Крок у будучыню

Сінькевіч, Г. Крок у будучыню : [гімназія № 3 г. Магілёва] / Ганна Сінькевіч // Настаўніцкая газета. — 2022. — 15 сакавіка. — С. 1. 

Якім павінен быць класны кіраўнік у сучасных рэаліях? Педагогам-прафесіяналам, чулым выхавальнікам і высокамаральным чалавекам, які можа служыць прыкладам і арыенцірам для навучэнцаў. Такога меркавання прытрымліваецца настаўніца гісторыі і па сумяшчальніцтве класны кіраўнік 8 “В” класа гімназіі № 3 Магілёва Алеся Валер’еўна Лугаўцова.

— Быць класным кіраўніком няпроста. Гэта асаблівая праца, для якой вельмі важныя такія якасці, як сумленнасць, справядлівасць, прыстойнасць, бо класны адказвае не толькі за паводзіны і вучэбную паспяховасць, але і за фарміраванне асобы вучня, — лічыць А.В.Лугаўцова.

Алеся Валер’еўна імкнецца быць менавіта такой. Яна стараецца разумець духоўны свет сваіх выхаванцаў і вельмі даражыць іх даверам. Класным кіраўніцтвам настаўніца займаецца ўжо больш за адзінаццаць гадоў, і першасным для яе заўсёды было раскрыццё патэнцыялу кожнага навучэнца.

— Імкнуся да ўсіх вучняў праяўляць індывідуальны падыход. Для гэтага з самага пачатку шукаю агульную мову з класам, каб быць з дзецьмі на адной хвалі. Як гэта зрабіць? Часам варта паглядзець на свет у цэлым або на пэўную сітуацыю вачыма дзіцяці. Гэта вельмі дапамагае дасягнуць з вучнямі яднання ў поглядах. Не менш важнае ўсебаковае ўзаемадзеянне з сям’ёй, бацькамі, бо без іх удзелу дасягнуць якаснага выхавання складана, — пераканана А.В.Лугаўцова.

Алеся Валер’еўна ў літаральным сэнсе жыве радасцямі і няўдачамі свайго класа, зносіны з навучэнцамі для яе ніколі не заканчваюцца пасля званка. Яна заўсёды ў кантакце з дзецьмі, гатова падтрымаць іх парадай, аказаць дапамогу ў вырашэнні складаных пытанняў.

— Праз разнастайныя віды выхаваўчай дзейнасці стараюся прывіць навучэнцам правільныя жыццёвыя каштоўнасці і ўстойлівыя маральныя прынцыпы, стварыць неабходныя ўмовы для фарміравання іх светапогляду, навыкаў стваральнай працы, сацыялізацыі ў грамадстве. Пры гэтым выхоўваю не толькі словам, але і асабістым прыкладам, бо лічу, што настаўнік павінен быць для вучняў арыенцірам ва ўчынках і дзеяннях, — расказала А.В. Лугаўцова.

Асаблівую ўвагу ў класным кіраўніцтве Алеся Валер’еўна ўдзяляе грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню гімназістаў. На яе думку, грамадзянскасць заключаецца ў тым, што дзеці ведаюць законы сваёй краіны і існуючыя ў грамадстве правілы паводзін.

— Менавіта гэтыя веды фарміруюць грамадзянскую пазіцыю. Я стараюся данесці вучням, што кожны з іх павінен быць не проста пабочным назіральнікам, а актыўным удзельнікам працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве і дзяржаве. Што да патрыятызму, то тут пачынаю работу з асэнсавання вучнямі паняцця “малой радзімы”. Мы гаворым пра тое, што радзіма — гэта ў першую чаргу іх сям’я, дом, родны горад, установа, у якой яны вучацца. Таксама падключаю хлопцаў і дзяўчат да заняткаў даследчай і інавацыйнай дзейнасцю. Разам мы стварылі шмат цікавых работ і праектаў, прысвечаных гісторыі і традыцыям Магілёва, а таксама нашай гімназіі, — паведаміла А.В.Лугаўцова.

У класным кіраўніцтве Алеся Валер’еўна выкарыстоўвае розныя формы і метады работы. Акрамя гутарак, дыскусій, пазнавальных гульняў і інтэлектуальных спаборніцтваў, педагог рэгулярна адпраўляецца з вучнямі на экскурсіі, наведвае з імі музеі і тэатры, займаецца грамадска-карыснымі справамі. Але ключавымі формамі работы для яе ўсё ж застаюцца класная і інфармацыйная гадзіны. Да іх арганізацыі А.В.Лугаўцова імкнецца падыходзіць творча, з улікам магчымасцей дзяцей і той тэмы, якую ім трэба сумесна абмеркаваць.

— Метады падачы інфармацыі могуць быць рознымі, галоўнае — дапамагчы дзецям вынесці для сябе важныя ідэі, каштоўнасці, ідэалы, — упэўнена Алеся Валер’еўна.

Дарэчы, на адной з нядаўніх класных гадзін вучні 8 “В” падрабязна вывучалі нормы права і заканадаўства сваёй дзяржавы. А сёння іх класная гадзіна прысвечана Канстытуцыі. Гімназісты падрабязна азнаёмяцца з Асноўным законам краіны, абмяркуюць гарантыі, якія ён дае беларускім грамадзянам, паглядзяць навучальныя відэаролікі.

— Хлопцы і дзяўчаты старанна рыхтаваліся да гэтай класнай гадзіны, самастойна вывучалі тэму. Большая частка класа адносіцца да мультыпрофільнай юрыдычнай групы. Для маіх навучэнцаў паняцці “свядомасць” і “адказнасць” — не пусты гук. А сёлета гэтыя асобасныя якасці набылі для вучняў яшчэ большую актуальнасць, бо яны атрымліваюць пашпарты грамадзян Беларусі, — падкрэсліла А.В.Лугаўцова. — Для дзяцей гэта знакавая падзея ў жыцці. Навучэнцы нібыта адразу становяцца больш дарослымі, ініцыятыўнымі, пачынаюць разумець, што за імі — будучыня роднай краіны.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.

Фота аўтара.

На здымку: навучэнцы 8 “В” класа Радзівон Лемяшкоў, Яраслаў Чэрствы і Уладзіслаў Лабасенка разам са сваім класным кіраўніком Алесяй Валер’еўнай Лугаўцовай.