Новы год у новым доме

Сінькевіч, Г. Новы год у новым доме : [новы дзіцычы дом сямейнага тыпу адкрыўся у Магілёве] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2021. — 23 снежня. — С. 3. 

Новы дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрыўся напярэдадні навагодніх свят у Магілёве.

Вялікі і добраўпарадкаваны дом стаў цудоўным падарункам да Новага года для сям’і Галіны Літвінавай і Святаслава Крываносава, дзе зараз выхоўваюцца пяцёра дзяцей. Новае жыллё вялікай сям’і ўяўляе сабой двухпавярховы катэдж, у якім створаны камфортныя ўмовы для паўнавартаснага развіцця дзяцей. У доме ёсць гасціная, прасторная кухня-сталовая, неабходная колькасць спалень і санвузлоў. На тэрыторыі вакол будынка размясціліся арэлі, дзіцячая горка, баскетбольная пляцоўка.

На будаўніцтва ўтульнага сямейнага ачага з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў было выдзелена больш за 457 тысяч рублёў. У дзень наваселля ў якасці падарункаў ад мясцовай выканаўчай улады сям’і ўручылі сертыфікаты на набыццё патрэбных у побыце рэчаў.

— Мы з мужам заўсёды марылі аб вялікай дружнай сям’і. Аднак лёс склаўся так, што ў нас толькі адна дачка. Яна вельмі хутка вырасла, стварыла сваю сям’ю, падарыла нам унукаў. Мы адчувалі, што яшчэ поўныя сіл, баць­коўскага патэнцыялу, таму заснавалі прыёмную сям’ю. Сёння яна набыла новы статус — дом сямейнага тыпу. Мы вельмі ўдзяч­ны ўсім за клопат аб дзецях, за будаўніцтва такога цудоўнага дома. Абяцаем выгадаваць у ім дастойных грамадзян нашай краіны, — паведаміла гаспадыня дома Галіна Літвінава.

Наваселле прайшло ва ўрачыстай атмасферы. Павіншаваць сям’ю Літвінавай — Крываносава прыехалі намеснік старшыні Магілёўскага гарвыканкама Ала Галушка, старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Максім Гурын і іншыя ганаровыя госці. Падчас урачыстасці было адзначана, што выхаванне сірот у сям’і з’яўляецца аптымальным, бо яно дае дзецям магчымасць расці і развівацца ў бацькоўскім клопаце і любові.

— Вельмі сімвалічна, што сённяшняя падзея праходзіць напярэдадні Новага года і Каляд — традыцыйных сямейных свят. Сямейныя каштоўнас­ці — адзін з найважнейшых прыярытэтаў для чалавека. А для дзяцей любоў родных і блізкіх — жыццёвая неабходнасць. Але здараюцца моманты, калі дзеці застаюцца без апекі бацькоў. Дзецям, якія знаходзяцца ў складанай жыццёвай сітуацыі, аказваецца ўсебаковая дапамога. Практычна ўсе яны пражываюць і выхоўваюцца ў сем’ях. Работа ў гэтым напрамку будзе прадоўжана, каб у будучыні абсалютна ўсе дзеці жылі ў сям’і. Важна, што адкрыццё чарговага дзіцячага дома сямейнага тыпу дало старт рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” ў рэгіёне. Магілёўцы заўсёды прымаюць у ёй актыўны ўдзел. Кожны ўносіць пасільны ўклад, каб адарыць дзяцей увагай і зрабіць іх шчаслівымі, — адзначыў старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Максім Гурын.

Адметна, што развіццю сямейных форм выхавання дзяцей, якія засталіся без апекі баць­коў, у Магілёўскай вобласці сапраўды ўдзя­ляецца першачарговая ўвага. Як вынік — на сённяшні дзень у сем’ях выхоўваюцца звыш 90% сірот. Зараз у рэгіёне функцыянуюць 53 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. У найбліжэйшы час у рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” яшчэ адна падобная ўстанова будзе адкрыта ў Слаўгарадскім раёне.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.