Event-­менеджмент у дзеянні

Алісеева, Н. Event-менеджмент у дзеянні : [Магілёўская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў] / Наталля Алісеева // Настаўніцкая газета. — 2021. — 11 снежня. — С. 10.

У сучасных умовах актуальнай функцыяй грамадства застаецца фарміраванне і выхаванне творча актыўнай асобы, якая валодае здольнасцю эфектыўна і нестандартна вырашаць праблемы. Для таго каб сістэма адукацыі ў цэлым і педагогі ў прыватнасці маглі паспяхова рэалізоўваць адукацыйныя і выхаваўчыя праграмы, неабходна трансфармавацца, шукаць і ўкараняць новыя тэхналогіі. 

З мэтай трансляцыі назапашанага вопыту інавацыйнай дзейнасці ў Магілёўскай вобласці з 1 верасня 2020 года на базе ўстаноў агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі арганізавана работа рэсурсных інавацыйных цэнтраў. Сёння іх каля 20.

Магілёўская дзяржаўная гімназія-каледж мастацтваў імя Яўгена Глебава з 2011 года знахо­дзіцца ў рэжыме бесперапыннай эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці. За гэты час педагагічны калектыў паспяхова рэалізаваў эксперыментальны (2011—2016) і два інавацыйныя праекты (2016—2018 і 2018—2020). Тэмы праектаў звязаны з развіццём і творчай самарэалізацыяй навучэнцаў, што адпавядае спецыфіцы самой установы віду “гімназія-каледж мастацтваў”, дзе побач з агульнаадукацыйнымі вывучаюцца вучэбныя прадметы ў галіне мастацтва. Натуральным працягам інавацыйнай дзейнасці гімназіі-каледжа стала арганізацыя ў 2020/2021 навучальным годзе работы рэсурснага цэнтра па тэме “Укараненне тэхналогій event-менеджменту ў сацыяльна-культурную дзейнасць устаноў адукацыі”.

Рэсурсны цэнтр аказвае навукова-метадычную практычную дапамогу ў арганізацыі і правя­дзенні розных event-мерапрыемстваў сацыяльна-культурнай накіраванасці: канцэртаў, фестываляў, конкурсаў, дабрачынных акцый і г.д. Арганізавана работа інфармацыйна-кансультацыйнага цэнтра, дзе па запыце педагагічныя работнікі могуць атрымаць любую інфармацыю па тэматыцы работы цэнтра. Рэгулярна праводзяцца тэматычныя пасяджэнні школы event-мене­джара, на якіх педагогі гімназіі-каледжа дзеляцца з калегамі практычным вопытам арганізацыі і правядзення event-мерапрыемстваў.

Еvent-менеджмент — поўны комплекс мерапрыемстваў па стварэнні масавых свят як вялікіх падзей. Задача падзейнага менеджменту заключаецца ў тым, каб зрабіць з мерапрыемства сапраўдную падзею, якая валодае такімі характарыстыкамі, як выключнасць, арыгінальнасць і значнасць.

Самаразвіццё навучэнцаў немагчыма без іх асабістай актыўнасці, зацікаўленасці ў стварэнні якаснага прадукту ў любой сферы дзейнасці. Для гэтага ў работу рэсурснага цэнтра актыўна ўключаны навучэнцы гімназіі-кале­джа. Значным творчым вынікам першага года работы стаў адукацыйны праект “PROмузыку”, які ўяўляе сабой серыю праграм, прысвечаных юным таленавітым навучэнцам гімназіі-каледжа і музычным інструментам. Дзеці самі пішуць сцэнарый, зды­маюць, манціруюць, бя­руць інтэрв’ю ва ўдзельнікаў перадачы, рэдагуюць музыку і тэкст. За год работы створана 5 выпускаў — “Фартэпіяна”, “Скрыпка”, “Габой”, “Гітара”, “Акардэон”, якія размешчаны на YouTube-канале гімназіі-каледжа. У гэтым навучальным годзе работа над праек­там працягнута: нягледзячы на тое, што асноўны калектыў стваральнікаў складаўся з выпускнікоў, іх справу з цікавасцю падхапілі першакурснікі.

Дзякуючы назапашанаму вопыту прымянення тэхналогій еvent-менеджменту ў гімназіі-каледжы і творчаму патэнцыялу педагагічнага калектыву створана ўнікальная сацыякультурная прастора, дзе кожны навучэнец можа рэалізоў­ваць свае здольнасці. За апошнія гады ў гімназіі-каледжы ўжо сталі традыцыйнымі мерапрыемствы рознай накіраванасці, якія па сваёй значнасці выйшлі за межы навучальнай установы і актыўна асвятляюцца ў гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх СМІ. Гэта дабрачынная акцыя “Музыка дабра”, музычна-літаратурны вечар “Японія — музычнае адлюстраванне ў Беларусі”, міжнародны конкурс выканаўцаў на баяне і акардэоне “Магілёўскія найгрышы”, навагоднія мюзіклы і інш.

Тры апошнія гады гімназія-каледж мастацтваў сумесна з Магілёўскім абласным аддзяленнем Беларускага дзіцячага фонду праводзіць дабрачынную акцыю “Музыка дабра”. У рамках акцыі юныя музыканты — лаўрэаты міжнародных конкурсаў — даюць дабрачынныя канцэрты ў Цэнтральным універмагу горада Магілёва. Сабраныя сродкі накіроўваюцца на аказанне адраснай дапамогі дзецям, якія маюць патрэбу ў лячэнні і рэабілітацыі. Завяршальным пунктам акцыі з’яўляецца штогадовы калядны дабрачынны канцэрт “Гімназія-каледж збірае сяброў”.

Дзякуючы назапашанаму вопыту прымянення тэхналогій еvent-менеджменту ў гімназіі-каледжы і творчаму патэнцыялу педагагічнага калектыву створана ўнікальная сацыякультурная прастора, дзе кожны навучэнец можа рэалізоўваць свае здольнасці.

У рамках супрацоўніцтва з Пасольствам Японіі ў Рэспубліцы Беларусь гімназія-каледж з 2018 года прымае ўдзел у фестывалі “Японская восень у Беларусі”. Традыцыйным стаў музычна-літаратурны вечар “Японія — музычнае адлюстраванне ў Беларусі”, на якім навучэнцы і педагогі выконваюць музыку японскіх і славянскіх кампазітараў, прадстаўляюць японскую паэзію, жывапіс і графіку. На кожным мерапрыемстве прысутнічаў пасол Японіі ў Рэспубліцы Беларусь Такунага Хірокі. Яркай падзеяй на адным з такіх канцэртаў стала сумеснае выкананне японскім майстрам ігры на флейце сякухаці Кацурай Крэасьён і зводным аркестрам гімназіі-каледжа твора японскага аўтара, спецыяльна напісанага для гэтага мерапрыемства, а таксама правядзенне майстар-класа па ігры на сякухаці. Прамая трансляцыя канцэрта і майстар-класа вялася каналам СБ “Беларусь сегодня”.

У сакавіку ў рамках фестывалю “Дні Магілёўскага баяна і акардэона” гімназіяй-каледжам трэці раз быў арганізаваны і праведзены Міжнародны конкурс выканаўцаў на баяне і акардэоне “Магілёўскія найгрышы”. Прахо­дзіў ён у двух фарматах — вочна і дыстанцыйна ў трох намінацыях: “Салісты”, “Ансамблі”, “Аркестры”. Вочнае выкананне трансліравалася ў рэжыме рэальнага часу на YouTube-канале гімназіі-кале­джа. У гэтым годзе ўдзел у конкурсе прынялі каля 300 выканаўцаў з Беларусі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Балгарыі, Украіны.

Традыцыйнымі ў нас сталі навагоднія мюзіклы. Навучэнцы гімназіі-каледжа, іх бацькі, а таксама больш за 6 тысяч юных магіляўчан са школ горада ўбачылі музычныя паказы “На балі ў Золушкі”, “Снежная каралева”, “12 месяцаў”.

У кожнай канкрэтнай установе адукацыі event-мерапрыемствы могуць быць рознымі ў залежнасці ад пастаўленых мэт і задач, наяўных кадравых, тэхнічных, матэрыяльных і іншых умоў. Варта разумець, што event-мерапрыемстваў не можа быць шмат, паколькі кожнае патрабуе некалькіх месяцаў падрыхтоўкі і бездакорнай рэалізацыі — толькі тады яно будзе падзейным і незабыўным. Прымаючы непасрэдны ўдзел у стварэнні любога творчага прадукту, навучэнцы набываюць неацэнны практычны вопыт, а таксама навыкі аператыўнага вырашэння нестандартных творчых задач, ініцыятыву ў прыняцці рашэнняў, патрэбу ў пастаяным навучанні новым тэхналогіям, здольнасць фарміраваць і накіроўваць дзейнасць творчых каманд, уменне прадукцыйна і эфектыўна вырашаць праблемы, што ўзнікаюць.

Наталля АЛІСЕЕВА, 
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце спецыяльнага цыкла Магілёўскай дзяржаўнай гімназіі-каледжа мастацтваў імя Яўгена Глебава.