягненняў навучальных устаноў, прадпрыемстваў перапрацоўчай галіны. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта ўзнагародзіў перадавікоў сёлетняй уборачнай.
У размове з журналістамі Ігар Сергеенка адказаў на надзённыя пытанні, якія хвалююць жыхароў краіны. Адно з галоўных — падзеі на беларуска-польскай граніцы. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў, што Беларусь дапамагае людзям, якія трапілі ў бяду. Забяспечвае харчаваннем, усім неабходным, аказвае медыцынскую дапамогу.
— Сітуацыя на граніцы няпростая, але яна знаходзіцца пад поўным кантролем кіраўніцтва краіны, — адзначыў ён. — Прадстаўнікі калектыўнага Захаду спрабуюць нас абвінаваціць у арганізацыі міграцыйнага крызісу. Але гэта не так. Сёння сродкі масавай інфармацыі цытавалі словы дзяржсакратара ААН наконт таго, што Беларусь не з’яўляецца першапрычынай сітуацыі, якая склалася на граніцы. Людзі бягуць ад вайны, да лепшага, беспраблемнага, на іх погляд, жыцця, туды, куды іх паклікалі.
Ігар Сергеенка звярнуў увагу, што Беларусь сёння працуе таксама па ўрэгуляванні праблемы з бежанцамі, спрабуе даводзіць інфармацыю на ўсіх міжнародных пляцоўках.
— На жаль, пакуль вынікаў няма, — канстатаваў выступоўца. — Прадстаўнікі ўзброеных сіл Польшчы вядуць сябе агрэсіўна ў адносінах да мірных людзей, прымяняюць сілу, слёзатачывы газ, вадамёты. Не сумняваюся, што шляхі вырашэння гэтай праблемы будуць знойдзены, але цяжка сказаць, калі. Праблема з бежанцамі нарадзілася не ўчора, таму наш доўг — дапамагаць тым, хто трапіў у бяду. І беларусы праявілі ў гэтай сітуацыі свае найлепшыя чалавечыя якасці.
Ігар Сергеенка таксама адказаў на пытанні, якія датычацца работы над Канстытуцыяй. Месяц таму ён узначаліў групу, што была створана па распараджэнні Прэзідэнта.
— Асноўныя нашы задачы — сфарміраваць канчатковую канфігурацыю праекта Канстытуцыі, — сказаў ён. — За гэты перыяд было праведзена шэсць пасяджэнняў працоўнай групы, адбылося некалькі сустрэч з Прэзідэнтам, дзе абмяркоўваліся канкрэтныя падыходы па канкрэтных артыкулах Асноўнага Закона. На сёння мы сфарміравалі адзіны падыход, адпрацавалі фармулёўкі.
Змяненні прапаноўваюцца ў 77 артыкулаў Канстытуцыі, у прэамбуле плануецца ўвесці дадатковую главу, якая будзе даваць характарыстыку паўнамоцтваў Усебеларускага народнага сходу. Акрамя гэтага, будуць уводзіцца 10 новых артыкулаў Канстытуцыі. Два артыкулы прапаноўваецца выключыць.
— Калі казаць тэзісна, самыя сур’ёзныя змяненні — гэта паўнамоцтвы, статус, парадак фарміравання Усебеларускага народнага сходу, — заявіў Ігар Сергеенка. — Гэта найвышэйшы прадстаўнічы орган народаўладства, своеасаблівае народнае веча. Рашэнні Усебеларускага народнага сходу будуць абавязковыя для выканання.
У яго, напрыклад, будзе права прымаць рашэнні па пытаннях, якія супярэчаць інтарэсам нацыянальнай бяспекі.
Напярэдадні свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, якое краіна адзначае ў трэцюю нядзелю лістапада, Ігар Сергеенка павіншаваў прадстаўнікоў галіны, падзякаваў ім за працу, пажадаў здароўя і бадзёрасці.
— Свята адзначаюць 325 тысяч чалавек, якія працуюць у гэтай галіне, і ў цэлым уся краіна, — падсумаваў ён. — Наш аграпрамысловы комплекс на працягу апошніх гадоў дэманструе поспехі, забяспечвае харчовую бяспеку краіны і пастаўляе тавар на экспарт. Па ўзроўні харчовай бяспекі летась Беларусь займала 23-е месца сярод 113 краін. Вынікі гэтага года яшчэ не падведзеныя. Наша краі на ўваходзіць у пяцёрку сусветных вытворцаў малочнай прадукцыі, займае 9-е месца па вытворчасці ялавічыны, 12-е — па вытворчасці кураціны. Гэта рэальныя дасягненні, калі параўноўваць лічбы сённяшнія з тымі, якімі яны былі ў 90-я гады. Нам яшчэ шмат над чым трэба працаваць. Сёння ў сельскую гаспадарку прыходзяць высокія тэхналогіі, высокавытворчая тэхніка, але галоўнае месца па-ранейшаму займае працаўнік.
Нэлі ЗІГУЛЯ