Дзяўчынка з вакальнай планеты : [юная спявачка Арына Пехцерава] / матэрыялы Вольгі Антоненкавай // Настаўніцкая газета. — 2021. — 4 снежня. — С. 11.
Год назад на дзіцячым конкурсе песні “Еўрабачанне-2020” юная магіляўчанка Арына Пехцерава ўвайшла ў пяцёрку лепшых і тым самым ажыццявіла сваю запаветную мару. Зараз юнай спявачцы ўсяго толькі 13 гадоў, але яе творчай біяграфіі ўжо могуць пазайздросціць многія дарослыя артысты.
Дзяўчынка мае каля 30 гран-пры рэспубліканскіх і міжнародных вакальных конкурсаў і фестываляў, а дыпломаў І і ІІ ступені так шмат, што яна іх нават падлічыць не можа. Акрамя таго, Арына — удзельніца прэстыжнага расійскага тэлепраекта “Голас. Дзеці” і паўфіналу “Новай хвалі”, уладальніца сярэбранага медальёна Сусветнай асацыяцыі фестываляў WAF і тройчы стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Арына Пехцерава пачала спяваць у 6 гадоў, калі прыйшла ў 1 клас Магілёўскай гарадской гімназіі № 1 і трапіла на заняткі да педагога па вакале настаўніцы харавых дысцыплін Таццяны Галіноўскай. “На першы конкурс мы адправіліся літаральна праз пару месяцаў. Увогуле конкурсы — вельмі важная частка майго творчага шляху. Калі ты выступаеш, то становішся больш упэўненым, глядзіш, як рэагуюць журы і глядач на тваю музыку, вучышся ў іншых канкурсантаў — атрымліваеш вопыт, які ў далейшым дапамагае не хвалявацца, — сказала дзяўчынка. — Я была на многіх вялікіх праектах, але “Еўрабачанне”, што я штурмавала тройчы, было для мяне галоўнай мэтай, да якой я ўпарта ішла. Прадстаўляць сваю краіну на ім — гонар і шчасце!”
Міжнароднае журы Арына пакарыла сваім неверагодным вакалам, яркім тэмбрам, шырокім дыяпазонам, а таксама эмацыянальнасцю і харызмай. Нягледзячы на юны ўзрост, сваім голасам яна можа па-майстэрску перадаць глыбіню зместу любой песні. Нагадаем: на “Еўрабачанні” Арына выканала песню “Прышэльцы”. Яна была напісана ў разгар пандэміі і звяртае ўвагу людзей на тое, што мы толькі “прышэльцы” на планеце, якую нам неабходна захаваць для будучых пакаленняў.
Зараз юная спявачка рыхтуецца да адбору на ХХ Міжнародны дзіцячы музычны конкурс “Віцебск-2022”. “Славянскі базар” — гэта не проста знакаміты конкурс, а важная творчая прыступка, якая мне яшчэ не пакарылася, — з усмешкай сказала А.Пехцерава. — У адборы я прадстаўлю новую аўтарскую песню, у якой людзі ўбачаць мяне з іншага боку”.
Арына Пехцерава:
“Мой дэвіз, з якім я крочу па жыцці: “Не старайся быць лепшым за кагосьці, а станавіся лепшым, чым ты быў учора”.
Увогуле ў рэпертуары Арыны песні на сямі мовах: англійскай, французскай, іспанскай, італьянскай, украінскай і, канечне, рускай і беларускай. “Я спяваю ў народным, эстрадным, джазавым стылях. Гэта вялізны плюс, калі можаш спяваць па-рознаму, — дадала дзяўчынка. — Дарэчы, у сацсетках пра мяне напісана: “Спяваючая беларусачка, дзяўчынка-ўраган, якая прайшла шлях ад другаклашкі, што ўзарвала YouTube, да Junior Eurovision. З YouTube была такая гісторыя: у кастрычніку 2015 года з мамай і сястрой мы пайшлі на канцэрт Наргіз Закіравай. Яна папрасіла залу выканаць яе хіт “Нежность”, запрасіўшы на сцэну некалькі дзяцей, я была ў іх ліку. А пасля дала мне мікрафон, і я праспявала гэтую песню не горш за яе”.
На пытанне, што ж дапамагае юнай спявачцы пакараць усё новыя і новыя творчыя вяршыні, яна адказала: “Канечне, моцны голас, харызма, цікавы рэпертуар, а яшчэ працавітасць. Трэба вельмі шмат працаваць, у мяне практычна кожны дзень рэпетыцыі. А яшчэ неабходна знайсці сябе, паставіць мэту і ісці да яе, любячы тое, што ты робіш”.
Сёння А.Пехцерава працягвае займацца ў вакальнай студыі прадзюсарскага цэнтра “Анёлы дабра” пад кіраўніцтвам Т.Галіноўскай. Таццяна Мікалаеўна — вялікі прафесіянал, які працуе з дзецьмі амаль 16 гадоў. Нядзіўна, што яе выхаванцы прывозяць узнагароды з розных краін свету, тэлепраектаў і шоу. Шматлікімі дыпломамі, статуэткамі, медалямі педагог вельмі ганарыцца і адзначае, што ўсё гэта — пацвярджэнне таленту і вялізнай працавітасці яе вучняў, сярод якіх — бронзавы прызёр дзіцячага “Еўрабачання- 2011” Ліда Заблоцкая, уладальніца гран-пры XV Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск-2017” Марыя Магільная, а таксама чацвёра ўдзельнікаў праекта “Голас. Дзеці”. Усе вучні Т.Галіноўскай адметныя, бо яны не капіруюць свайго настаўніка, а шукаюць сябе і сваю манеру выканання. “Ноткі акадэмічнага вакалу я перанесла ў эстрадны, атрымаўся добры сінтэз, які і даў свой плён. Так, Арына — універсальная спявачка, якая выконвае ўсё: ад класікі да рока”, — дадала яна.
Сакрэт поспеху выхаванцаў Таццяны Мікалаеўны заключаецца ў трыядзе: зацікаўленыя бацькі, працавіты вучань і добры педагог. “Мая абавязковая ўмова: бацькі павінны наведваць нашы вакальныя ўрокі. Такім чынам мы з усіх трох бакоў робім адну справу. Мая правая рука — наш харэограф і ідэйны натхняльнік Алеся Уладзіміраўна Ткачонак, якая дапамагае ў падрыхтоўцы юных артыстаў, — патлумачыла педагог. — Важна працаваць у камандзе з людзьмі, адданымі адной справе. Разам з кампазітарам Даніілам Забелам, аўтарам песні для “Еўрабачання” “Прышэльцы”, і гукарэжысёрам Дзянісам Манёнкам мы пішам музыку, не баючыся спрабаваць нешта новае”.
Наперадзе як у Арыны Пехцеравай, так і ў яе паплечнікаў па вакальнай студыі — новыя праекты, конкурсы і, безумоўна, новыя перамогі, бо інакш і быць не можа, калі побач з імі такі таленавіты, энергічны і апантаны педагог, як Т.Галіноўская. Дарэчы, сярод найбліжэйшых планаў “Анёлаў дабра” — канцэрт 21 снежня, што адбудзецца пад акампанемент інструментальнага ансамбля. Застаецца пажадаць удалага выступлення нашым сённяшнім героям!
Вольга АНТОНЕНКАВА.