Я — заўзятая патрыётка…

Музычэнка, К. «Я — заўзятая патрыётка…» : [гутарка за начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама К. Музычэнкай] / Кацярына Музычэнка ; гутарыла Нэлі Зігуля // Звязда. — 2021. — 23 снежня. — С. 8. 

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Кацярына Музычэнка — жанчына валявая і прынцыповая. Сам лёс распарадзіўся так, каб яна стала галоўным ідэолагам вобласці. Але нават калі б яна працавала не ў дзяржапараце, а ў любым іншым месцы, усё роўна была б лідарам. Бо ў сваёй рабоце заўсёды прытрымліваецца цвёрдай грамадзянскай пазіцыі і валодае абвостраным пачуццём справядлівасці. Кажа, што самае горшае для чалавека — здрадзіць свайму народу і Айчыне. Асабіста яна гатова зрабіць усё для таго, каб дзяржава заставалася ў моцных і надзейных руках. У размове з карэспандэнтам «Звязды» Кацярына Музычэнка падзялілася прыватнымі эпізодамі са свайго жыцця і расказала, пра што марыць.


Сельскай працы не баюся, але ідэалогія — гэта маё

Кацярына Музычэнка ў органах дзяржаўнай улады працуе амаль чвэрць стагоддзя. Прызнаецца, што ўжо нават і не ўяўляе сябе на іншым месцы. Мала хто ведае, што быў перыяд, калі галоўны ідэолаг вобласці прымярала на сябе будучыню вучонага-агранома. Менавіта такая спецыяльнасць стаіць у яе дыпломе аб заканчэнні Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках.

— Гэта быў апошні выпуск з такой спецыяльнасцю на аддзяленні «Аграхімія і глебазнаўства», — успамінае яна. — У акадэмію паступіла пасля Дрыбінскай сярэдняй школы, якую скончыла з медалём. Меркавалася, што працаваць буду ў сельскай гаспадарцы. Але туды так і не трапіла. Хаця сельскай працы не баюся. У свой час даіла дзве каровы — бацькоў і сваёй свекрыві.

— Напэўна, бацькі працавалі ў сельскай гаспадарцы?

— Мае бацькі — сельская інтэлігенцыя, абодва медыкі. Маці родам з Екацерынбурга, а тата з вёскі Трылесіна Дрыбінскага раёна (тады ён быў Горацкі). Бацька скончыў Першы Ленінградскі медыцынскі інстытут імя Паўлава і быў накіраваны на Урал на Белаярскую атамную станцыю, дзе і сустрэў маю маці. Там яны ажаніліся і нарадзілі маіх брата і сястру. Яна пачала хварэць, і бацькам параілі змяніць клімат. Яны вырашылі ехаць у Дрыбін. Тата 18 гадоў быў галоўным урачом раённай бальніцы. Тут я і нарадзілася. Дарэчы, тата асабіста прымаў роды. Наогул ён прысутнічаў пры нараджэнні ўсіх сваіх дзяцей. Вельмі трапятліва адносіўся да нас.

Мой брат старэйшы за мяне на 20 гадоў, сястра — на 10. Я нарадзілася, калі бацькі былі ў дастаткова сталым узросце. Яны вельмі любілі адзін аднаго. Маці няма ўжо дзесяць гадоў, бацькі — тры. На жаль, нядаўна пайшоў з жыцця старэйшы брат. Засталіся мы з сястрой.

— А як вы трапілі на работу ў дзяржапарат?

— Так зоркі сышліся. Дрыбінскі раён унікальны тым, што ствараўся тройчы. Трэці раз — у канцы 80-х. На той момант у райвыканкам быў патрэбны вядучы спецыяліст жыллёва-камунальнага аддзела. Мне, як пачаткоўцу, прысвоілі самы ніжэйшы клас дзяржслужачага — дванаццаты. Зараз маю ўжо другі.

За амаль 25 гадоў работы ў дзяржапараце змяніла некалькі пасад. У Дрыбінскім райвыканкаме працавала галоўным спецыялістам па рабоце з насельніцтвам, пацярпелым ад аварыі на ЧАЭС, потым — начальнікам аддзела па справах моладзі, затым узначаліла аддзел ідэалагічнай работы. За гэты перыяд паспела на год схадзіць у дэкрэтны адпачынак. Нарадзіла сына Мілана і праз год выйшла на работу. Час быў вельмі нестабільны, хацелася прыносіць карысць краіне, удзельнічаць у яе лёсе.

Я вельмі заўзятая патрыётка, змагар за справядлівасць. Таму знайшла для сына няню і з галавой паглыбілася ў работу. Наступнае прызначэнне было на пасаду намесніка старшыні Клімавіцкага раёна па сацыяльных пытаннях, там я адпрацавала пяць гадоў. Падчас работы скончыла Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце (кваліфікацыя «Кіраванне сацыяльнай сферай»). А ўжо з Клімавіч мяне накіравалі ў Магілёў начальнікам тады яшчэ галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама.

Кожны павінен вызначыцца, на чыім ён баку

— Наколькі важную ролю ў грамадстве іграе ідэалогія? Якая галоўная задача ідэолага ў рабоце з насельніцтвам?

— Я выхаваная так, што павінна дапамагаць іншым. Самая высокая адзнака — адзнака людзей. Чым ты ім дапамог, што для іх зрабіў. Ідэалогія гэта таксама дэкларуе. Лічу, што тая каманда, якую я ўзначальваю, моцная, у яе складзе выключна вопытныя людзі, за плячыма якіх шмат гадоў дзяржаўнай службы. Іншага ўжо сабе і не ўяўляем. Усе падзеі, якія адбываліся ў краіне, маральна даваліся цяжка. Ідэолагі, міліцыя, служба дзяржбяспекі праявілі сябе як адданыя радзіме і існуючай уладзе сілы. На жаль, пра ўсіх такога не скажаш. Але мы выстаялі і выстаім далей, краіну ніхто нікому не аддасць. І мы павінны разумець, што гэта атрымалася толькі дзякуючы нашаму Прэзідэнту. Калі б не яго характар і мудрасць, нас бы сцерлі з аблічча зямлі.

Не хочацца сыходзіць у палітычную тэму, шмат было сказана і напісана пра мінулы год, але як без гэтага. Магілёўская вобласць першая зрабіла вялікі мітынг у падтрымку свайго земляка. І ў Мінск паехалі з расцяжкай: «Гераічная Магілёўшчына — за бацьку-земляка». Успамінаю момант: калі мітынг скончыўся, нашы дэлегацыі ўжо раз’ехаліся, а мы, некалькі чалавек з аблвыканкама, са сваёй расцяжкай і ў адзенні з дзяржаўнай сімволікай трапілі ў самую гушчу апазіцыйна настроенага натоўпу. Насустрач ішлі людзі з бела-чырвонымі сцягамі, некаторыя ехалі нават на конях. Мы разумелі, што магло быць сутыкненне, але ніхто з нас не зняў чырвона-зялёную кепку, не згарнуў расцяжку. Пасля гэтага я пераканалася, што Магілёўская вобласць ніколі не скруціць расцяжку за бацьку-зямляка. Мы 26 гадоў жылі як за надзейнай сцяной пры нашым Прэзідэнце, не думалі пра палітыку, бо ў краіне быў дабрабыт і спакой. Нікога асабліва не цікавіла, што адбываецца ў свеце. І атрымалася, што вырасла палітычна не падрыхтаванае пакаленне.

У галаве не ўкладваецца, як гэта наша моладзь магла здрадзіць? Лічу, што тыя меры, якія прыняты па недапушчэнні знявагі існуючых сімвалаў дзяржаўнасці, правільныя. І сёння кожны павінен вызначыцца, на чыім ён баку. Мы разбіраемся, у чым прычына, якая сапраўдная пазіцыя ў чалавека, нельга ўсіх агулам пад адзін грэбень раўняць. Пра гэта кажа і наш Прэзідэнт. Работы шмат, хутка будзем абмяркоўваць праект Канстытуцыі, сустракацца з людзьмі, даваць магчымасць азнаёміцца з галоўным дакументам краіны кожнаму.

— Сёння ва ўладу прыходзяць маладыя людзі. Што трэба для таго, каб яны адчувалі адказнасць перад сваім народам?

— Работа дзяржаўная — вельмі сур’ёзная рэч. Зыходзячы са свайго 25-гадовага стажу, хачу адзначыць, што вельмі правільна не адразу назначаць на вялікія пасады і месцы, а даць магчымасць паступова прайсці ўсё прыступкі. Тады будзеш добра ведаць, чым жывуць людзі і чаго яны чакаюць.

— Напэўна, пры такой адказнай рабоце, як ваша, мала застаецца часу на сябе і сям’ю. Дачка і сын не скардзяцца на недахоп увагі?

— Работа — стыль майго жыцця, яна сапраўды патрабуе шмат сіл, увагі і часу. Сям’я, на жаль, ад гэтага церпяць. І дзеці мне пра гэта пастаянна нагадваюць. Маўляў, не хапае ім мяне. І ёсць адчуванне, што я ім нешта недадала.

Дачка ўжо самастойная, нядаўна выйшла замуж за свайго сябра з Клімавіч, жывуць у Мінску. Ён — афіцэр атрада спецпрызначэння МНС «Зубр», а яна — музыкант. Сыну яшчэ 13 гадоў. Ён вучыцца ў сёмым класе, займаецца каратэ, захапляецца футболам, камп’ютарнымі гульнямі. Вельмі актыўны, пазітыўны і паглыблены ў ідэалогію беларускай дзяржавы. Жывучы з такой маці, па-іншаму і не магло быць. Калі рыхтуецца да інфармацыйнага часу, просіць дапамогі. Сам прыдумвае тэмы. У інтэрнэце шмат рознага, але ён навучыўся фільтраваць кантэнт. Калі яго нешта чапляе, вывучае некалькі крыніц.

У нас наогул усе ў сям’і прасякнутыя ідэалогіяй: і сын, і дачка, і сястра, і астатнія сваякі. Сястра для мяне — наогул вялікі аўтарытэт. Пасля таго, як сышлі з жыцця мае бацькі і брат, яна мне і сястра, і маці, і сяброўка. Мы не можам адна без адной, у нас вельмі трывалая сувязь.

Лепей лякарства, чым бацькоўскі дом, няма

— А з малой радзімай засталіся якія-небудзь сувязі?

— З Дрыбінскім раёнам сувязь не перарываецца, там засталася бацькоўская хата. І яна не прадаецца. Прыязджаем туды з сястрой на выхадныя, а летам саджаем агарод. Гэта наша аддушына, там нават лягчэй дыхаецца. Работа напружаная, грамадска-палітычная сітуацыя ў краіне складаная, у сям’і бываюць вострыя моманты, і лепей лякарства, чым бацькоўскі дом, няма.

Зрабілі там рамонт і вырашылі з сястрой жыць у гэтым доме на пенсіі. Там усе свае. І жыхары ветлівыя. Наогул, Магілёўскай вобласці пашчасціла з добрымі людзьмі.

— Ці застаецца пасля работы час для сябе? Чаму яго прысвячаеце?

— Вельмі люблю займацца дызайнерскімі рэчамі. Пачала рабіць вяночкі да Новага года. Вельмі падабаецца сам працэс, і лічу, што ў мяне нядрэнна атрымліваецца. Люблю, каб у доме было ўтульна і прыгожа. Акрамя гэтага, у мяне ёсць невялічкі гародзік. Сёлета на ім сабрала вялікі ўраджай таматаў. Сама праполваю, паліваю, раблю закруткі на зіму. У мяне ёсць вялікая кніга яшчэ з матулінымі рэцэптамі, дапісваю туды свае і сястры, потым перадам дачцэ.

Наогул, я вельмі творчы чалавек. Крыху іграю на піяніна, крыху малюю, спяваю, танцую — усяго пакрысе. Нас бацькі выхоўвалі ўсебакова развітымі. Наша маці грала на гітары, баяне, гармоніку, фартэпіяна, не маючы музычнай адукацыі. Мая сястра піша карціны, вельмі цікавыя. У бацькоўскім доме ў яе ёсць асабістая майстэрня.

— Шмат хто не можа ўявіць сабе адпачынак без мора, сонейка, падарожжаў. А для вас які адпачынак лепшы?

— Адпачываць люблю дома. Лепш адпачынку, чым у Беларусі, няма нідзе. У нас ўнікальныя мясціны. Зараз у школах рэалізоўваецца праект «Мая зямля — Прыдняпроўе». Ведаеце, для чаго ён? Мы дажыліся да таго, што не ведаем, хто нашы суседзі, якія ў нас ёсць помнікі, каму яны прысвечаны, у гонар каго названы вуліцы, якія ў нас прадпрыемствы, героі. Мэта праекта — вывучэнне роднага краю.

— Якія людзі з’яўляюцца для вас прыкладам для пераймання? Чаму вы ў іх вучыцеся?

— Мне заўсёды шчасціла з кіраўнікамі. Гэта мае настаўнікі. Былыя старшыні Дрыбінскага і Клімавіцкага раёнаў у перыяд маёй работы Віктар Гушча і Васілій Захарэнка, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка, першы намеснік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч, былы памочнік Прэзідэнта, галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў, былы старшыня Магілёўскага аблвыканкама, а цяпер намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Леанід Заяц. Гэта тыя людзі, у якіх я шмат чаму вучуся. Ва ўсіх іх моцная любоў да Магілёўшчыны. Усе яны вельмі інтэлігентныя, правільна выхаваныя.

А як жа без «аліўе»?

— Наперадзе навагоднія святы. Якія б падзеі ні адбываліся, наколькі б цяжкім ні было становішча, але Новы год прыходзіць. А з ім — новыя надзеі, адчуванні, змены. Як збіраецеся сустракаць Новы год і што чакаеце ад яго?

— У дзяцінстве ў нас заўсёды была традыцыя ўсёй сям’ёй ехаць у лес, выбіраць ёлку. Прывозілі, ставілі, упрыгожвалі. Дагэтуль і для мяне, і для дзяцей упрыгожыць ёлку — падзея. Звычайна робім гэта ў 20-х чыслах снежня, але сёлета паставілі загадзя. Купілі штучную вышынёй 2,5 метра, для паху паставім яловыя галінкі. Робім вяночкі, гірлянды, уключаем ілюмінацыю ва ўсім доме. Ад бацькоў засталася скрыня з навагоднімі цацкамі савецкага перыяду — шклянымі зорачкамі, зайчыкамі, гадзіннікам. Вешаем іх на самае пачэснае месца.

Нядаўна ў інтэрнэце трапіла на вочы выказванне наконт таго, што пачаўся пераднавагодні абмен шэдэўральнымі рэцэптамі салатаў, але 31 снежня мы ўсе нарэжам «Аліўе». І гэта так. Без традыцыйнага «Аліўе» адназначна справа не абыдзецца. Мандарыны, шампанскае, «Аліўе», мяса запечанае, торт — усё гэта абавязкова будзе на нашым сямейным святочным стале.

Апошнія два гады былі вельмі цяжкія для краіны. Спадзяюся, што наступны год будзе лепшы, гляджу ў яго з надзеяй. Кожны дарослы ў душы дзіця, мы ўсе верым у цуды, хаця не кожны пра гэта кажа. Спрадвеку загадваем жаданні і спадзяёмся на паспяховае шчаснае жыццё. І сваё, і родных, і краіны. Калі краіне будзе кепска, усім нам адназначна будзе дрэнна.

Нэлі ЗІГУЛЯ